Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сто тысяч даляраў і віскі ў дадатак


Сяргей Сідзько (у чорным), у сьветлым — Андрэй Турчанка
Сяргей Сідзько (у чорным), у сьветлым — Андрэй Турчанка

На працэсе над былым старшынём Белкаапсаюзу Сяргеем Сідзьком, які пачаўся 8 красавіка ў Вярхоўным судзе, сталі вядомыя падрабязнасьці таго, як адносна высокапастаўленага чыноўніка вялося сьледзтва. Увагу прыцягнулі і зьвесткі пра хабар бутэлькамі віскі, якія нібыта рэгулярна перадаваліся падсуднаму.

Віскі — абавязковы дадатак да хабару

Абвінавачваньне, якое выстаўлена Сяргею Сідзьку, складаецца з 11 эпізодаў. Двойчы былы старшыня, паводле сьледзтва, атрымліваў аднаразова па 24 тысячы даляраў хабару, аднаго разу — 21 тысячу, 15, 14 тысяч, двойчы — па 10 тысяч даляраў. У іншых эпізодах сумы хабару фігуруюць меншыя — 6,6 тысяч, 3,4 тысячы, 2.4 тысячы даляраў. Усяго хабару сьледзтва налічыла больш як на 100 тысяч даляраў, альбо 633 мільёны беларускіх рублёў паводле курсу 2010–2012 гадоў.

Амаль ва ўсіх эпізодах, паводле сьледзтва, разам з грашыма Сяргею Сідзьку перадавалі віскі, часьцей за ўсё Johnnie Walker Black Label. Прычым, калі хабар быў самы вялікі — 24 тысячы даляраў, тады перадаваліся 3 бутэлькі дарагога напою, калі хабар малы — толькі адна, а калі разьлічваліся беларускімі рублямі, дык абыходзіліся ўвогуле бязь віскі. Самы малы хабар — у 1 тысячу даляраў — Сідзьку, паводле сьледзтва, перадаваў абвінавачаны Ўладзімер Ленскі ў чэрвені 2012 году. Разам з грашыма, як паведаміў пракурор Мяцельскі, была перададзеная бутэлька віскі, але гэтым разам ня Black Label. Зачытваючы складаную назву напою, пракурор некалькі разоў памыліўся і ўрэшце засьмяяўся. Яго падтрымалі ў судовай залі, а ў жалезнай клетцы разам з пракурорам сьмяяўся і Сяргей Сідзько. Пазьней ён заявіў суду, што не прызнае сябе вінаватым па ніводным з заяўленых сьледзтвам эпізодаў.

Роля КДБ у справе Сідзька

Затрымлівалі Сяргея Сідзька ў ліпені 2013 году супрацоўнікі КДБ, дзе адпачатку і вялі ягоную справу. Як стала вядома на першым судовым пасяджэньні, апошні хабар у тысячу даляраў разам з бутэлькай віскі са складанай назвай — гэта быў «сьледчы экспэрымэнт» па заданьні апэратыўнікаў КДБ, які правёў абвінавачаны Ўладзімер Ленскі, былы намесьнік дырэктара будаўнічай фірмы «Будсэрвіс». Уладзімер Ленскі, як стала вядома на судзе, прызнае сваю віну ў перадачы хабару і падчас сьледзтва быў не пад вартай, а пад хатнім арыштам.

Сяргей Сідзько пад вартай зь лета 2013 году. 8 красавіка ў судзе адвакатка падсуднага заявіла хадайніцтва пра тое, каб Сідзьку зьмянілі меру стрыманьня на падпіску пра нявыезд. У якасьці закладу была прапанаваная кватэра ў Берасьці коштам 900 мільёнаў рублёў. Суд палічыў, што Сяргея Сідзька і надалей трэба трымаць за кратамі, бо ён абвінавачваецца ў асабліва цяжкім злачынстве.

Сваякі падсуднага, якія прысутнічалі на першым судовым паседжаньні, ад камэнтару для Свабоды адмовіліся.

Каго судзяць разам зь Сяргеем Сідзьком?

Такім чынам, з 6 абвінавачаных па справе пад вартай трымаюць толькі двух — Сяргея Сідзька і Андрэя Турчанку. Стала вядома, што Андрэй Турчанка — грамадзянін Украіны, з Днепрапятроўскай вобласьці. Ва Ўкраіне ён быў асуджаны на 10 год і выйшаў на волю паводле амністыі, судзімасьць зь яго была зьнятая. Ягоная роля ў справе Сяргея Сідзька для назіральнікаў за працэсам пакуль невядомая.

Андрэй Турчанка (на пярэднім пляне)
Андрэй Турчанка (на пярэднім пляне)

Год пад вартай падчас сьледзтва знаходзіўся былы начальнік аддзелу капітальнага будаўніцтва Белкаапсаюзу Дзьмітры Калодзезны, які фігуруе ў шэрагу эпізодаў аб хабары Сяргею Сідзьку. Цяпер Дзьмітры Калодзезны таксама пад хатнім арыштам, але пры гэтым працуе, каб утрымліваць сям’ю.

У эпізодзе аб перадачы хабару за магчымасьць будаваць краму ў Горках фігуруе былы дырэктар будаўнічай фірмы «Санатастрой» Дзьмітры Дранькоў. Паводле гэтай справы ў 2013 годзе падсудны быў пад вартай два тыдні. Але годам раней Дзьмітры Дранькоў быў асуджаны на 3 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 2 гады за садзейнічаньне ў службовым злоўжываньні. Цяпер яму пагражае да 5 гадоў за дачу хабару ў вялікім памеры, і калі суд прызнае яго вінаватым, у сілу ўступіць і ранейшы прысуд.

Убаку (як фізычна, так і па сутнасьці) ад асноўнай групы падсудных апынулася Элеанора Сізук, якая раней працавала намесьнікам начальніка аддзелу капітальнага будаўніцтва Белкаапсаюзу. У першы дзень суду стала вядома, што яна фігуруе ў эпізодах хабару, якія ня тычацца Сяргея Сідзька. На пачатку сьледзтва жанчына не прызнавала сваёй віны, але потым прызнала цалкам і, як яна заявіла суду, гатовая пацьвердзіць гэта на працэсе. Элеанора Сізук прасіла суд дазволіць ёй абараняцца самой, без адваката, але суд не задаволіў гэтае хадайніцтва. У першы дзень працэсу стала вядома, што Элеанора Сізук пасьля арышту ўлетку 2013 году год адбыла пад вартай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG