Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд па справе зьбіцьця і гібелі гея Міхаіла Пішчэўскага адновіцца 7 ліпеня


Міхаіл Пішчэўскі, фота Gazetaby.com
Міхаіл Пішчэўскі, фота Gazetaby.com

7 ліпеня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску адновіцца працэс па крымінальнай справе, зьвязанай са зьбіцьцём і гібельлю Міхаіла Пішчэўскага. Слуханьні пачнуцца ў 11 гадзінаў.

Пра гэта паведаміла ў Фэйсбуку прадстаўніца прэс-службы Вярхоўнага суду Анастасія Цымановіч.

Дзьмітрыю Лукашэвічу, які зьбіў Пішчэўскага і быў асуджаны да пазбаўленьня волі, а потым выйшаў на волю па амністыі, цяпер прадʼяўленае абвінавачваньне па частцы 1 арт. 144 (прычыненьне сьмерці па неасьцярожнасьці) і частцы 1 арт. 339 (забойства) Крымінальнага кодэксу. Абвінавачваны знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Крымінальная справа адноўленая пасьля сьмерці Пішчэўскага ад атрыманых цялесных пашкоджаньняў, у сувязі з новымі абставінамі.

25 траўня 2014 году каля менскай кавярні Underworld, у якой праходзіла гей-вечарынка, Міхаіл Пішчэўскі быў моцна зьбіты. Наведнікаў, якія выходзілі з кавярні, пачалі абражаць маладыя людзі, што знаходзіліся побач. Здарыўся канфлікт, Лукашэвіч моцна ўдарыў Пішчэўскага, той упаў і ўдарыўся галавой аб бэтон.

Лукашэвіч уцёк і з аркі суседняга дома назіраў за прыездам хуткай дапамогі й міліцыі. Адзін зь відавочцаў заўважыў злачынцу, самастойна затрымаў яго і перадаў супрацоўнікам міліцыі.

Пішчэўскі праляжаў у коме каля месяца ў 5-й клінічнай бальніцы, потым дома. З комы так і ня выйшаў.

Дзьмітрый Лукашэвіч быў асуджаны 16 кастрычніка 2014 году на 2 гады 8 месяцаў пазбаўленьня волі за нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў па неасьцярожнасьці. Аднак адседзеў толькі 10 месяцаў — падпаў пад амністыю. Яго выпусьцілі 20 жніўня 2015 году, за два месяцы да сьмерці Пішчэўскага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG