Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людміла Ваўчок: Цяжка працаваць з прафанамі ў спорце


Беларуская паралімпійка Людміла Ваўчок
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:43 0:00

Людміла Ваўчок

Ня ўсе ведаюць, што адна з самых уганараваных беларускіх паралімпіек Людміла Ваўчок пачынала як пасьпяховая лёгкаатлетка, была ўключана ў склад нацыянальнай зборнай на Алімпіяду-2004 у Атэны. Але ў 2001 годзе ўсё перакрэсьліла недарэчная траўма. Цяпер Людміла выпраўляецца ў Сочы, на сваю пятую Паралімпіяду.

— Пачнём зь лічбаў. За алімпійскі п’едэстал у Сочы спартоўцам асноўнай каманды абяцаюць 150, 75 і 50 тысяч даляраў адпаведна. У паралімпійцаў 50 тысяч — найвышэйшая плянка (за срэбра і бронзу — 30 і 20 тысяч). Ці апраўданая такая розьніца? Дый посьпехі паралімпійцаў аб’ектыўна большыя, чым у здаровых калегаў.

— Ну вядома, гэта неапраўдана. Калі глядзіш, як ставяцца да сваіх спартоўцаў-паралімпійцаў у іншых краінах, нават на экс-савецкай прасторы — Расея, Украіна, той жа Азэрбайджан — дык там увогуле пабудавана так, што прывозіш мэдаль з Алімпіяды, і табе пажыцьцёва даецца пэнсія. То бок ты нешта важкае зрабіў для гонару дзяржавы, таму за сваю працу будзеш забясьпечаны. Прынамсі, чалавек ведае, што ўсе ягоныя высілкі ўрэшце будуць апраўданыя. Іншымі словамі, у бальшыні краінаў ужо ня дзеляць — алімпіец ты ці паралімпіец. Усе ўмовы выраўнялі і цэняць усіх аднолькава. Таму ў гэтым сэнсе, вядома, хацелася б болей увагі і з боку нашай дзяржавы.

Людміла Ваўчок і яе мэдалёвая калекцыя
Людміла Ваўчок і яе мэдалёвая калекцыя


— Калі азірнуцца на апошнія старты чатырохгодзьдзя, то паралімпійцы — галоўныя здабыўцы мэдалёў у беларускую скарбонку. Гэта пры тым, што інваспорт за мяжой разьвіваецца вельмі імкліва. Наколькі адпавядае запатрабаваньням часу ўвага з боку спартовых функцыянэраў?

— Тут увогуле цяжка пра нешта гаварыць... На жаль, вельмі мала прафэсіяналаў, якія гатовыя рабіць сваю справу з сапраўдным фанатызмам. Гэтага цяпер няма. Як ёсьць — так і добра, вось і ўсё. Сказана ўсім ехаць у горы ў Італію — едзем. А тое, што гэтыя горы нікому не патрэбныя, гэта ня тая падрыхтоўка, якая патрэбная, — нікога не хвалюе. Бо калі ехаць у горы, то непасрэдна на самі старты, на спаборніцтвы. А прыехаць дадому і сядзець два тыдні бязь сьнегу — то гэта фактычна змарнаваныя і грошы, і час. Як мы змагаліся за тое, каб паехаць у Эстонію, а ня ў горы — трэба было бачыць. Кожны спартовец патрабуе індывідуальнага падыходу, у якім найбольш абазнаны трэнэр, а ня нехта ў чыноўніцкім кабінэце. Але, як сьведчыць практыка, вельмі мала хто ідзе насустрач.

Траса лыжных гонак
Траса лыжных гонак


— Як вынік — некаторыя паралімпійцы проста зьяжджаюць у іншыя краіны, выступаюць за ўчорашніх канкурэнтаў. Асабіста вам як неаднаразовай чэмпіёнцы падобныя прапановы былі?

— Гэта так, людзі зьяжджаюць. А чаму не? Як у той прымаўцы: рыба шукае, дзе глыбей, а чалавек — дзе лепей. Так і тут. Што тычыцца асабіста мяне, то таксама былі прапановы — з Расеі, з Казахстану. Але каб адразу вось так нешта радыкальна ў жыцьці зьмяніць? Я так не магу. Тут ужо абжылася, дзяржава больш-менш падтрымлівае, тут сям’я. Збольшага нібыта нармальна, прынамсі пакуль жывецца, працуецца. А што будзе некалі — хто ж яго ведае? Потым будзе потым. Да таго ж у мяне і цывільная адукацыя ёсьць: я адвучылася ў Інстытуце турызму і гасьціннасьці пры Ўнівэрсытэце фізкультуры і спорту, скончыла магістратуру па спэцыяльнасьці «гасьціннасьць».

— Ва ўмовах бясьсьнежнай беларускай зімы ўсё ж удалося дайсьці да патрэбнай кандыцыі?

— Канечне, вельмі сумна, што не было сьнегу і падрыхтоўка вялася, скажам так, ва ўрэзаным фармаце. Таму даводзіцца канстатаваць, што да галоўных стартаў падыходзім, на жаль, ня ў лепшай форме. Сапраўды, амаль месяц тут сядзелі бязь сьнегу, а потым адразу паехалі на спаборніцтвы, на этап Кубку сьвету ў нямецкі Обэрсдорф. Ня буду хаваць — вынікі не найлепшыя. Але хоць парадаваліся: паколькі гэта перадальпійская гарыстая мясцовасьць, сьнегу было шмат, ад радасьці нават ня ведалі, што зь ім рабіць (сьмяецца). Толькі тыдзень таму павярталіся...

Чарговая “вікторыя”
Чарговая “вікторыя”


— Вялікая каманда паралімпійцаў выпраўляецца ў Сочы?

— Усяго 14 спартоўцаў, а дэлегацыя суправаджэньня — мабыць, чалавек за 30. То бок на кожнага па два «кантралёры». Зьнешне прадстаўніцтва як бы і невялікае, але, прыкладам, калі мы езьдзілі на паралімпійскія гульні ў Турын, у нас увогуле было 6 спартоўцаў. Але мы прывезьлі адтуль 9 мэдалёў! А зараз па што мы паедзем, па якія мэдалі, па якія вынікі — шчыра кажучы, я ня ведаю. У сэнсе выніковасьці для нас гэта будзе, мабыць, адна з самых цяжкіх Алімпіядаў. Нашы супернікі не стаяць на месцы, яны шмат і вельмі карпатліва працуюць, угнацца за імі будзе надзвычай складана. Але будзем даганяць, будзем змагацца.

— Калі ня браць пад увагу сьнегавую праблему, ці дазваляе наяўная інфраструктура паўнавартасна рыхтавацца да такіх стартаў, як Алімпійскія гульні? Ці патрэбная паралімпійцам спэцыялізаваная база?

— Справа ня столькі ў спэцыялізаванай базе. Найперш неабходныя людзі — адмыслоўцы, трэнэры, якія добра разумеюць сам працэс падрыхтоўкі. Якія б бачылі, што калі мы сядзім бязь сьнегу, то такога дапусьціць ні ў якім разе нельга, спорт высокіх дасягненьняў такой «раскошы» не дазваляе. Дарэчы, у тым выпадку, пра які я згадвала, збор можна было зрабіць і ў Расеі. У зьвязку з новымі шэнгенскімі правіламі ў нас пэрыядычна ўзьнікаюць праблемы са знаходжаньнем за мяжой, таму можна было выехаць і ў Расею. Але ніхто нават не варушыцца, усім абсалютна абыякава. Такога, шчыра кажучы, у нас яшчэ не было. Мой трэнэр Тамара Шыманская ў выніку проста сышла, бо немагчыма працаваць зь людзьмі, якія нічога не разумеюць у спорце. Паколькі яны самі не спартоўцы па жыцьці, то зь імі сапраўды цяжка кантактаваць.

— Людміла, вы шмат езьдзіце і можаце параўнаць узровень безбар’ернасьці ў Беларусі і за мяжой. Хоць бы з праекцыяй на мінулагодні скандал, калі ахоўнікі не пусьцілі вас у начны клюб нібыта дзеля вашай жа бясьпекі...

— Вось гэта праблема. Праблема з праблемаў, якую трэба вырашаць, калі мы хочам звацца цывілізаванай краінай. Многія гэтага папросту не разумеюць. Прыкладам, я, калі была цяжарная, прасіла, каб мне ў пад’езьдзе зрабілі электрапад’ёмнік. Вы не ўяўляеце, зь якой праблемай я сутыкнулася, даводзілі літаральна да сьлёз. Урэшце адмахнуліся: маўляў, у нашай кампэтэнцыі зрабіць толькі пандус. Але ў дадзенай канструкцыі выходзіць занадта круты пандус. Я ўжо была згодная, але пры ўмове — калі вы на маім інвалідным вазочку падымецеся па сваім жа пандусе. Тады рабіце што хочаце, але разумеючы, што жыцьцё ў мяне дастаткова актыўнае, а тут і бардзюры, і прыступкі. Пры такім нашым «безбар’ерным» асяродзьдзі патрабуецца спэцыялізаванае навучаньне, каб можна было валодаць вазочкам. Сапраўды, цяпер шмат што для нас даступна, але сям-там усталёўваюць ліфты, якімі недзе можна і спусьціцца, і падняцца. Але ўсё роўна для іх працы вызначаны пэўны час. А мы такія ж людзі: таксама можам пагуляць і ўначы, і вярнуцца позна ўвечары, і ўва ўсіх розны рэжым працы, да графіку не прывяжаш. Вядома, хацелася б, каб усё было даступна.

Штодня даводзіцца штурмаваць прыступкі
Штодня даводзіцца штурмаваць прыступкі


— Многія ў курсе, што атрыманая вамі траўма — якраз вынік жаданьня быць «на перадавой»: палезьлі на дах інтэрнату наладзіць антэну, каб пачуць навіны пра тэрарыстычную атаку на вежы WTC у Нью-Ёрку.

— Так, гэта было акурат 12 верасьня 2011 году, у пакоі не паказваў тэлевізар, трэба было падкруціць антэну. Ну, а як інакш? Усенародная трагедыя, хацелася быць у курсе, ведаць, што там адбываецца, а тут раптам нічога не працуе. Трэба было нешта тэрмінова рабіць, і я доўга ня думала — што менавіта. Палезла рамантаваць. Але вось наступствы, ужо больш за 12 гадоў мінула, цяжка нават уявіць.

— А перад гэтым на Алімпіяду ў Сыднэй езьдзілі ў камандзе асноўнай?

— Так. Праўда, тады я была яшчэ, можна сказаць, зусім маленькая, 19 гадоў усяго. То бок паехала юніёркаю — збольшага як маладая і пэрспэктыўная. Дзесьці вось у такім статусе. Пераважна як «турыстка».

— Нейкі далёкі арыенцір для сябе акрэсьліваеце? Колькі Алімпіядаў яшчэ маеце намер захапіць?

— Я ня ведаю наконт Алімпіядаў, бо цяпер вельмі цяжка псыхалягічна. У мяне дзяўчынка маленькая, і, як у любой маці, надзвычай абвостраны мацярынскі інстынкт — я па ёй вельмі сумую. Цяжка яе пакідаць, а ў нас выезды, зборы, спаборніцтвы займаюць агулам па шэсьць месяцаў на год. Я ведаю, што страчваю вельмі шмат момантаў, як яна падрастае, а гэтага так шкада! Вядома, стараюся браць яе з сабой, калі ёсьць магчымасьць, але такое здараецца рэдка, таму пакідаю на бабулю. Вось неяк так і ўдаецца мірыцца. Зрэшты, як і ўсім мамам-спартоўкам, праблема аднолькавая для ўсіх. Але як чалавек дарослы, які да ішоў да сваёй мэты асэнсавана, я адчуваю за сабой пэўную адказнасьць, таму гэты момант таксама ня хочацца прапускаць. Думаю, да Сочы трэба патрываць, а ўжо далей паглядзім, як пойдзе. А ня пойдзе — то трэба будзе закругляцца. І калі ўжо такое здарыцца, то буду спрабаваць сябе ў новай прафэсіі.

2-гадовая Насьця: смачна есьці!
2-гадовая Насьця: смачна есьці!


Людміла Ваўчок нарадзілася ў 1981 годзе ў Сьмілавічах. Ад 1998 году — у Рэспубліканскай школе вышэйшага спартыўнага майстэрства, выканала нарматыў майстра спорту. У 2000-м заваявала бронзавы мэдаль лёгкаатлетычнага Кубка Эўропы, зьезьдзіла на Алімпіяду-2000 у Сыднэй і была ўключана ў склад нацыянальнай зборнай для падрыхтоўкі да Алімпійскіх гульняў-2004 у Атэнах. Аднак у 2001 годзе атрымала цяжкую траўму хрыбта, стала інвалідам 1 групы. Пасьля рэабілітацыі, ужо ў інвалідным вазочку, прыйшла ў інваспорт. У 2005-м пачала займацца ў трэнэра Тамары Шыманскай, і дзякуючы яе настойлівасьці ўвайшла ў склад нацыянальнай паралімпійскай каманды. У 2006 годзе дэбютавала ў Турыне і заваявала чатыры мэдалі ў лыжных гонках. Паралельна пачала спаборнічаць у адаптацыйным веславаньні і на летняй Паралімпіядзе ў 2008 годзе ў Пэкіне ўзяла срэбра. Найбольшага посьпеху дабілася чатыры гады таму ў Ванкувэры: 2 золаты і 2 бронзы. На Паралімпіядзе-2012 у Лёндане, праз паўгода пасьля нараджэньня дачкі Насьці, заваявала бронзу ў веславаньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG