Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Горадні адмовіў у рэгістрацыі «Руху маці 328»


Ларыса Жыгар, сябра ініцыятыўнай групы па рэгістрацыі «Руху маці 328»

Ларыса Жыгар, сябра ініцыятыўнай групы па рэгістрацыі «Руху маці 328»

Гарадзенскі абласны суд адхіліў пазоў актывістак ініцыятыўнай групы «Руху маці 328» да абласнога ўпраўленьня юстыцыі, якое адмовіла ім у рэгістрацыі.

Паводле ўпраўленьня юстыцыі, грамадзкай арганізацыі «Рух маці 328» адмоўлена ў рэгістрацыі з трох прычын. Па-першае, яе назва нібыта не адпавядае характару дзейнасьці. У статуце, акрамя сацыяльна-асьветніцкага характару дзейнасьці арганізацыі, запісаная яшчэ і дабрачынная дзейнасьць. Але, паводле прадстаўніка ўпраўленьня юстыцыі Аляксандра Губановіча, у назьве арганізацыі гэта не адлюстравана.

Сябра ініцыятыўнай групы Ларыса Жыгар заявіла ў судзе, што зьдзіўлена такім аргумэнтам, бо дабрачынная дзейнасьць не забароненая для любой арганізацыі. Яна цытавала розныя артыкулы Канстытуцыі, якім іхная дзейнасьць не супярэчыць.

Што да назвы, то «Рух маці 328» якраз абʼяднаў жанчын з розных гарадоў вобласьці, сыны якіх сядзяць за наркотыкі — паводле артыкула 328 Крымінальнага кодэксу.

Як падкрэсьлівалася ў судзе, арганізацыя зьбіраецца разам зь міліцыяй весьці асьветніцкую дзейнасьць сярод моладзі, падлеткаў, каб тлумачыць, якую шкоду нясуць наркотыкі. Галоўная мэта арганізацыі, паводле сяброў ініцыятыўнай групы, — спыніць гэтае зло ў краіне.

Судзьдзя запытаў: чаму арганізацыю не назвалі, скажам, «Маці супраць наркотыкаў», а ўключылі ў назву артыкул Крымінальнага кодэксу? Жанчыны патлумачылі, што арганізацыя з такой назвай ужо існуе, а якраз паводле 328-га артыкула асуджаны іхнія дзеці — на тэрміны ад 8 да 11 гадоў.

Аляксандар Губановіч, адмысловец Упраўленьня юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкаму

Аляксандар Губановіч, адмысловец Упраўленьня юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкаму

Прадстаўнік упраўленьня юстыцыі Губановіч патлумачыў суду, што 328-ы артыкул прадугледжвае пакараньне ня толькі за ўжываньне наркотыкаў, а яшчэ і за гандаль імі, што, маўляў, таксама выклікае пярэчаньні.

Паводле Губановіча, маніторынг у мэдыях і ў інтэрнэце выявіў публікацыі, у якіх інфармацыя пра ініцыятыўную групу не адпавядае статутным мэтам і задачам.

Ён прадставіў суду раздрукоўкі з газэт «Наша Ніва» і «Народная Воля», дзе стваральнікі «Руху маці 328» нібыта заяўляюць, што будуць дамагацца перагляду спраў асуджаных за ўжываньне наркотыкаў.

Абураныя гэтымі заявамі прадстаўніка ўпраўленьня юстыцыі, жанчыны сказалі, што нічога падобнага ў мэдыях не зьмяшчалі. Але судзьдзя далучыў матэрыялы да справы і сказаў, што суд дасьць ім належную ацэнку.

Урэшце суд прыняў да ўвагі аргумэнты прадстаўніка ўпраўленьня юстыцыі і адмовіў у скарзе сябрам ініцыятыўнай групы па рэгістрацыі «Руху маці 328».

Ларыса Жыгар сказала Свабодзе, што не разумее, як можна не рэгістраваць грамадзкую арганізацыю, якая хоча змагацца з наркаманіяй.

— Крыўдна, за ўсё крыўдна. Але мы папросту не патрэбныя, і нашы дзеці таксама нікому не патрэбныя...

Марына Капыціна, сябра ініцыятыўнай групы па рэгістрацыі «Руху маці 328»

Марына Капыціна, сябра ініцыятыўнай групы па рэгістрацыі «Руху маці 328»

Паводле Марыны Капыцінай, якая таксама прадстаўляла ініцыятыўную групу ў судзе, «моладзь нікому тут не патрэбная»:

— Бо калі б у нашай краіне па-сапраўднаму хваляваліся за нашу моладзь, то нас бы зарэгістравалі. Мы нічога супрацьзаконнага не зьбіраліся рабіць. Калі б была такая арганізацыя да таго, як нашы дзеці трапілі ў такое жудаснае становішча, то не было б сёньня столькі асуджаных па гэтым артыкуле. Тым ня менш мы будзем працягваць дамагацца рэгістрацыі нашай арганізацыі. Мы павінны спыніць гэтую бяду і абараніць нашу моладзь.

Раман Юргель, сябра БХК

Раман Юргель, сябра БХК

На судзе прысутнічаў праваабаронца Беларускага Гэльсынскага камітэту Раман Юргель. Ён пракамэнтаваў Свабодзе рашэньне суду.

— На жаль, нашы суды не кіруюцца міжнароднымі пактамі ў такіх сытуацыях. Наагул у цывілізаваных краінах існуе заяўны прынцып рэгістрацыі арганізацыяў, чаго ў нас няма. Вядома, прычыны, дзеля якіх арганізацыю не зарэгістравалі, нават для нашага заканадаўства несурʼёзныя. Але галаўная боль для міліцыі і тых калёніяў, дзе адбываюць пакараньне дзеці гэтых маці, ужо зьнятая. Ужо ня будзе грамадзкая арганізацыя дамагацца ад іх выкананьня законаў, ня будзе закідваць пісьмамі і скаргамі, на якія трэба рэагаваць.

Свабода зьвярнулася да прадстаўніка Гарадзенскага абласнога ўпраўленьня юстыцыі Аляксандра Губановіча з пытаньнем — чаму ўлада ў падобных выпадках не спрыяе грамадзянам Беларусі, якія хочуць зарэгістраваць грамадзкую арганізацыю?

— Упраўленьне юстыцыі не павінна ні дапамагаць, ні тым больш перашкаджаць. Мы павінны быць рэгіструючым органам і не залежаць ад іншых прычынаў. Таму мы імкнёмся адысьці ад нейкай зацікаўленасьці і займаць нэўтральны бок.

XS
SM
MD
LG