Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы заплацяць 4,5 мільёны за здымак у інтэрнэце


Віктар Сазонаў, Раман Юргель і Уладзімір Хільмановіч падчас акцыі 12 сьнежня 2012 году

Віктар Сазонаў, Раман Юргель і Уладзімір Хільмановіч падчас акцыі 12 сьнежня 2012 году

Гарадзенскія праваабаронцы Уладзімер Хільмановіч, Віктар Сазонаў і Раман Юргель асуджаны Ленінскім судом Горадні на паўтары мільёны кожны нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце.

Сваёй віны яны не прызналі і канстатавалі, што 10 сьнежня, у Міжнародны дзень правоў, чалавека зрабілі толькі здымак з партрэтам Алеся Бяляцкага, які пазьней быў зьмешчаны на сайце «Вясны».

Гэтая адміністрацыйная справа супраць праваабаронцаў была заведзена па факту зьяўленьня ў інтэрнэце здымка на якім Хільмановіч, Сазонаў і Юргель трымаюць у руках партрэты Алеся Бяляцкага і Дэклярацыю правоў чалавека.

Галоўным аргумэнтам з боку міліцыянтаў якраз і гучала ў судзе тое, што ў руках правабаронцы трымалі партрэты Бяляцкага, маўляў, прыцягвалі ўвагу мінакоў і выказвалі нязгоду з тым, што Бяляцкага асудзілі, а дазволу з гарвыканкама на правядзеньне пікету не было.

Раман Юргель зьвяртае ўвагу на тое, што супраць іх сьведчылі аж чатыры міліцыянты, якія не прысутнічалі падчас гэтай так званай акцыі, нікога не затрымлівалі, не знайшлі ніводнага сьведкі, а толькі раздрукавалі з сайта фотаздымак і тэкст пад ім і на гэтай падставе ўгледзелі склад адміністрацыйнага правапарушэньня.

А Віктар Сазонаў дадае, што па сутнасьці іх асудзілі на падставе таго, што склалі рапарт і апыталі — ці насамрэч яны фатаграфаваліся.

Сазонаў: «На пытаньне — на падставе ўсё ж чаго нас караюць — міліцыянты адказвалі, што на падставе пратакола, фотаздымка, а нас нібыта і не існуе. На падставе нейкіх папераў, а не даказанага факту зьдзяйсьненя правапарушэньня».

Уладзімер Хільмановіч абураны прысудам, лічыць яго безпадстаўным і абсурдным.

Хільмановіч: «Выснова адна — у нас даўно няма незалежнага суда. Нават перапынку не абвяшчалі, рашэньне было падрыхтавана загадзя. Памер пакараньня неадэкватны, пакольукі складу правапарушэньня не было выяўлена і нашай віны не было даказана».

Рамана Юргеля ўразіла, як суддзя мог прыняць такое рашэньне ў той час калі не было ні складу правапарушэньня, ні сьведкаў і пратаколы яўна сфабрыкаваныя. «Фактычна за фота ў інтэрнэце склалі пратакол аб правапарушэньні».

Віктар Сазонаў на пытаньне — ці зразумеў ён завошта яго асудзілі, адказаў:

Сазонаў: «Па-праўдзе сказаўшы, я ўсё зразумеў. Мяне асудзілі за тое, што я праваабаронца, за тое, што займаюся незабароненай заканадаўствам дзейнасьцю. Мяне асудзілі за тое, што маю супрацу, сумесную дзейнасьць з Алесям Бяляцкім».

Гарадзенскія правабаронцы Віктар Сазонаў, Раман Юргель і Уладзімер Хільмановіч пасьля прысуду побач з будынкам Ленінскага суда Горадні

Гарадзенскія правабаронцы Віктар Сазонаў, Раман Юргель і Уладзімер Хільмановіч пасьля прысуду побач з будынкам Ленінскага суда Горадні

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG