Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штраф за гадзіну пікету — 210 даляраў, кампэнсацыя за гадзіну турмы — 30 цэнтаў


Магілёўскі абласны суд пакінуў без задавальненьня касацыйную скаргу грамадзкага актывіста Аляксандра Каваленкі, які спрабаваў адмяніць рашэньне суду першаснай інстанцыі ў Бабруйску. Суд Бабруйску пакараў яго штрафам у памеры 20 базавых велічыняў за адзіночны пікет, які Аляксандар Каваленка правёў у Менску. 12 траўня ён выйшаў на плошчу Свабоды з плякатам «Чыноўнікі суду, дайце адказ на пытаньні майго сына і яго адваката. Хопіць хавацца за адпіскамі».

Аляксандар Каваленка — актывіст грамадзянскай ініцыятывы «Супраць беззаконьня ў пракуратуры і судах». На адзіночны пікет ён выйшаў, не дамогшыся законнага і справядлівага разгляду справы свайго зьняволенага сына.

Некалькі гадоў таму Аляксандар Каваленка сам адбыў тры гады зьняволеньня паводле незаконнага і несправядлівага судовага рашэньня.

У захоўваньні і распаўсюдзе наркотыкаў Аляксандра Каваленку абвінавацілі, калі ён пачаў актыўна займацца абаронай свайго 20-гадовага сына Ігара Каваленкі, якога прызналі вінаватым у забойстве і асудзілі на 18 гадоў турмы.

Факт несправядлівага судовага рашэньня ў дачыненьні да Аляксандра Каваленкі быў прызнаны Вярхоўным судом, і ў выніку актывісту выплацілі грашовую кампэнсацыю за маральныя страты. Аднак маральныя, матэрыяльныя і фізычныя пакуты чалавека для ўладных чыноўнікаў мізэрныя ў параўнаньні са шкодай, нібыта нанесенай дзяржаве, — пракамэнтавала становішча каардынатарка ініцыятывы «Супраць беззаконьня ў пракуратуры і судах» Тамара Сяргей.

«Аляксандар Каваленка прастаяў з плякатам на плошчы гадзіну: ён не нанёс нікому ніякай ні маральнай, ні матэрыяльнай шкоды. Супрацоўнікі міліцыі яго фільмавалі і не спынялі ягоныя, як яны называюць, супрацьпраўныя дзеяньні, што зьяўляецца службовым парушэньнем. А вінаватым прызнаюць Аляксандра Якаўлевіча і караюць штрафам 4 мільёны, які роўны ягонай паўтарамесячнай пэнсіі», — кажа Тамара Сяргей.

Тым часам матэрыяльная кампэнсацыя, якую дзяржава выплаціла Аляксандру Каваленку за тры гады турмы, — мізэрная ў параўнаньні з пакараньнем, кажа Тамара Сяргей.

«Калі пералічыць выплачаную кампэнсацыю за тры гады зьняволеньня пагадзінна, а гэта — маральныя і фізычныя пакуты чалавека, матэрыяльныя страты — то за гадзіну турмы Аляксандар Якаўлевіч атрымаў кампэнсацыю памерам 30 цэнтаў. У той жа час за гадзіну стаяньня на вуліцы з плякатам ён нібыта нанёс дзяржаве шкоду на 200 даляраў. Гэтак улады дэманструюць, што вартасьць чалавека і ягонага жыцьця — мізэр у параўнаньні з вартасьцю дзяржавы, фактычна — уладных чыноўнікаў», — кажа жанчына.

За ўдзел у мітынгу на плошчы Свабоды штрафам пакараная жонка Аляксандра — Валянціна Каваленка. Каб спагнаць штраф, судовыя выканаўцы арыштавалі дом Каваленкаў у Бабруйску. Таксама, каб спагнаць штраф за мітынг на плошчы Свабоды, судовыя выканаўцы наклалі арышт на дом Тамары Сяргей.

XS
SM
MD
LG