Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Лябедзькам за Charlie Hebdo адменены


Суд над старшынём Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам і іншымі ўдзельнікамі акцыі салідарнасьці з журналістамі Charlie Hebdo, прызначаны на 4 лютага, адменены.

«Паводле інфармацыі, прадстаўленай Менскім гарадзкім судом, паведамляем, што матэрыялы адміністрацыйных спраў у дачыненьні да ўдзельнікаў акцыі 11 студзеня каля амбасады Францыі накіраваныя ў РУУС для ліквідацыі выяўленых недахопаў. Судовае пасяджэньне, раней прызначанае на 4 лютага 2015 году судом Цэнтральнага раёну, не адбудзецца», — паведамляецца на сайце Вярхоўнага суду.

11 студзеня актывісты разам з Анатолем Лябедзькам зладзілі ля пасольства Францыі ў Менску акцыю салідарнасьці з журналістамі францускага штотыднёвіка Charlie Hebdo. Яны вышлі да пасольства з таблічкамі Je suis Charlie. На ўдзельнікаў акцыі склалі адміністрацыйныя пратаколы за парушэньне парадку правядзеньня масавых акцыяў. 4 лютага Лябедзьку выклікалі ў суд.

На прэс-канферэнцыі Лукашэнкі 29 студзеня журналістка Бі-Бі-Сі Тацяна Мельнічук спытала пра лёс пікетоўцаў. Лукашэнка даручыў старшыні Адміністрацыі прэзыдэнта Косінцу разабрацца з сытуацыяй.

Анатоль Лябедзька пракамэнтаваў карэспандэнту Свабоды такі паварот падзеяў:

Анатоль Лябедзька, архіўнае фота

Анатоль Лябедзька, архіўнае фота

«Я хачу спадзявацца, што цяпер уведзена новая працэдура ўзаемаадносін грамадзян РБ і судоў. Што на сайце Вярхоўнага суду могуць зьмяшчаць такую інфармацыю, што справа зачыненая ці амаль зачыненая. І пра гэта шырока інфармуюць грамадзтва.

З аднаго боку, я бачу ўсю агіднасьць вось гэтай сыстэмы, бачу, што няма ні судовай сыстэмы, якая зьяўляецца проста часткай адміністрацыі Лукашэнкі, не існуе іншых незалежных інстытутаў. Усё вырашае адна асоба, адзін чалавек. І пакуль гэта ёсьць, мы можам гаварыць, што сыстэма гнілая, тупіковая і беспэрспэктыўная. Гэта мая галоўная выснова.

Што датычыць нюансаў, як там далей, і што мы будзем рабіць у гэтай сытуацыі, — мы абмяркуем і нейкія крокі зробім. Бо беспрэцэдэнтна. Я ўпершыню сутыкаюся з тым, што справа як мінімум адкладзена ці замарожана. То бок пакуль гэта цікава, і тут патрэбная і дыскусія, і мажлівасьць тлумачыць людзям, што насамрэч за сыстэма ў нас створаная. Вельмі добры такі, яскравы прыклад».

Карэспандэнт: «Магчыма, яшчэ раз з тым жа плякатам выйсьці...»

Лябедзька: «Фактычна ў мяне ёсьць матэрыялы і для другой справы. Калі мяне выклікалі позвай у Цэнтральны РУУС і азнаёмілі з матэрыяламі справы, я выйшаў і зрабіў некалькі фотаздымкаў з тым жа самым плякатам, ён якраз у мяне застаўся ў машыне. І зыходзячы зь іх папярэдняй правапрымяняльнай практыкі, яны мусілі ня толькі судзіць мяне ў сераду, а скласьці яшчэ адзін пратакол і аформіць матэрыялы яшчэ адной справы. Гэта калі быць лягічным і пасьлядоўным з таго заканадаўства, якое стварыў пад сябе Аляксандар Лукашэнка, і з той правапрымяняльнай практыкі, якая ў нас існуе».

XS
SM
MD
LG