Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Штрафы пачалі браць нават з тых, хто раней лічыўся нікому нічога ня вінным


Падатковая патрабуе 146 мільёнаў недэнамінаваных рублёў зь лідзкага прадпрымальніка, якога 5 гадоў таму прызналі чыстым ад даўгоў.

Лідзкая падатковая інспэкцыя праз Гарадзенскі гаспадарчы суд дамаглася штрафу звыш 146 мільёнаў рублёў для былога кіраўніка прыватнага прадпрыемства «Новы тэлефон». Чатыры гады таму па рашэньні гэтага ж суду яно было прызнана банкрутам і ліквідавана, а доўг, паводле заканадаўства, быў прызнаны безнадзейным і патрабаваньні крэдытора пагашанымі. Адказчык ня згодны з новым рашэньнем суду, лічыць яго беспадстаўным і кажа, што перагляданьне эканамічных спраў стала ў краіне тэндэнцыяй, якая закранула шмат каго.

Дзьмітры Паварга адкрыў у Лідзе салён мабільнай сувязі і аказваў паслугі па падключэньні кліентаў да беларускіх мабільных апэратараў. Паводле яго, праз пэўны час бальшыня насельніцтва скарысталася гэтай паслугай і дзейнасьць перастала прыносіць прыбытак, а таму давялося ліквідаваць прадпрыемства.

Падатковая інспэкцыя правяла праверку за пяцігадовы тэрмін, выявіла парушэньні па сплаце падаткаў і выставіла штраф разам зь пеняй. Паварга не пагадзіўся з вынікамі праверкі, пачаў іх абскарджваць, прадстаўляючы факты на карысьць таго, што падатковая незаконна налічыла яму штраф і пеню.

Затым, паводле Паваргі, яго выклікаў начальнік падатковай інспэкцыі і прапанаваў правесьці працэдуру банкруцтва ягонага прадпрыемства, а даўгі прызнаць безнадзейнымі і сьпісаць іх.

— Мяне гэтая прапанова тады цалкам задавальняла, і я пагадзіўся на гэты варыянт.

У выніку гаспадарчы суд Гарадзенскай вобласьці 16.08.2013 прызнаў прыватнае прадпрыемства «Новы тэлефон» банкрутам, і ў адносінах да яго распачалася працэдура ліквідацыі. Памер завінавачанасьці перад адзіным крэдыторам — падатковай інспэкцыяй — складаў звыш 146 мільёнаў рублёў.

Па завяршэньні ліквідацыі прадпрыемства ўпраўляючы прадставіў справаздачу, у якой пацьвярджалася адсутнасьць у даўжніка грашовых сродкаў і маёмасьці, за кошт якіх можна было б пагасіць даўгі. І ў выніку гаспадарчы суд прызнаў патрабаваньні даўжніка пагашанымі. Ніякіх пярэчаньняў на гэтае рашэньне з боку падатковай інспэкцыі не было.

Усе дакумэнты пра гэта ў спадара Падаргі на руках, зь пячаткамі і подпісамі кіраўнікоў падатковай, судзьдзі. Але раптам выявілася, што гэтыя паперы страцілі моц.

У 2016 годзе, праз чатыры гады, падатковая інспэкцыя Лідзкага раёну паўторна зьвяртаецца ў гаспадарчы суд з пазовам аб прыцягненьні да субсыдыярнай адказнасьці былога кіраўніка прыватнага прадпрыемства «Новы тэлефон» Дзьмітрыя Паваргі як заснавальніка прадпрыемства — каб спагнаць зь яго як зь фізычнай асобы штраф, ануляваны ў 2013 годзе гаспадарчым судом.

Навіна шакуе Паваргу. Ён пачынае высьвятляць, як могуць зьяўляцца такія пазовы, калі было рашэньне гаспадарчага суду. У судзе яму кажуць, што пазоў падатковай інспэкцыі цалкам законны, бо справы па субсыдыярнай адказнасьці, паводле дзейнага заканадаўства, могуць пераглядацца на працягу дзесяці гадоў.

Паварга як на асноўны аргумэнт спасылаецца ў судзе на справаздачу антыкрызіснага ўпраўляючага, які праводзіў працэдуру банкруцтва ягонага прадпрыемства.

— У справаздачы чорным па белым запісана, што адсутнічаюць зьвесткі аб наяўнасьці падставаў для прыцягненьня мяне як кіраўніка прадпрыемства да субсыдыярнай адказнасьці, бо адсутнічаюць факты, што кампанія атрымлівала неабгрунтаваную падатковую выгаду, штучна павялічвала расходы. Па выніках гэтай жа праверкі было прынята рашэньне аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы па прыкметах складу злачынства ў Дзяржкантролі, пракуратуры Лідзкага раёну і ў судзе. І ніхто, дарэчы, гэтага не абскарджваў.

Аднак цяпер гаспадарчы суд Гарадзенскай вобласьці выносіць ужо іншае рашэньне, паводле якога спадар Паварга абавязаны — як заснавальнік і дырэктар прадпрыемства «Новы тэлефон» — сплаціць штраф, налічаны Лідзкай падатковай інспэкцыяй у 2013 годзе.

Я нават скаргу на рашэньне суду не магу падаць, бо ў мяне няма грошай на дзяржпошліну

Дзьмітры Паварга ў роспачы:

— Я ніколі ня думаў, што так можа быць, нават ня ведаю, што рабіць. У мяне няма такіх грошай на штраф, я ня маю сталай працы, у мяне двое малых дзяцей. Я разумею, што пагоршыўся эканамічны стан у краіне, але чаму гэтую праблему спрабуюць вырашаць такім чынам? Я практычна трапіў у сацыяльную яму. Я нават скаргу на рашэньне суду не магу падаць, бо ў мяне няма грошай на дзяржпошліну. Я наагул не разумею, як такое магчыма, але суды цяпер заваленыя такімі справамі. Я хачу зьвярнуцца ў Адміністрацыю прэзыдэнта, каб мне патлумачылі, як такое магчыма.

У падатковай інспэкцыі па Лідзкім раёне намесьнік начальніка юрыдычнага аддзелу Аксана Ігнатовіч патлумачыла Свабодзе: цяпер складаецца такая практыка, што ўсе прадпрыемствы, якія раней былі прызнаныя банкрутамі па рашэньні судоў, павінны сплаціць субсыдыярны доўг. А раней, маўляў, да гэтага ставіліся ня так строга.

— Перад намі цяпер пастаўлена задача актывізаваць працу ў гэтым кірунку, ёсьць указаньні і міністэрства, і з абласнога ўпраўленьня. Мы, у сваю чаргу, выконваем свае абавязкі. І тыя, хто мае такія запазычанасьці, павінны разумець, што іх давядзецца выплочваць. І практыка паказвае, што грошы ў бюджэт паступаюць, хоць усе кажуць, што плаціць ня маюць чым.

Спадар Паварга кажа, што ўжо некалькі гадоў займаецца навукова-дасьледчай дзейнасьцю, летась удзельнічаў у рэспубліканскім конкурсе «Сто ідэй для Беларусі», ягоная праца дайшла да паўфіналу. Сёлета ён падаў яшчэ адну працу на конкурс. Але сталай працы ён у Лідзе ня мае.Паводле інфармацыі БелаПАН, агульная колькасьць спраў аб эканамічным банкруцтве, якія знаходзяцца ў эканамічных судах краіны, паводле стану на 1 верасьня складае 3094.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG