Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацыяльна-эканамічны крызіс высьвеціў, выцягнуў на паверхню яшчэ адну праблему, якая раней была трохі на пэрыфэрыі ўвагі. Афіцыйныя асобы (у прыватнасьці, міністар інфармацыі Лілія Ананіч) выступілі з пагрозамі на адрас незалежных мэдыяў і карыстальнікаў сацыяльных сетак за тое, што тыя пасьмелі крытыкаваць высокіх чыноўнікаў. Напрыклад, віцэ-прэм’ера Натальлю Качанаву, якая заявіла, што беларускія дактары як працуюць, так і зарабляюць, ці пра тое, што заробак маладога трэнэра памерам 1,3 мільёна белрублёў — нармальны. Афіцыйныя асобы абвінавацілі незалежныя мэдыі і інтэрнэт-форумы ў імкненьні дэстабілізаваць сытуацыю ў краіне, арганізаваць Майдан.

Такая рэакцыя чыноўнікаў падалася неадэкватнай, нават гістэрычнай. Але, думаю, па меры нарастаньня крызісу гэтая праблема будзе толькі павялічвацца.

Але тут існуе шырэйшы кантэкст. Справа ў тым, што ў цяперашняй палітычнай сыстэме адсутнічае мэханізм камунікацыі ўлады з насельніцтвам, мэханізм зваротнай сувязі з грамадзтвам. Камунікацыя адбывалася выключна зьверху ўніз. Улада прымае рашэньне, даводзіць яе да народа, зрэдку спрабуе тлумачыць у выгадным для сябе ракурсе. А добранадзейныя падданыя ківаюць галовамі ці маўчаць. Як пісаў клясык, «народ безмолвствует». Ніякія сур’ёзныя дыскусіі, абмеркаваньні, спрэчкі ў гэтай сыстэме не прадугледжаныя.

Але тут выйшла неспадзяванка. Па-першае, здарыўся эканамічны крызіс, беларуская сацыяльная мадэль загнівае, адбываецца дэмантаж сацыяльнай дзяржавы. У грамадзтве нарастае напружанасьць. Як вынік, з аднаго боку, чыноўнікі вымушаны нешта тлумачыць. Зрабіць гэта ўцямна ўвогуле цяжка. А зь іншага боку, людзі сталі больш прыслухоўвацца да інфармацыі зьверху. Крызіс палітызуе грамадзтва.

І выявілася другая праблема. Вышэйшыя чыноўнікі проста няздольныя і не гатовыя да публічнай палемікі, да ўцямнага камэнтаваньня складанай сытуацыі ў краіне. Іх гэтаму не вучылі.

Беларускія ўрадоўцы — не публічныя палітыкі, яны не прайшлі адбор выбарамі, як іхнія калегі ў дэмакратычных краінах, таму дрэнна адчуваюць настрой грамадзтва. Як вынік, пэрыядычна робяцца такія недарэчныя заявы, якія выклікаюць абурэньне. Акрамя згаданых заяваў Натальлі Качанавай, можна ўзгадаць, як міністар працы Марыяна Шчоткіна казала калісьці, што калі вам не хапае заробку — шукайце іншай працы, на дзьвюх працуйце. Таксама былая кіраўніца Нацбанку Надзея Ермакова на пасяджэньні «Белай Русі» заклікала людзей эканоміць, быць сьціплымі — і гэта казаў чалавек, які жыве ў шыкоўным доме ў так званым «царскім сяле».

І, нарэшце, па-трэцяе, мы назіраем фэномэн сацыяльных сетак, інтэрнэт-форумаў. Гэта новая зьява, да якой улада дрэнна гатовая. Сацыяльныя сеткі якраз стыхійна стварылі віртуальны мэханізм зваротнай сувязі. І чыноўнікі атрымалі адказ зьнізу, ад таго самага народу. І адказ адэкватны.

І тут высьветлілася, што палітычную барацьбу, палеміку ў інтэрнэце, улады прайгралі ўшчэнт, з разгромным лікам.

Гэта стала для іх нечаканасьцю, шокам. Яны, вобразна кажучы, зазірнулі ў люстэрка. І тое, што там убачылі, ім вельмі не спадабалася. Адсюль такая нэрвовая рэакцыя.

Яны, мусіць, верылі ў тыя прапагандысцкія міты і клішэ, якія самі распаўсюджваюць празь дзяржаўныя мэдыі, што талерантны беларускі народ усё разумее і ўвесь як адзін падтрымлівае любімага прэзыдэнта ва ўсіх ягоных справах. Але гэты добры народ зьбівае з панталыку кучка адмарозкаў, якія акапаліся ў незалежных мэдыях. І калі іх прыціснуць, запужаць ці пабіць з дапамогай міліцыянтаў, то ўсё вернецца ў звыклую каляіну.

Але, здаецца, так ужо ня будзе. Сацыяльныя сеткі — гэта джын, які выпушчаны з бутэлькі. І назад яго не загнаць. Чыноўнікам давядзецца мець справу з новай рэальнасьцю.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG