Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не захоп улады, а песьня


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Пад Масквой сабраліся пабудаваць рэйхстаг. Навошта? Для трэніроўкі. Для падтрыманьня патрыятычнага гарту. «Спасибо деду за победу», як напісана на некаторых беларускіх аўто.

А афіцыёзны рэжысэр сабраўся здымаць мастацкае палатно пра «свабодалюбныя» «ДНР» і «ЛНР». Можа разьлічваць на грошы ад іхняга Мядынскага.

Што сказаць? Рускі мядзьведзь не мяняецца. А мы, нагадаю, у ягоных абдымках. Дваццацігадовымі стараньнямі начальства. Мядзьведзь столькі ўклаў мільярдаў у саюзьніцу, што мае нібыта поўнае права валодаць «вотчынай». Ня кажучы, хто плаціць, той заказвае музыку.

Але дурнічка трымціць як асінавы ліст ад страху «нацыяналістаў». За дзьвярыма сібірскі мядзьведзь бразгае зброяй, а ёй страшна ад міронавых сьцягоў. Традыцыя! Так запалохалі, што сапраўднай небясьпекі не адчувае. Такое бывае. Сындром малодшага брата, які любіць глядзець у рот старэйшаму. Прывучаны.

Падмаскоўны рэйхстаг, будучая кінасага пра матаролу і гэтак далей чапляюць вока, што ні кажы. Калі мы калектыўна ў абдоймах таго мядзьведзя, не зважаць на яго немагчыма. Але самая ўражлівая навіна тыдня ад старэйшага брата — панэгірык ТАСС у выглядзе інтэрвію з крымскім Чалым. Пад слаўным загалоўкам аб тым, што яны «даўно рыхтавалі захоп улады». У Севастопалі і ў Крыме.

Чуеце: захоп улады!

Як не праслаўляць былога змоўшчыка, калі ён на месцы дапамагаў, як падпольшчык, самому вялікаму Пуціну! Зь якім потым братаўся і абдымаўся ў Крамлі. Разам з сімфэропальскім аднадумцам. А менавіта ён, Пуцін, заявіў, што падрыхтаваў апэрацыю па адарваньні ад Украіны крымскага паўвострава. Сам зарабіў, сам павесіў сабе ляўровы вянок.

І пытаньне: ці ўсьведамляе начальства, што ў зьмесьце самапахвальных прызнаньняў таго Чалага?

Што ўкраінская бясьпека ў Севастопалі, Сімфэропалі, Кіеве скрозь пальцы глядзела на змоўшчыкаў. Вынік — анэксія Крыму і вайна ў Данбасе. Няўжо не прасачылася, што людзі захоп улады рыхтавалі ажно дзесяць гадоў? Цяжка паверыць.

Хто можа гарантаваць, што свайго часу не чакаюць Чалыя ўласнай гадоўлі? Ніхто. Традыцыйна ўся ўвага ў адваротны бок. Пад каўпаком патрыёты. Тыя, хто не жадае, каб Беларусь далучылі да суседняй расейскай вобласьці. Хто рукамі і нагамі — за незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі. Яны — пад лупай. Гэта галоўнае для начальства. Значыць могуць спаць спакойна іншыя, каму Беларусь у якасьці асобнай краіны не даспадобы.

Украіна ўтрымалася толькі дзякуючы патрыётам. Каго яна раздражняла, ухіляліся, каб ня трапіць на вайну. У Беларусі патрыёты традыцыйна пад падазрэньнем. Бо тут любоў да незалежнасьці, да свабоды, да Беларусі (ня кажучы аб дэмакратыі) заўсёды ўспрымаюцца як небясьпечныя пачуцьці. Нават калі зусім плятанічныя і іншымі быць ня могуць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG