Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор: Сухотнікаў ня білі, яны білі міліцыю


Шпіталь у Наваельні
Шпіталь у Наваельні

Супраць аднаго з арганізатараў галадоўкі пратэсту ў воўкавіцкім шпіталі з прымусовым лячэньнем сухотаў распачалі крымінальную справу.

23 чэрвеня 22 пацыенты шпіталя абвясьцілі галадоўку, патрабуючы спыніць зьбіцьцё хворых супрацоўнікамі дэпартамэнту аховы. Празь дзень іх наведалі прадстаўнікі розных установаў і паабяцалі пакараць вінаватых у зьбіцьці пацыентаў. 29 чэрвеня Анатоля Шавяльчынскага забралі са шпіталя і трымаюць пад вартай па падазрэньні ў нападзе на міліцыянтаў.

Сьледчы дзяржынскай пракуратуры Аляксандар Кардзіс: «Мною заведзеная крымінальная справа паводле артыкула 364 — гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў з мэтай перашкоды іх дзейнасьці.

22 пацыенты шпіталя распачалі галадоўку пратэсту пасьля таго, як некалькі хворых, якіх зьбілі супрацоўнікі дэпартамэнту аховы, у ізалятары зрабілі спробу суіцыду.
Ня іх пабілі, а яны самі пабілі. Яны ж лічаць там сябе пакрыўджанымі. Паміж радкоў чытай: „Нам не даюць сьпіртовыя напоі і г.д.“ Яны гэтага ня кажуць, але гэта так ёсьць. Яны скардзяцца на ўмовы ўтрыманьня. Але яны ж не на курорце.

Там усё пачалося з таго, што яны былі нападпітку. Халопеца хацеў, відаць, уцячы за тэрыторыю. Супрацоўнікі міліцыі пачалі гэтаму перашкаджаць. А Шавяльчынскі аднаго ўдарыў у грудзі і па назе, а другому парваў кашулю. У зьвязку з гэтым іх ізалявалі».

Між тым раней загадчык аддзяленьня Валянцін Саўко абвяргаў інфармацыю пра тое, што пацыентаў трымалі ў ізаляваным пакоі, сьцьвярджаючы, што ў шпіталі ўвогуле няма такіх памяшканьняў.

26 чэрвеня, нягледзячы на выходны дзень, з галадоўнікамі сустракаліся прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя, Дэпартамэнту аховы, міліцыі і пракуратуры. Ім паабяцалі, што ўмовы ўтрыманьня будуць значна палепшаныя, а вінаватых у зьбіцьці супрацоўнікаў міліцыі пакараюць.

29 чэрвеня чатырох найбольш актыўных удзельнікаў акцыі перавезьлі ў наваельнінскі шпіталь, а Анатоля Шавяльчынскага павезьлі ў пракуратуру.

Пацыент шпіталя Зьміцер Лішай: «Ён пайшоў у тапачках, штанах і майцы. Яму сказалі: „Хадзі сюды!“ І ён пайшоў. Мы яму казалі: „Толя, не хадзі“. А ён пайшоў. Мы пыталіся там у аднаго падчас прыбіраньня тэрыторыі. Дык ён сказаў, што крымінальную справу супраць яго распачалі. Ён папросту сваім целам закрываў хлопцаў, якія былі худзейшыя за яго. Калі потым прыяжджалі міліцыянты, то яны прапанавалі нам — вы нічога, і мы нічога».

Пацыент Зьміцер Гарнашэвіч: «Зьбівалі хлапцоў, а Толік за іх заступаўся. А потым яго ж і забралі. Адміністрацыя нам нічога ня кажа. Атрымліваецца, што нас падманулі. А мы ж зьбіцьцё здымаць ня сталі. Нас жа прасілі, каб мы са свайго боку нічога супраць іх не рабілі, тады яны супраць нас нічога рабіць ня будуць. А цяпер знайшлі аднаго казла адпушчэньня».

Хворы на сухоты Андрэй Андрушчанкаў: «Адбылося нечалавечае „дурылава“ з боку адміністрацыі. Сьведак тут цэлае аддзяленьне. Гэта ж усё адбывалася на вачах. У такой сытуацыі трэба працягваць галадоўку. Мы ім паверылі на слова, а яны нас за дурненькіх палічылі».

Хворы Юры Костыраў
Перагулялі нас. Толіка забралі і цяпер кажуць, што вінаватыя самі.
быў зьбіты 22 чэрвеня і адседзеў суткі ў ізалятары: «Мы там усе пяць чалавек сядзелі, а яны нас там дубасілі. А доктар Саўко стаяў і сьмяяўся з нас. Яны сьвятло выключылі. Толік прыкрыў мяне і Максіма. Толік моцна зьбіты, увесь у сіняках.

Яны, калі потым прыехалі да нас, казалі, што іх чалавек таксама пацярпеў ад нашых, і прапанавалі замяць. Казалі, што больш такога не паўторыцца…

Перагулялі нас. Толіка забралі і цяпер кажуць, што вінаватыя самі».

Анатоль Шавяльчынскі будзе ўтрымлівацца пад вартай. Сьледчы Аляксандар Кардзіс паведаміў, што раней Анатоля прыцягвалі да адказнасьці за спробу дэзарганізаваць турэмны распарадак. Таму яму можа пагражаць максымальны тэрмін пакараньня — да 6 гадоў зьняволеньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG