Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ёсьць што дзяліць Беларусі і Польшчы?


Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Віталь Цыганкоў.

Глод: Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка, які ўчора прымаў у Менску маршалка сэнату Польшчы Станіслава Карчэўскага, заявіў, што дзяліць нам з Польшчай няма чаго. Лукашэнка запэўніў польскую дэлегацыю: Варшава можа разьлічваць на тое, што закрытых тэм і сфэр у двухбаковых адносінах быць ня можа. «Мы заўсёды будзем гатовыя абмяркоўваць любую праблему, мы заўсёды гатовыя адказваць на пытаньні і запыты польскага боку», — заявіў Лукашэнка.

На мой погляд, пытаньняў і запытаў з Варшавы нямала. Ну, хоць бы такія: лёс Саюзу палякаў, замарожанасьць малога памежнага руху, пошукі польскіх ахвяраў НКУС, непрыязнасьць да ахвотных атрымаць «карту паляка». Як вядома, непрызнаны беларускімі ўладамі Саюз палякаў Беларусі фактычна знаходзіцца на нелегальным становішчы. А вось той Саюз, які сымпатызуе беларускім уладам, афіцыйны Менск усяляк падтрымлівае. Ужо амаль пяць гадоў таму польскі бок зрабіў абсалютна ўсё, каб запусьціць у дзеяньне малы памежны рух, а беларускі бок не дае старту гэтаму вельмі важнаму працэсу. Не спрыяюць у Беларусі і высьвятленьню лёсу грамадзянаў Польшчы, забітых камуністычным рэжымам на тэрыторыі Беларусі. Беларусам, якія працуюць у сфэры кіраваньня, ці служаць у сілавых структурах, па-ранейшаму забаронена мець «карту паляка».

Падобна, што гэтыя рэчы сустрэчы пана Карчэўскага ў Менску ня вырашылі. Так, сьпікер Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч заявіў, што беларускія ўлады зацікаўленыя ў тым, каб пазыцыі двух Саюзаў палякаў былі збліжаныя, і было б добра, калі б была створаная адзіная арганізацыя. З гэтага зразумела, што ўлады хацелі б мець адзін Саюз, які паслухмяна выконваў бы ўсе іхныя прадпісаньні. Спадар Мясьніковіч кажа, што «карта паляка» стымулюе эміграцыю моладзі, высокакваліфікаваных спэцыялістаў зь Беларусі ў Польшчу. Але ж ці забарона — найлепшае вырашэньне гэтага пытаньня? Няма паведамленьняў, што нешта зрушылася і ў іншых пералічаных мною пытаньнях.

Чатыры праблемы, пра якія я зараз казаў, належаць да палітычнай сфэры. Але ж, паводле прызнаньня Лукашэнкі, менавіта палітычныя адносіны Менску і Варшаве патрэбна ўздымаць на ровень эканамічных. Але як гэта зрабіць, калі беларускія ўлады ўхіляюцца ад прынцыповых рашэньняў?

Станіслаў Карчэўскі прызнаў, што далёка не ва ўсіх справах Менск і Варшава прыйшлі да згоды. Аднак чым часьцей і больш шчыра ўлады дзьвюх краінаў будуць пра іх размаўляць, тым большыя шанцы на тое, што перамовы скончацца посьпехам — падсумаваў сьпікер сэнату.

Станіслаў Карчэўскі прызнаў, што далёка не ва ўсіх справах Менск і Варшава прыйшлі да згоды.

Між тым, беларуская апазыцыя ў сваёй бальшыні крытычна паставілася да візыту высокага польскага чыноўніка ў Беларусь. Так, сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец назваў гэтую паездку «здрадай ідэалам дэмакратыі».

Падсумоўваючы ўсё гэта, я вяртаюся да словаў Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што дзяліць нам з Польшчай няма чаго. Ці вы, калегі, з гэтым згодныя?

Гурневіч: Сапраўды дзяліць няма чаго, і гэта незалежна ад таго, хто кіруе Беларусьсю. Бо дзьве краіны вельмі блізкія, і шмат у чым у іх агульныя інтарэсы. Я зьяўляюся прыхільнікам шчыльнага супрацоўніцтва паміж Беларусьсю, Украінай і балтыйскімі краінамі. Гэта краіны, якія разумеюць адна адну, і ў гэтым сэнсе Польшча зьяўляецца магутным лякаматывам гэтай ідэі, паколькі краіна вельмі вялікая, амаль 40 мільёнаў насельніцтва, эканоміка магутная, дый у прынцыпе Польшча з усіх краін посткамуністычнай прасторы — краіна ўзорная і паводле правядзеньня рэформаў, і ўсіх дэмакратычных стандартаў, узроўню жыцьця. Сёньня гэта прывабная краіна для беларусаў, і гэта пацьвярджаюць лічбы. Толькі летась больш за 70 тысяч беларусаў атрымалі ў Польшчы від на жыхарства.

1,5 мільярда гандлёвага абароту за апошнія месяцы — гэта велізарныя лічбы. Польшча злавіла момант і зараз будзе прасоўваць ідэю гандлю яшчэ больш, паколькі яна зацікаўленая абысьці санкцыі, якія Расея ўвяла, каб прадаваць сваю забароненую прадукцыю, перш за ўсё гэта садавіна, праз Беларусь.

Гэты візыт можна раскласьці на некалькі чыньнікаў, чаму раптам Польшчу так зацікавіла Беларусь, калі 20 гадоў паміж імі была заслона. Перш за ўсё гэта расейская агрэсія ва Ўкраіне. Польшча ня хоча мець супольнай мяжы з Расеяй, і Беларусь яна разглядае ў выглядзе буфэра. Гэта даўняя ідэя яшчэ Юзафа Пілсудзкага, каб узмацняць гэтыя краіны, Украіну і Беларусь, каб яны былі паміж Польшчай і Расеяй. Палітычны аспэкт гэтых сустрэчаў менавіта такі: паказаць, што Беларусь патрэбная Захаду, каб адцягнуць ад Расеі. Невядома, у які бок гэта пойдзе, бо мы ведаем, які багаж мае Аляксандар Лукашэнка. Тым ня менш гэтыя спробы робяцца.

Другі чыньнік — эканамічны. Цяпер Польшча пачынае рэалізоўваць грандыёзны плян разьвіцьця эканомікі, які падрыхтаваў Матэвуш Маравецкі, віцэ-прэм’ер, які таксама нядаўна быў у Беларусі.

Польшча абрала вэрсію рэалізму ў палітыцы, яна ня хоча шмат казаць пра дэмакратычныя каштоўнасьці, бо сытуацыя зьмянілася.

Ёсьць нявырашаныя пытаньні, як Саюз палякаў у Беларусі, але тут ёсьць воля беларускага боку, пра гэта заяўлялі польскія палітыкі ў Варшаве, і таму гэтае пытаньне будзе вырашана, калі не аб’яднаньнем, бо неафіцыйны Саюз ня хоча аб’ядноўвацца, то нейкім легальным статусам непрызнанага Саюзу. Ёсьць пытаньне Белсату, беларуская ўлада настойвае, каб адключыць яго ці абмежаваць — тут могуць быць праблемы, бо гэта была б велізарная іміджавая страта для Варшавы, бо амаль 10 гадоў яны ўкладалі грошы, гэта дзясяткі мільёнаў даляраў. Думаю, знойдуць таксама варыянт прамежкавы.

Польшча абрала вэрсію рэалізму ў палітыцы, яна ня хоча шмат казаць пра дэмакратычныя каштоўнасьці, бо сытуацыя зьмянілася.

Я скептычна да гэтага стаўлюся, таму што мы ведаем, як Лукашэнка можа ацяпліць адносіны, пазьней іх замарозіць, але тым ня менш мець добрыя адносіны з Польшчай лепш, чым кепскія.

Цыганкоў: Цікава, як лічбы гучаць у параўнаньні. Паводле апошніх дадзеных, за апошнія 8 месяцаў таваразварот паміж Польшчай і Беларусьсю вырас у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году на 10%. Нібыта ня так і грандыёзна, але ў цэлым таваразварот з краінамі Эўразьвязу ад пачатку году ўпаў на 30%. Такое катастрафічнае падзеньне, і на гэтым фоне Польшча адзіная краіна з Эўразьвязу, зь якой ня толькі няма падзеньня, а нават рост. Пры тым павялічваецца як экспарт на 14%, так і імпарт на 8%. Таму асновай замежнай палітыкі Беларусі зьяўляецца часта менавіта эканоміка. Многія амбасады Беларусі працуюць як своеасаблівыя агенты замежнаэканамічнай дзейнасьці — прадаюць трактары і іншае. У сытуацыі з Польшчай гэта ўсё больш складана, але і тут эканоміка адыграе не апошнюю ролю.

Такое ўражаньне, што Польшча імкнецца бегчы наперадзе працэсу, які ўласьцівы цяпер усяму Эўразьвязу — нармалізацыі адносінаў зь Менскам.

Палітычны аспэкт дастаткова важны. Учора ў дыскусійнай перадачы канала ОНТ абмяркоўваліся адносіны Беларусі з Захадам менавіта на фоне візыту польскіх палітыкаў. Такое ўражаньне, што Польшча імкнецца бегчы наперадзе працэсу, які ўласьцівы цяпер усяму Эўразьвязу — нармалізацыі, паляпшэньня адносінаў Менску з Брусэлем, і Польшча тут як сусед, які больш за іншых зацікаўлены.

Калі адносіны былі на самым нізкім узроўні з Эўразьвязам, з Польшчай таксама былі кепскія. Яны былі амаль варожыя. Цяпер Польшча імкнецца гэта кампэнсаваць.

Нам усім хацелася б у гэтым бачыць, каб не адбываліся нейкія дробныя абмены, якія сапраўды б не пагоршылі імідж Польшчы як дэмакратычнай дзяржавы ў вачах беларускай супольнасьці і ў вачах саміх палякаў. Каб Польшча не пайшла на нейкія закулісныя ўгоды накшталт «мы адменім Белсат, а вы дапусьціце які польскі канал у беларускую тэлевізію».

Я спадзяюся, што гэтага не адбудзецца і будуць добрыя адносіны з афіцыйным Менскам, зь беларускай супольнасьцю і з апазыцыяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG