Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня ведаю, што мяне пацягнула...» — былы дырэктар беларускамоўнай гімназіі Бандарэнка сказаў, што браў хабар «упершыню»


Юры Бандарэнка ў судзе

Юры Бандарэнка ў судзе

11 лістапада Фрунзенскі суд Менску пачаў разгляд крымінальнай справы аб атрыманьні хабару дырэктарам 4 менскай гімназіі Юрыем Бандарэнкам.

Паводле сьледзтва, былы дырэктар за ўзнагароджаньне ў 500 даляраў прыняў на вучобу ў 5 клясу вучня, які не здаваў экзамэнаў для паступленьня ў гімназію, а набор ужо быў скончаны. Хабар перадаваў бацька хлопчыка.

«Я ведаў, што нельга было браць грошы, але... Прызнаю віну цалкам», — сказаў Юры Бандарэнка, даючы паказаньні. Паводле былога дырэктара, на асабістым прыёме на пачатку жніўня бацька вучня папрасіў залічыць сына ў гімназію, але ён адмовіў, бо вакансіяў ужо не было. Пры гэтым дырэктар абнадзеіў бацьку вучня, што ў будучыні, калі зьявіцца вакансія, ён зможа прыняць хлопчыка.

«У мяне ўзьнікла жаданьне дапамагчы. Я сказаў, што як толькі зьявіцца месца. А для сябе вырашыў, што дапамагу за ўзнагароду. Магчыма, нават тады і сказаў, што гэта будзе не за дзякуй. Ініцыятыва пра хабар была ад мяне. Не хачу юліць. Ня ведаю, што мяне пацягнула...»

Паводле Бандарэнкі, на другой сустрэчы з бацькам вучня агаворвалася сума хабару ў 500 даляраў. Гэта адбывалася па правілах кансьпірацыі.

«Мы пісалі адзін аднаму запіскі. Сядзелі побач і перадавалі. Я напісаў „500 уе“, ён напісаў „300“. Я сказаў, што ня згодны, думайце. Ён пайшоў», — сказаў суду Бандарэнка.

Цяпер абвінавачаны ведае, што ў той момант у ягоным кабінэце ўжо ішоў патаемны апэратыўны запіс перамоваў з бацькам вучня.

Яшчэ адметная дэталь: калі Бандарэнка вёў з бацькам вучня «перамовы» пра хабар за прыём хлопчыка ў гімназію, вакансіі для прыёму яшчэ не было. Але ён на вакансію спадзяваўся.

Ініцыятыва пра хабар была ад мяне. Не хачу юліць. Ня ведаю, што мяне пацягнула

«Як правіла, у нас перад верасьнем узьнікала вакансія», — сказаў Юры Бандарэнка. Дарэчы, паводле падсуднага, вакансія ўзьнікла ў той жа дзень — «сама сабой». Бандарэнка кажа, што ўпершыню браў хабар, а пра захады кансьпірацыі «чуў раней». «Паспрабаваў на сваю галаву», — уздыхнуў былы дырэктар.

Хабар бацька вучня перадаў яму праз 2 тыдні ў ягоным кабінэце. Яны разам пайшлі ў прыёмную, каб аформіць даведку аб прыёме, а потым Бандарэнку адразу затрымалі супрацоўнікі КДБ.

«Панятымі былі сантэхнік, новы настаўнік матэматыкі, потым іншыя», — сказаў былы дырэктар.

Паказаньні падсудны даваў па-расейску.

Пасьля затрыманьня Юры Бандарэнка быў пад вартай 3 тыдні. У верасьні яго звольнілі з пасады дырэктара і адправілі «на ганаровую пэнсію» — гэтак ён сказаў у судзе. Цяпер Бандарэнка пад падпіскай аб нявыезьдзе. За хабар яму пагражае ад 3 да 10 гадоў зьняволеньня.

Юры Бандарэнка пачынаў пэдагагічную працу настаўнікам матэматыкі, у канцы 80-х працаваў дырэктарам расейскамоўнай школы для дзяцей савецкіх афіцэраў у ГДР, у 90-я ўзначаліў 4-ю беларускамоўную гімназію ў Менску. У траўні 2016-га Аляксандар Лукашэнка ўручыў Юрыю Бандарэнку мэдаль Францішка Скарыны. Таксама Бандарэнка трапіў у лік 42 «заслужаных людзей краіны», якія былі адзначаныя за дасягненьні. Паведамлялася, што Лукашэнка пахваліў Юрыя Бандарэнку за выказваньне пра «правільную дэмакратыю».

Пра высновы з гісторыі з хабарам Юры Бандарэнка сказаў суду:

«Дагэтуль не магу прыйсьці ў сябе. Пасьля таго доўга праляжаў у шпіталі. Канечне, раскайваюся. Ня ведаю, што са мной адбылося. Тое самае казаў і на сьледзтве».

Судзьдзя зачытала паказаньні Бандарэнкі на сьледзтве, паводле якіх ён «браў грошы на патрэбы школы і рамонт да выбараў». Пра гэтае разыходжаньне Бандарэнка сказаў, што быў у дрэнным стане, калі гэта казаў, а насамрэч ён браў грошы на свае ўласныя патрэбы.

«Паверце мне, я шчыра раскайваюся. Я ўсё жыцьцё аддаў дзецям. Вось мой падручнік па фізыцы, па якім вучацца дзеці ва ўсёй Беларусі. Мы ў сямʼі ўсе пэдагогі. Відаць, за нешта мяне лёс пакараў...»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG