Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Алесем Мехам перанесьлі на 11 сьнежня


Алесь Мех, архіўнае фота
Алесь Мех, архіўнае фота

Кобрынскі раённы суд пачаў 4 сьнежня разгляд адміністрацыйнай справы супраць грамадзкага актывіста Алеся Меха.

Падтрымаць Алеся Меха прыехалі шмат сяброў і праваабаронцаў зь Бярозы, Берасьця і Жабінкі.

«Нам выдзелілі цэлую залю, справу разглядаў судзьдзя Цімашэнка. Я найперш запатрабаваў, каб суд вёўся на беларускай мове. Я спытаў, ці разумее судзьдзя беларускую. Ён сказаў, што разумее, але пратакол будзе складацца на расейскай. Судзьдзя зачытаў абвінавачаньне. Я не пагадзіўся і падаў хадайніцтва, каб выклікалі сьведак. Справа ў тым, што міліцыянты складалі пратакол бяз нас. І ў іх была памылка: там няправільна ўказана маё месца жыхарства. Таму ў суд былі выкліканы міліцыянты-сьведкі. Судзьдзя пагадзіўся і вынес рашэньне перанесьлі разгляд справы на 11 сьнежня», — распавёў карэспандэнту Свабоды Алесь Мех.

Спадар Мех падзякаваў усім, хто прыйшоў падтрымаць яго ў судзе.

Алеся Меха вінавацяць у парушэньні парадку арганізацыі або правядзеньня масавага мерапрыемства.

Позву атрымаў і непаўнагадовы сын Алеся Меха Антон. Яго выклікалі на камісію па справах непаўнагадовых пры Кобрынскім райвыканкаме.

Алесь Мех і ягоны сын Антон бралі ўдзел у адзначэньні Дня памяці паўстанцаў у Сьвіслачы Гарадзенскай вобласьці — ва ўскладаньні кветак на памятных мясьцінах і могілках.

За ўдзел у Дні памяці ў Сьвіслачы ўжо аштрафаваныя 6 чалавек. Яшчэ 9 чалавек чакаюць разгляду складзеных у дачыненьні да іх пратаколаў пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG