Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная прэса: Нямцоў быў першай мішэньню для арміі мсьціўцаў Крамля


Сусьветная прэса працягвае абмяркоўваць забойства Барыса Нямцова ў Маскве 27 лютага. Прапануем кароткую падборку водгукаў зь некаторых амэрыканскіх і эўрапейскіх газэтаў.

The New York Times

«Самае страшнае ў забойстве Барыса Нямцова — тое, што ён сам ні ў кога не выклікаў страху» — піша ў The New York Times Маша Гесэн.

Паводле яе, ніхто ў Крамлі не аддаваў загаду аб забойстве. «Забойства Нямцова азначае пачатак чарговага новага і страшнага пэрыяду расейскай гісторыі. Крэмль нядаўна стварыў вольную армію мсьціўцаў, якія лічаць, што дзейнічаюць на карысьць краіны, не атрымліваючы ніякіх дакладных інструкцый. Хоць Нямцову не хапала палітычнай вагі, ён па лёгіцы быў першай мішэньню для гэтай злавеснай сілы» — лічыць журналістка.

Карэспандэнт The New York Times Эндру Крамэр, пішучы пра марш 1 сакавіка ў памяць забітага Нямцова і адзначаючы вялікую колькасьць удзельнікаў, скептычна камэнтуе галасы, што забойства можа азначаць пачатак новай хвалі «вулічнай» палітыкі ў Расеі: «Зусім ня факт, што гэтак адбудзецца, улічваючы шматлікія юрыдычныя перашкоды арганізацыйнага характару ў Расеі, раскол і рэпрэсіі супраць кіраўніцтва апазыцыі».

The Moscow Times

The Moscow Times цытуе Аляксандра Пажалава з Інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў у Маскве, які таксама невысока ацэньвае шанцы згуртаваньня расейскай апазыцыі пасьля сьмерці Нямцова.

На думку экспэрта, на чале расейскіх апазыцыйных партый стаяць амбіцыйныя «міні-лідэры». Ім часта цяжка дамовіцца па такіх ключавых пытаньнях, як стандарты выбараў ці найлепшыя спосабы арганізацыі акцый пратэсту.

«Адной з роляў Нямцова ў апазыцыі была роля мадэратара. Ён дапамагаў розным апазыцыйным сілам сысьціся. Ён быў прафэсійным палітыкам, у яго быў велізарны досьвед, нашмат большы, чым у іншых цяперашніх лідэраў апазыцыі» — сказаў Пажалаў.

Ён таксама пракамэнтаваў спадзяваньні, што ролю Нямцова ў апазыцыі мог бы цяпер выконваць Аляксей Навальны.

«Нацыяналістычныя заявы Навальнага не знаходзяць водгуку ў старых лібэралаў, да якіх я адношу Нямцова, Касьянава і Ўладзіміра Рыжкова. Яны баяцца, што гэтыя праявы нацыяналізму перарастуць у палітычны курс. Разыходжаньні па гэтым пытаньні перашкаджаюць зьяўленьню нейкай адной фігуры, якая ўзначаліла б апазыцыю ў цэлым» — лічыць Пажалаў.

The Financial Times

Расейскі эканаміст Сяргей Гурыеў у The Financial Times палемізуе зь Дзьмітрыем Пясковым, прэс-сакратаром Пуціна, які заявіў, што ўлада не была зацікаўлена ў забойстве Нямцова, паколькі яго папулярнасьць была непараўнальна меншай за папулярнасьць Пуціна.

Гурыеў лічыць, што без цэнзуры, прапаганды і падтасовак на выбарах Нямцоў абышоў бы па папулярнасьці цяперашняга кіраўніка дзяржавы. Гурыеў цьвердзіць, што менавіта Нямцоў «быў унікальным злучэньнем паміж старым і новым пакаленьнямі расейскіх празаходніх палітыкаў ды спалучаў у сабе аўтарытэт высокапастаўленага палітыка і беспрэцэдэнтна просталінейную крытыку ў адрас Пуціна».

Апазыцыя, заключае эканаміст, магла б згуртавацца вакол фігуры Нямцова на парлямэнцкіх выбарах 2016 года, а яго забойства пазбавіла Крэмль ад гэтай «патэнцыйнай праблемы».

Frankfurter Allgemeine Zeitung

«Хутчэй за ўсё, здарыцца так, што вельмі хутка расейскія спэцслужбы знойдуць забойцаў Барыса Нямцова, і, цалкам магчыма, гэта будуць менавіта тыя людзі, якія ў ноч на суботу націскалі на курок пісталета. Аднак гэта ні трохі ня зрушыць расьсьледаваньня гэтага забойства зь месца» — лічыць журналіст Frankfurter Allgemeine Zeitung Пэтэр Штурм.

На думку аўтара, за забойствам Нямцова наўрад ці варта бачыць прэзыдэнта Пуцін.

«Пуцін дастаткова разумны, каб разумець, што апазыцыянэр, хоць і мае пэўны лік прыхільнікаў, не ўяўляе рэальнай пагрозы для яго палітычнай сыстэмы. Тым ня менш, у апошні час Пуцін — ці то з уласнага перакананьня, ці то з палітычнага разьліку — стварыў у Расеі атмасфэру гістэрыі і нянавісьці, якая на руку самым цёмным сілам расейскага грамадзтва. І цяпер гэтае атрутнае насеньне пачынае даваць узыходы» — канстатуе Штурм.

Time

Выкарыстанне Пуціным тэрміну «правакацыя», верагодна, дастаткова, каб нагадаць сярэднестатыстычнаму гледачу дзяржаўнага тэлебачаньня аб нябачнай руцэ ворагаў Расеі і пры тым даць зразумець: калі Крэмль справакаваць, гэта можа апраўдаць яго непрадказальную рэакцыю — мяркуе журналіст Time Сайман Шустэр.

Аўтар згадвае шэраг забойстваў апанэнтаў Пуціна, у тым ліку Ганны Паліткоўскай і Аляксандра Літвіненкі, і робіць выснову:

«Улічваючы гэтыя прэцэдэнты, расьсьледаваньне забойства Нямцова, хутчэй за ўсё, будзе такім жа імглістым, дазволіўшы большасьці расейцаў выбіраць з шэрагу тэорый, ужо прапанаваных кіраўніцтвам, і гадаць пра тое, што яшчэ можна чакаць ад Крамля, гэтак груба справакаванага».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG