Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міру ня будзе. «Ваяр» адмовіўся мірыцца з праваабаронцам, які пакрыўдзіўся на «квазіамбудсмэна»


Леанід Судаленка, архіўнае фота

Леанід Судаленка, архіўнае фота

У Цэнтральным судзе Менску пачаўся разгляд па сутнасьці пазову гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі да ваеннага інфармацыйнага агенцтва Мінабароны «Ваяр», якому належыць выданьне «Белорусская военная газета. Во славу Родины», і аўтара газэты Ўладзімера Кажэўнікава.

Паводле Леаніда Судаленкі, аўтар і газэта «аблілі яго брудам» у артыкуле «Каму выгадна ганьбіць беларускае войска?», надрукаваным у сакавіку. Праваабаронца патрабуе выбачыцца і абвергнуць зьвесткі, якія пра яго распаўсюдзіла газэта, бо лічыць іх прыніжэньнем свайго гонару і годнасьці. Пазьней Леанід Судаленка дадаў яшчэ патрабаваньне кампэнсаваць маральную шкоду ў памеры 99 мільёнаў рублёў.

На папярэднім паседжаньні суду бакі ўжо абмяркоўвалі варыянт міравога пагадненьня, але не прыйшлі да згоды. Сёньня судзьдзя Марына Казлова, якая разглядае пазоў, зноў прапанавала дамовіцца пра спыненьне канфлікту на ўмовах, якія б задаволілі ўсіх.

Якія могуць быць гэтыя ўмовы? Юрыст Алег Агееў, які прадстаўляе ў судзе інтарэсы Леаніда Судаленкі, сфармуляваў ад ягонага імя два патрабаваньні. Каб «Белорусская военная газета» надрукавала артыкул Леаніда Судаленкі на тэму абароны правоў чалавека ў беларускім войску, а другое — каб там жа быў надрукаваны артыкул пра гэты працэс разам з заключэньнем экспэртаў ад Мінабароны, паводле якіх аўтар Уладзімер Кажэўнікаў аніяк ня зганьбіў праваабаронцу Судаленку сваімі выказваньнямі на ягоны адрас. Калі пра гэта дамовяцца, Леанід Судаленка гатовы цалкам зьняць свае патрабаваньні наконт выбачэньняў, абвяржэньня ганебных зьвестак і грашовай кампэнсацыі за маральную шкоду.

На думку Леаніда Судаленкі, у артыкуле Ўладзімера Кажэўнікава было на ягоны адрас шмат крыўдных выказваньняў. У прыватнасьці, аўтар ужыў азначэньне «квазіамбудсмэн», напісаў, што ён нібыта «ганьбіць» беларускую дзяржаву, накіраваўшы ў Камітэт правоў чалавека ААН 30 скаргаў, да таго ж — нібыта займаецца «антыдзяржаўнай прапагандай». Былі і больш рэзкія словы, якія праваабаронца лічыць недапушчальнымі.

На гэта прадстаўнік Уладзімера Кажэўнікава ў судзе заявіў, што ня лічыць выказваньні аўтара абразай і распаўсюдам недакладных зьвестак, а іх ужываньне патлумачыў «асаблівасьцямі публіцыстычнага стылю». Не прызнаў прэтэнзіяў праваабаронцы і Аляксей Пашкевіч, начальнік агенцтва «Ваяр» — гэтаму агенцтву належыць «Белорусская военная газета», дзе быў надрукаваны артыкул Кажэўнікава.

На прапанову судзьдзі Марыны Казловай палкоўнік Пашкевіч пачаў абмяркоўваць зь юрыстам Агеевым умовы міравога пагадненьня, аднак гэтае абмеркаваньне не было доўгім. «Невядома, якім будзе артыкул, які падрыхтуе для газэты Леанід Судаленка», — сказаў суду спадар Пашкевіч і не зьмяніў сваёй пазыцыі, нават калі яму прапанавалі, што спачатку прадставяць артыкул, а ўжо потым будзе заключацца мір.

Працэс паводле пазову гомельскага праваабаронцы працягваецца. Бок Леаніда Судаленкі будзе настойваць на тым, каб аднаго з адказчыкаў, аўтара артыкула «Каму выгадна ганьбіць беларускае войска?» Уладзімера Кажэўнікава прымусова даставілі ў суд, бо на сёньняшняе паседжаньне ён не зьявіўся, хоць быў абавязаны прыйсьці паводле рашэньня суду. Прадстаўнік Кажэўнікава тлумачыў, што той «праходзіць мэдычнае абсьледаваньне».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG