Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спадкаемніца Алексія II патрабуе ад расейскага «Внешпромбанка» вярнуць 300 мільёнаў рублёў патрыярха


Барыс Ельцын, Уладзімір Пуцін і Алексій ІІ на інаўгурацыі Пуціна, травень 2000
Барыс Ельцын, Уладзімір Пуцін і Алексій ІІ на інаўгурацыі Пуціна, травень 2000

Ураджэнка Яраслаўскай вобласьці Аляксандра Сьмірнова, таксама вядомая як ігуменьня Філарэта, падала заяву ў Арбітражны суд Масквы з патрабаваньнем уключыць яе ў сьпіс крэдытораў «Внешпромбанка», у якога адклікалі ліцэнзію ў студзені 2016 году.

Дакумэнты суду вывучыла выданьне «Медуза».

На рахунках «Внешпромбанка» засталіся грошы нябожчыка патрыярха Алексія II. У пазове пазначана сума 305 603 954 рублі 77 капеек. На рахунках патрыярха захоўваецца 2,92 млн даляраў, 8829 эўра і 9,37 млн рублёў, усяго — каля 200 млн рублёў паводле бягучага курсу, але каля 300 млн рублёў паводле курсу на дзень адкліканьня банкаўскай ліцэнзіі.

Сьвятар, вядомы ў сьвецкім жыцьці як Аляксей Рыдыгер, памёр у 2008 годзе. Яшчэ ў 1976 годзе ён склаў тэстамэнт на карысьць Аляксандры Сьмірновай.

Крыніца ў РПЦ растлумачыла «Медузе», што Сьмірнова, вядомая таксама як ігуменьня Філарэта, была найбліжэйшай паплечніцай патрыярха, яна правяла побач зь ім больш за 40 гадоў. Цяпер Філарэце 80 гадоў, яна — ігуменьня маскоўскага падворʼя Пюхціцкага Сьвята-Ўсьпенскага стаўрапігіяльнага (гэта значыць, падпарадкаванага непасрэдна патрыярху) жаночага манастыра, разьмешчанага ў Эстоніі.

Менавіта Філарэта знайшла патрыярха мёртвым 5 сьнежня 2008 году. У судзе яе інтарэсы прадстаўляе адвакат Краўцоў. Ён прадстаўляе таксама інтарэсы сустаршыні «Саюзу праваслаўных жанчын» Анастасіі Асіціс. Асіціс і яе дачка Ірына Фядулава як мінімум да 2008 году былі акцыянэрамі «Внешпромбанка».

У студзені стала вядома, што ў збанкрутаваным «Внешпромбанке» завісьлі 1,5 млрд, якія належаць цэнтральнаму апарату РПЦ. Крыніцы РБК сьцьвярджалі, што старшыня праўленьня банку Ларыса Маркус была вельмі блізкая да патрыярхіі і яе кіраўніцтва.

Акрамя таго, свае сродкі разьмяшчалі і фонды, якія не належаць РПЦ, але фактычна выконваюць распараджэньні патрыярха Кірыла. Найбуйнейшым зь іх быў Фонд сьвятых роўнаапостальных Канстанціна і Алены, які зьбіраў грошы на дапамогу пацярпелым ад канфліктаў у Сырыі і Данбасе.

Кліенты «Внешпромбанка» сутыкнуліся з праблемамі ў сьнежні 2015 году. 18 сьнежня Цэнтрабанк Расеі ўвёў часовую адміністрацыю ва ўстанове. Дзірка ў капітале банку перавысіла 210 млрд рублёў.

Былы суўладальнік банку Георгі Беджамаў спачатку перабраўся ў Манака, а затым у Лёндан. У Расеі фінансіст завочна арыштаваны, РФ дамагаецца яго выдачы на радзіму. Сам Беджамаў называе свой перасьлед «палітычна матываваным».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG