Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне нарадзілася дзіця «ад траіх бацькоў»


Українські лікарі знайшли рецепт проти безпліддя, поєднавши в ембріоні гени трьох осіб (відео)
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:58 0:00

Украінскія лекары знайшлі рэцэпт супраць бясплодзьдзя, злучыўшы ў эмбрыёне гены трох чалавек (відэа)

У Кіеве нарадзілася цалкам здаровая дзяўчынка, якая мае гены ад бацькі і маці і прымешак генаў донара. Гэта вынік новай украінскай рэпрадукцыйнай тэхналёгіі.

Дзіця з генамі ад трох розных асобаў нарадзілася ў Кіеве ў выніку экспэрымэнту па пераадоленьні бясплоднасьці, які зрабілі ў прыватнай клініцы «Надзея».

Спэцыялісты клінікі пасьпяхова перанесьлі ядры з генамі маці і бацькі да яйцаклеткі, узятай ад донара, што дазволіла пазбавіцца часткі спадчынных хвароб і зрабіла эмбрыён больш жыцьцяздольным. Аналізы ня выявілі ў дзіцяці ніякіх адхіленьняў, сьцьвярджаюць лекары.

Гэты інавацыйны мэтад ужо ўхвальна ацаніла Ўкраінская асацыяцыя рэпрадукцыйнай мэдыцыны. У Міністэрстве аховы здароўя гэтае дасягненьне пакуль не камэнтуюць. У профільных камітэтах парлямэнту прызнаюць, што ўкраінскае заканадаўства ніяк не рэглямэнтуе гэткія рэпрадукцыйныя тэхналёгіі, але лічаць, што экспэрымэнт сумнеўны з маральнага гледзішча і можа несьці ў сабе рызыку для здароўя дзяцей, якія зьявіліся на сьвет такім чынам.

Дзяўчынка, якая нарадзілася ў Кіеве 5 студзеня, мае генэтыку трох чалавек: каля 25 000 генаў яна атрымала ў спадчыну ад маці і бацькі, ад якіх мэдыкі ўзялі ядры аплодненых яйцаклетак. І нязначная колькасьць, 37 генаў, засталіся ад яйцаклеткі, узятай ад жанчыны-донара. У клініцы «Надзея», дзе ўпершыню ў сьвеце ўжылі такую тэхналёгію, і ў радзільні «Бусел», дзе немаўля ўбачыла сьвет, ужо назвалі нованароджаную «дзіцём ад трох бацькоў»: генэтычная экспэртыза пацьвердзіла, што немаўля мае гены трох чалавек.

​У выніку новай рэпрадукцыйнай тэхналёгіі, якую называюць «пераносам ядраў» або «прануклеарным пераносам», 34-гадовая жанчына, якая не магла стаць маці шмат гадоў, нарадзіла цалкам здаровае дзіця, сьцьвярджае Валерый Зукін, дырэктар клінікі «Надзея» і суаўтар гэтага мэтаду. Ён патлумачыў Радыё Свабода яго сутнасьць:

«Галоўны носьбіт генэтычнай інфармацыі – ядро клеткі: у ім – больш за 25 000 генаў. А ў цытаплязьме, дакладней, у мітахондрыях – 37 генаў. Некалькі гадоў таму ў нас узьнікла ідэя: а давайце возьмем ядро яйцаклеткі пацыента і пакладзем у донарскую цытаплязму».

Такое дзеяньне дазваляе пазьбегнуць перадачы дзіцяці гэтак званых мітахандрыяльных генэтычных хвароб і пераадолець бясплоднасьць у выпадку, калі яна зьвязаная з праблемамі ў мітахондрыях, тлумачыць Валерый Зукін. Цела яйцаклеткі з мітахондрыямі ад донара, гэта значыць, жанчыны, якая ўжо нараджала здаровых дзяцей, вырашае гэтую праблему, адзначае мэдык. Раней у некаторых краінах сьвету да яйцаклеткі маці дадавалі крыху мітахондрый ад донара, і гэта паляпшала шанцы эмбрыёна, аднак такая тэхналёгія менш эфэктыўная, тлумачыць Валерый Зукін.

Зукін кажа, што на сьвеце і ва Ўкраіне выкарыстоўваюць пераважна перасадкі аплодненай яйцаклеткі, узятай ад адной жанчыны і перанесенай у іншую. У выніку муж і жонка атрымліваюць дзіця з генамі бацькі і жанчыны-донара або вымушаныя карыстацца паслугамі сурагатнай маці, але гэты мэтад не дапамагае пры ўсіх формах бясплоднасьці.

Сама маці, якая нарадзіла дзяўчынку з унікальнай генетыкай, пакуль мець зносіны з мэдыямі адмаўляецца.

Між тым, тэхналягічны прарыў ва ўкраінскай рэпрадукцыйнай мэдыцыне ўжо выклікаў бурлівую рэакцыю ва ўкраінскіх і заходніх мэдыях і ў сацсетках.

У некаторых краінах ЭЗ і ў ЗША замена ядраў у яйцаклетцы - забароненая законам. Між тым, група дасьледнікаў у Мэксыцы таксама працуе з генэтычна зьмяшанымі эмбрыёнамі, але паводле крыху іншай тэхналёгіі, якая не прадугледжвае замену ядраў у аплодненай яйцаклетцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG