Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд, які адбыўся 4 траўня ў шклоўскай калёніі, прызначыў палітвязьню Мікалаю Статкевічу адбываць пакараньне да заканчэньня тэрміну (а гэта яшчэ 1 год 7 месяцаў і 15 дзён) ва ўмовах «крытай» турмы. Што вядома пра турмы ў Беларусі?

Турмы ад калёніяў адрозьніваюцца большымі абмежаваньнямі для вязьняў, утрыманьнем іх у закрытых памяшканьнях без магчымасьці выхаду на тэрыторыю ўстановы, больш жорсткім рэжымам аховы. Цяпер у Беларусі дзейнічаюць 3 турмы. Адна зь іх у Магілёве пад нумарам 4, у Жодзіне —нумар 8 і ў Гародні —нумар 1. Апошняя — найстарэйшая, будынку некалькі стагодзьдзяў. Самая новая і, як кажуць, у тэхнічным сэнсе самая сучасная беларуская турма — у Жодзіне.

Знаўцы кажуць, што беларускія турмы маюць пэўную спэцыялізацыю. У Магілёў адпраўляюць гэтак званых «першаходак», якія зьдзейсьнілі цяжкае злачынства ўпершыню. Гарадзенская турма нібыта спэцыялізуецца на рэцыдывістах, а Жодзінская прызначаная, м.ін., для тых, хто асуджаны на пажыцьцёвы тэрмін. У Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС, адкуль кіруюць беларускімі турмамі, пацьвярджаюць толькі зьвесткі пра спэцыялізацыю турмы ў Жодзіне. У ДВП кажуць, што калі вязьню прызначаюць тую ці іншую турму, то ўлічваюць розныя фактары, у тым ліку — адлегласьць установы ад месца жыхарства сваякоў злачынцы.

Магілёўская турма

У Магілёўскай турме адбываў большую частку тэрміну былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч. Таксама тут утрымліваюць палітвязьня Мікалая Дзядка, а яшчэ летась трымалі палітвязьня Яўгена Васьковіча, якога вярнулі ў калёнію. Ці зьмесьцяць Мікалая Статкевіча зноў у Магілёўскую вязьніцу, невядома. З тых трох гадоў, што былы кандыдат на прэзыдэнта раней адбыў за кратамі Магілёўскай турмы, ягоныя сваякі згадваюць: пэўны час ён сядзеў у адной камэры разам з чалавекам, які потым зладзіў супроць яго правакацыю, і гэта скончылася для палітыка карцэрам. «Карцэр ёсьць нават у турме. Там умовы яшчэ горшыя: нічога нельга, ні пісаць, ні чытаць, ні тэлефанаваць, ні сесьці, ні легчы», — кажа жонка Статкевіча Марына Адамовіч.

Марына Адамовіч шмат разоў адзначала, што яе муж збольшага ня скардзіўся на ўмовы, бо прызвычаіўся вытрымліваць усё. Пры гэтым ён шмат разоў распавядаў пра тое, як кормяць вязьняў магілёўскай калёніі. Што гародніны і садавіны не хапае нават улетку і ўвосень, а ў турэмнай краме цяжка набыць прадукты, у якіх ёсьць вітаміны, бо іх туды амаль не завозяць. Да таго ж вязьні турмы могуць на месяц патраціць на «атаварку» толькі адну базавую велічыню, а гэта ўсяго 180 тысяч рублёў. Марына Адамовіч лічыць, што ўмовы ўтрыманьня ў турме — гэта суцэльны зьдзек з чалавека.

Строгі турэмны рэжым, на які цяпер трапіць Мікалай, азначае, што чалавек 23 гадзіны знаходзіцца ў камэры і толькі гадзіну — на шпацыры, але ўсё роўна ў каменным меху з кратамі зьверху

«Турэмны рэжым ніякім чынам ня можа спрыяць перавыхаваньню людзей, бо яны аказваюцца цалкам адарваныя ад грамадзтва. Бо строгі турэмны рэжым, на які цяпер трапіць Мікалай, азначае, што чалавек 23 гадзіны знаходзіцца ў камэры і толькі гадзіну — на шпацыры, але ўсё роўна ў каменным меху з кратамі зьверху. Гэта толькі адно кароткае спатканьне на год з роднымі, невялікай працягласьці. Закон не дазваляе больш за 4 гадзіны, а па факце мы ніводнага разу ня мелі і 2 гадзін», — кажа Марына Адамовіч.

Ірына, жонка аднаго зь вязьняў магілёўскай турмы, дадае да праблемных асаблівасьцяў гэтай установы тое, што ў ёй надзвычай жорсткая цэнзура, да таго ж лісты ідуць вельмі марудна. «Харчаваньне там ніякае, без дадатковай падтрымкі муж бы ня вытрымаў», — кажа Ірына і скардзіцца, што паводле нормы можа адправіць мужу ў турму толькі адну харчовую перадачу вагой 30 кілё на год.

Жодзінская турма

Першым пра гэтую ўстанову распавёў былы міністар сельскай гаспадаркі, цяпер ужо нябожчык Васіль Лявонаў, якому ў канцы 1990-х гадоў давялося пэўны час быць у сьледчым ізалятары на адной тэрыторыі з турмой. «Там натуральныя зьвяры», — казаў Васіль Лявонаў пра мясцовых турэмшчыкаў і тлумачыў гэта тым, што па чарзе ў ізалятары дзяжураць таксама супрацоўнікі турмы для пажыцьцёвых. Пасьля масавых арыштаў удзельнікаў антыпрэзыдэнцкага мітынгу 19 сьнежня 2010 году інфармацыя пра надзвычай жорсткае абыходжаньне зь вязьнямі ў Жодзінскай турме пацьвердзілася. Дзясяткі затрыманых на плошчы Незалежнасьці апынуліся ў жодзінскім сьледчым ізалятары і казалі пра турэмшчыкаў тое ж самае: калі на дзяжурстве былі супрацоўнікі турмы, абыходжаньне рэзка пагаршалася.

Жодзінская турма

Жодзінская турма

Што такое адбываецца з супрацоўнікамі ўстановы, якія нясуць службу менавіта ў турме? Жыхар Салігорску Аляксандар Бут-Гусаім, які шмат месяцаў адседзеў у камэры для пажыцьцёвых у жодзінскай турме № 8, кажа, што пэрсанал там разбэшчвае менавіта беспакаранасьць у адносінах да вязьняў.

«Там абыходжаньне ня проста жорсткае, а нялюдзкае. Ледзь што, дубінамі махаюць, як Чапаеў шашкай. Урываецца ў камэру адмысловая каманда кантралёраў і лупяць усіх без разбору. А потым яшчэ начальства прызначае ў якасьці пакараньня асобных дубцоў. Ці сабакамі цкуюць. Такое таксама бывала», — згадвае Аляксандар Бут-Гусаім.

Былы вязень жодзінскай турмы адзначыў, што там у памяшканьнях была стэрыльная чысьціня, а вось у ізалятары — наадварот, «бруд і прусакі».

Пры гэтым былы «пажыцьцёвік» вельмі наракаў на якасьць пасьцельнай бялізны, якую выдавалі вязьням «Жодзінкі». «Прасьціны выдавалі жоўтыя, невядома чым мытыя. А было і так, што выдаюць прасьціну з двух зьвязаных вузлом кавалкаў. Незразумела, як на такой спаць, але даводзілася неяк абыходзіцца».

Гарадзенская турма

Пра гэтую ўстанову інфармацыі больш, чым пра іншыя, бо там шмат часу адбылі палітвязьні Зьміцер Дашкевіч і Мікалай Аўтуховіч.

Праўда, паводле Зьмітра Дашкевіча, пра асаблівасьці пэўнай беларускай турмы можна казаць досыць умоўна, бо ўсё залежыць ад пэўнага начальніка. «Недзе была больш-менш нармальная турма, а як прызначаць якога „неадэкватнага“ кіраваць, дык праз год ператворыцца ў канцлягер».

Гарадзенская турма

Гарадзенская турма

Пры гэтым Зьміцер Дашкевіч адзначае, што пэрсанал турмаў і калёніяў ва ўсходняй Беларусі заўважна адрозьніваецца ад сваіх калегаў на захадзе краіны.

«У Мазыры ці Горках кіраўніцтва калёніі нават паміж сабой інакш як мацюкамі не размаўляе, а ў Гарадзенскай турме начальнік можа спытаць падначаленага, ці быў ён на споведзі», — кажа Зьміцер Дашкевіч і адзначае, што збольшага супрацоўнікі гарадзенскай турмы былі больш лібэральныя, чым іхнія ўсходнія калегі.

А якія ўмовы ў гэтай найстарэйшай турэмнай установе краіны? Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч найперш згадаў, што ў камэры гарадзенскай турмы яму не хапала сьвятла і цяпла. «Калі чытаў, дык прасіў усталяваць мне дадатковую лямпачку. Пагаджаліся, каб толькі ня скардзіўся», — згадвае былы палітвязень пра ўмовы асьвятленьня. «У камэры там заўсёды холадна, нават улетку я спаў у шапцы, бо галава мерзла. Сьцены пакрытыя вільгацьцю. Відаць, з-за гэтага там казалі, што калі іх раней тынкавалі, дык клалі ў тынкоўку соль», — таксама распавёў Мікалай Аўтуховіч.

Лазьня ў гарадзенскай турме толькі раз на тыдзень, але Аўтуховіч не любіў ёю карыстацца, бо там «то толькі гарачая вада, то толькі халодная». Затое рэгулярна абліваўся ў камэры халоднай вадой, бо гэта «і гігіена, і загартоўка». Паводле былога вязьня, вельмі дрэнныя выдаюцца пасьцельныя рэчы. «Ручнік і мыла ўвогуле могуць ня даць, калі ня выпрасіш». Але больш за ўсё наракаў былы вязень турмы на тамтэйшае харчаваньне.

«Высьветліў, што вязьняў турмы павінны карміць паводле 1-й прадуктовай нормы, а нас кармілі паводле 3-й. Ёсьць пэўныя прадукты, якіх там увогуле не даюць, як масла, яйкі. Але і тое, што прызначана, прыкладам, мяса, даюць менш, чым трэба. Неяк у камэры, дзе нас было 10 чалавек, вылавілі з супу ўсе мясныя валаконцы і ўзважылі, дык аказалася, што гэтага мяса толькі ў адпаведнасьці з нормай на аднаго чалавека», — згадаў Мікалай Аўтуховіч пра харчаваньне ў гарадзенскай турме.

Мікалай Аўтуховіч каля брамы гарадзенскай турмы адразу па вызваленьні

Мікалай Аўтуховіч каля брамы гарадзенскай турмы адразу па вызваленьні

Скаргі Мікалая Аўтуховіча на дрэннае харчаваньне не далі ніякага выніку, але, як адзначыў былы палітвязень, і пасьля выхаду з турмы гэтая праблема застаецца нявырашанай. «Пісаў пра гэта, казаў у шматлікіх інтэрвію, але нікога не зацікавіла, нават праваабаронцаў», — абураецца Мікалай Аўтуховіч.

Калі казаць пра адметнасьці турэмных умоваў, не абмінуць яшчэ адзін важны момант — прыбіральні. У калёніях дзеля малой і вялікай патрэбы вязьні выходзяць у асобнае памяшканьне, а ў турме мусяць рабіць усё ў тым самым памяшканьні, дзе жывуць. Але, аказваецца, у гэтым ёсьць ня толькі мінусы. «Камэра — як купэ ў вагоне, маленькі столік паміж ложкамі, а за імі „таўчок“. Не ўнітаз, а такі даўгі зь дзіркай. Яго самі чысьцілі», — апісваў Мікалай Аўтуховіч спэцыфіку жыцьця ў камэры гарадзенскай турмы.

Але пра прыбіральню ў былой менскай калёніі ў яго нашмат горшыя ўражаньні. «Там па пэрымэтры круглай пляцоўкі былі дзіркі, на якія трэба было хадзіць. Але вакол былі такія кучы, што зрабіць сваю справу было ўжо немагчыма. Гэтыя прыбіральні рэгулярна чысьцілі вязьні зь нізкім статусам, дык ім з усяго атраду за гэта зьбіралі цыгарэты», — згадаў Мікалай Аўтуховіч.

Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня за нібыта арганізацыю вулічных беспарадкаў 19 сьнежня 2010 году. Выйсьці на волю Статкевіч мае 18 сьнежня 2016 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG