Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Тарас: На жаль, мы жывём у такой краіне, дзе няма традыцыі шанаваць сваё


Грамадзкі Інстытут беларускай гісторыі і культуры сумесна з выдавецтвам «Харвэст» прайшоў своеасаблівы экватар — выдаў роўна палову, 50 кніг, з сэрыі брашур «100 выдатных дзеячоў беларускай культуры». Сэрыя абмежаваная двума стагодзьдзямі — ХІХ і ХХ, бо інакш яе трэба было б назваць як мінімум «1000 выдатных дзеячоў», а ня 100. Ёсьць яшчэ дзьве ўмовы: сьціслы абʼём кніг — 64 старонкі, і ўсе аўтары пішуць на энтузіязме, зада́рма.

А пачыналася ўсё так. Некалькі гадоў таму ў шапіках «Белсаюздруку» зьявіліся кніжкі «100 выбітных дзеячаў Расеі». Калі літаратар, дасьледчык Анатоль Тарас пабачыў, адразу ж прыйшла думка:

«А чаму няма 100 выбітных беларускіх дзеячаў? Вырашылі самі зрабіць падобную сэрыю. Зьвяртаю ўвагу: у нас няма палітыкаў, службоўцаў, вайскоўцаў, герояў вайны альбо супраціву. Мы выдаём кнігі выключна пра выбітных дзеячаў культуры, літаратуры, мастацтва, музыкі», — апавёў Анатоль Тарас.

17 сьнежня 2012 году выйшлі з друку тры першыя брашуры, героямі якіх сталі: Міхаіл Андрыёлі, беларускі мастак зь Вільні (аўтар Віктар Чаропка), Фларыян Ждановіч, тэатральны дзеяч (аўтар Алесь Мінскі), Мітрафан Доўнар-Запольскі, бацька беларускай гістарыяграфіі (аўтар Анатоль Тарас).

Анатоль Тарас

Анатоль Тарас

За 40 месяцаў выдадзена 40 кніжак, кажа спадар Тарас:

«Праблем з пэрсаналіямі няма, у 18 тамах Беларускай энцыкляпэдыі — процьма імёнаў, у кожным томе можна знайсьці як мінімум 50 выбітных асобаў культуры.

Праблемы ёсьць з аўтарамі. 9 кніжак напісаў Алесь Марціновіч, 9 кніжак напісаў я, 6 кніжак — рэжысэр Уладзімер Арлоў. То бок 3 чалавекі напісалі амаль што палову.

Але самая вялікая праблема ў тым, што вельмі цяжка пісаць коратка — а ў нас строгае абмежаваньне: 64 старонкі, „кішэнны фармат“. І мала хто хоча пісаць зада́рма... А гэты праект выдаецца на грамадзкіх пачатках. Да таго ж, кніжкі вельмі дрэнна прадаюцца ў крамах. Калі б палову накладу не куплялі бібліятэкі, сэрыі, магчыма, і не было б. Спачатку наклад быў 1,5 тысячы асобнікаў, зараз — 500», — канстатаваў Анатоль Тарас.

Укладальнік сэрыі паскардзіўся, што вельмі цяжка знайсьці чалавека, які б пагадзіўся пісаць пра клясыкаў, пра вядомых асобаў — маўляў, нялёгкая, няўдзячная гэта справа... Зь цяжкасьцю ўгаварыў унучку Якуба Коласа Веру Міцкевіч напісаць пра свайго знакамітага дзеда:

Вера Міцкевіч

Вера Міцкевіч

«Мне вызначылі строгі тэрмін — 5 месяцаў, — расказвае Вера. — Калі пачала працаваць, зразумела: выдаць кніжку пра Коласа на 64 старонках — цяжкая задача. Склала сабе жорсткі плян. Трэба было і пра біяграфічныя зьвесткі напісаць. Да таго ж, мне хацелася б распавесьці пра малавядомыя цікавоскі, чаму ў Коласа такі псэўданім, чаму мэмарыяльную дошку ўсталявалі на іншым храме, хацела даць малавядомыя зьвесткі. У асобны другі разьдзел, які называецца „Паміж молатам і кавадлам“, вынесла цяжкія 1920–30-я гады, гады рэпрэсій, якія таксама адбіліся і на Якубу Коласу, каб біяграфія не падалася гладзенькай. І потым — творы, узяла самыя магутныя: „Новая зямля“, „Сымон-музыка“, „На ростанях“. Для мяне ўяўляе вялікую цікавасьць эпісталярны жанар — Колас напісал 3 тамы, каля 1800 лістоў, і гэта ня ўсе. У заключэньне я пастаралася ўкласьці адзін з самых ёмістых публіцыстычных твораў дзеда — „Мой запавет“».

Алена Турава

Алена Турава

Для Алёны Туравай, дачкі выбітнага беларускага кінарэжысэра Віктара Турава, прапанова напісаць кнігу пра бацьку была поўнай нечаканасьцю:

«Я працую звычайна ў забаўляльных праектах, у анімацыі, жанры казкі, фэнтэзі. Спачатку нават спалохалася, калі атрымала прапанову напісаць кнігу ня проста пра бацьку, але і пра выбітнага творцу. Праблема яшчэ ў тым, што я не была чалавекам здымачнай пляцоўкі, як іншыя дзеці творцаў. Калі мне было 3 гады, бацька сышоў зь сямʼі, шчыльна кантактаваць зь ім я пачала, будучы ўжо студэнткай. Але, дзякуй Богу, жывыя ягоныя сябры, якія зь ім працавалі. Па крупіцах зьбірала ўспаміны, чытала інтэрвію, кнігі, паглядзела фільм пра бацьку Юрыя Цьвяткова, перагледзела ўважліва ўсе бацькавы кінастужкі. Аказалася, я вельмі мала ведала пра бацьку, і мала — пра тую вайну, якую ён прайшоў (не ў прамым, а ў пераносным сэнсе). Ягоныя фільмы моцна крытыкаваліся: і „Праз могілкі“, і „Я родам зь дзяцінства“... Ён вельмі хваравіта гэта перажываў. Гэта было адной з прычынаў ягонага раньняга сыходу — Віктар Тураў памёр у 60 гадоў».

Кінарэжысэр Уладзімер Арлоў

Кінарэжысэр Уладзімер Арлоў

Кінарэжысэр Уладзімер Арлоў напісаў 6 кніг: пра Ўладзімера Корш-Сабліна, Уладзімера Караткевіча, Яўгена Глебава, Валера Рубінчыка, Генадзя Цітовіча, Уладзімера Мулявіна. На прэзэнтацыі ён апавёў дасьціпныя закадравыя гісторыі пра свайго кінанастаўніка Корш-Сабліна, рэжысэра Рубінчыка, музыку Генадзя Цітовіча, разьвесяліўшы прысутных. Уладзімер Арлоў запэўніў, што ёсьць ідэі, ёсьць прапановы, так што хутка зьявяцца і новыя творы.

Анатоль Астапенка напісаў 3 кнігі з сэрыі — пра гісторыка Міколу Ермаловіча, філёзафа Міколу Крукоўскага, пісьменьніка Міхася Стральцова. З усімі аўтар быў асабіста знаёмы і сябраваў. У адрозьненьне ад клясыкаў, пра іх да гэтага не было напісана амаль нічога, давялося пачынаць працаваць з нуля, прызнаўся спадар Астапенка.

Рыхтуюцца да друку яшчэ пяць кніг — пра Валенція Ваньковіча, Казіміра Альхімовіча, Язэпа Драздовіча, Лявона Дубейкаўскага, Пётру Сергіевіча.

«На жаль, мы жывём у такой краіне, дзе няма традыцыі шанаваць сваё, ставіць на першы плян сваіх. Расейскага мастака Віктара Васьняцова ведаем лепш за беларуса Пётру Сергіевіча. Таму абавязкова давядзём справу да канца — у 2018 годзе завершым сэрыю «100 імёнаў дзеячаў беларускай культуры», — кажа Анатоль Тарас.

Глядзіце фотарэпартаж з выставы

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG