Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС, як і МЗС і Памежны камітэт, вызначаецца з пазыцыяй адносна пашпартоў «ДНР-ЛНР»


Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі абяцае неўзабаве агучыць пазыцыю што да легальнасьці знаходжаньня на тэрыторыі краіны грамадзян з пашпартамі «ДНР-ЛНР».

Намесьнік начальніка ўпраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў ведамства Георгі Яўчар у размове з карэспандэнтам Свабоды найперш параіў «сачыць за афіцыйным сайтам МУС».

«Як толькі наконт гэтага ў нас зьявіцца адпаведная інфармацыя, яна абавязкова будзе разьмешчана на нашым сайце. Таму ўважліва сачыце за сайтам...»

18 лютага прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін падпісаў распараджэньне аб прызнаньні дакумэнтаў жыхароў шэрагу раёнаў Данбасу сапраўднымі ў Расейскай Фэдэрацыі. Прэс-сакратар прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў заявіў, што ўказ Уладзімера Пуціна аб прызнаньні пашпартоў самаабвешчаных ДНР і ЛНР быў прадыктаваны «выключна гуманітарнымі меркаваньнямі».

Раней у прэсавай службе Дзяржаўнага памежнага камітэту нагадалі, што, напрыклад, на ўнутраных авіярэйсах паміж Масквой і Менскам, як і іншымі «саюзнымі» гарадамі, памежны кантроль не ажыцьцяўляецца. Аднак на ўдакладняльнае пытаньне — ці азначае гэта, што любы «грамадзянін ДНР-ЛНР» бесьперашкодна можа трапіць у Беларусь? — суразмоўца адказаў, што не гатовы пракамэнтаваць сытуацыю больш падрабязна.

У МЗС Беларусі Свабодзе таксама заявілі, што вывучаюць сытуацыю і не гатовыя сказаць нешта канкрэтнае.

У Крамлі спасылаюцца на тое, што з прычыны «блякады» Данбасу афіцыйным Кіевам тысячы людзей ня маюць магчымасьці аформіць ці падоўжыць пашпарты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG