Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд за «Малітву». Шпакоўская раскрыла карты, Моўчан зьмяняе пазоў


Алег Моўчан, Наста Шпакоўская

Алег Моўчан, Наста Шпакоўская

25 сакавіка сьпявачка Наста Шпакоўская, зь якой у Вярхоўным судзе судзіцца кампазытар Алег Моўчан, назвала крыніцы, якія, як яна лічыць, могуць пацьвердзіць яе пазыцыю адносна суаўтарства песьні «Малітва» з рэпэртуару «Песьняроў». Сьпявачка сьцьвярджае, што музыка да песьні пісалася Алегам Моўчанам разам з кіраўніком «Песьняроў» Уладзімерам Мулявіным.

Наста Шпакоўская заяўляе, што пацьвердзіць гэта могуць былы «пясьняр» Валер Дайнека, былы гукарэжысэр ансамбля Аляксандар Папроцкі і Тацяна Моўчан, былая жонка кампазытара Алега Моўчана.

Акрамя таго, Наста Шпакоўская бярэцца даказаць сваю пазыцыю адносна падвойнага аўтарства песьні «Малітва» друкаванымі матэрыяламі, якія мусіць шукаць у бібліятэках ды архівах. Пакуль часу на гэта сьпявачка не знайшла, але суд паабяцаў такую магчымасьць ёй даць. Таксама Наста Шпакоўская просіць суд зьвярнуць увагу на тэкст песьні «Малітва». Арыгінальны верш Янкі Купалы, паводле сьпявачкі, быў перароблены Ўладзімерам Мулявіным, што таксама даводзіць ягоны ўдзел у стварэньні песьні. «Хачу справядлівасьці і праўды», — акрэсьліла суду свае мэты Наста Шпакоўская.

Як Алег Моўчан паставіўся да спробы адабраць у яго выключныя аўтарскія правы на «Малітву» і чым іх даводзіць?

Кампазытар працягвае настойваць, што напісаў музыку да песьні самастойна і зарэгістраваў сваё аўтарства паводле закону. Алег Моўчан пералічыў суду матэрыялы, якія гатовы прадставіць у якасьці доказаў свайго выключнага аўтарства. Гэта арыгінал нотнага зборніка, дакумэнты аб рэгістрацыі і перарэгістрацыі ягоных аўтарскіх правоў ды відэазапіс канцэрту, на якім Уладзімер Мулявін анансуе выкананьне «Песьнярамі» песьні «Малітва» і пры гэтым кажа, што аўтар кампазыцыі — Алег Моўчан. Таксама доказам свайго выключнага аўтарства Алег Моўчан называе той факт, што за 20 гадоў выкананьня песьні «Малітва» ніхто не спрабаваў аспрэчыць ягонае аўтарства, у тым ліку спадкаемцы Ўладзімера Мулявіна.

Як кампазытар паставіўся да сьпісу асобаў, якія, паводле Насты Шпакоўскай, могуць пацьвердзіць, што музыка да «Малітвы» стваралася разам з Уладзімерам Мулявіным?

«Адносна былой жонкі Тацяны. У 1994 годзе мы ўжо не жылі разам, хоць і заставаліся афіцыйна мужам і жонкай, і таму яна ня можа ведаць дакладна, як пісалася гэтая песьня. Валер Дайнека звольніўся зь „Песьняроў“ у 1992 годзе і таму пра падзеі 1994 году таксама дакладна паведаміць ня можа. Наконт сьведчаньняў Аляксандра Папроцкага, які працаваў гукарэжысэрам. Справа ў тым, што частка „песьняроў“ у 1998-м годзе сышла з калектыву, яны кінулі Ўладзімера Мулявіна аднаго і сталі „Беларускімі песьнярамі“. То бок тут мае месца канфлікт інтарэсаў», — мяркуе кампазытар.

На судзе пакуль не прагучала рашэньне адносна таго, будуць ці не выклікацца ў якасьці сьведак у суд Валер Дайнека, Тацяна Моўчан і Аляксандар Папроцкі.

Абарона кампазытара Алега Моўчана ўзяла перапынак да заўтра, 26 сакавіка, каб удакладніць свой пазоў да Насты Шпакоўскай. Пры гэтым было заяўлена, што сума пазову карэктавацца ня будзе. Тыя, хто назірае за працэсам, не выключаюць, што Алег Моўчан пашырыць сьпіс адказьнікаў па сваім пазове. Суадказьнікамі разам з Настай Шпакоўскай могуць стаць музыкі гурту NAKA, якія ўдзельнічалі ў стварэньні новай аранжыроўкі песьні «Малітва» без дазволу яе аўтара, што яны раней прызналі ў судзе, а таксама прадусар і журналіст Сяргей Будкін, які прапанаваў гурту ўдзел у канцэрце ў межах праекту «Re: Песьняры». Сёньня ў судзе Сяргей Будкін сам прасіў выставіць пазоў яму, а не сьпявачцы Насьце Шпакоўскай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG