Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Богам забытыя і абрабаваныя людзьмі храмы беларускага Ўсходу — цікавейшыя за раскручаныя турыстычныя аб’екты, вядомыя нам зь дзяцінства. Гэтая думка прыйшла мне ў галаву, калі я стаяў на засьнежанай вуліцы мястэчка Расна перад велічнымі калёнамі езуіцкага касьцёла. Ні парыскаму Нотр-Даму, ні Кёльнскаму сабору нічога не пагражае. Паглядзець гэтыя цуды можна і праз сто гадоў. А вось раснаўскі касьцёл у стылі клясыцызму, адзіны такі ва Ўсходняй Беларусі, можна праз колькі гадоў і не пабачыць. Вось толькі хвалюе гэта ў Расьне аднаго чалавека. Настаўніцу гісторыі мясцовай школы Іну Ляхоўскую. Нядаўна пані Іна прачытала ў мясцовай газэце, што касьцёл зьбіраюцца пазбавіць статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці рэспубліканскага значэньня.

— Мяне гэта ўзьліла. Я пра гэта прачытала літаральна тыдзень таму. Мне крыўдна і незразумела, як можна такі помнік пазбавіць рэспубліканскага статусу. На Магілёўшчыне больш няма касьцёлаў у стылі клясыцызму. Каталікам яго рэальна не аднавіць. Але тады перахрысьціць яго ў праваслаўе.

А яшчэ ў Расьне захаваліся самыя вялікія габрэйскія могілкі. Але захаваліся ня толькі таму, што тут жыло многа габрэяў. А найперш дзякуючы маральнасьці саміх раснаўцаў.

— Я ўдзельнічала ў каталягізацыі гэтых могілак. 475 помнікаў за два дні прывялі ў парадак і перапісалі. Гэта мінімум, які захаваўся з 18-га стагодзьдзя. І ніводнага помніка з гэтых могілак ніхто ня вынес. Ні на склад, ні ў хлеў, ні ў падмурак. У Расьне такіх выпадкаў не было. Гэтыя помнікі стаяць, як іх паставілі. Калі ўпалі, дык упалі. Нікому ў галаву не прыходзіла зносіць нешта з могілак.

Каталікоў у Расьне няма. Але, як распавяла мне 85-гадовая Алена Юрковіч, у ваколіцах мястэчка некалі, да вайны, былі каталіцкія вёскі. І іх насельнікаў называлі ліцьвінамі.

— Ліцьвіны тута былі. Вось яны і хадзілі ў гэты касьцёл. Яны жылі ў Малькаўцы і ў Тугальдаве. Каталіцкія былі вёскі. А адкуль яны перасяліліся, з Латвіі ці Літвы, я ня ведаю. Называлі іх ліцьвінамі.

А вось будынку колішняга праваслаўнага храма нічога не пагражае. Тут цяпер навучальныя аўдыторыі, дзе вучацца дзеці са школы-інтэрнату для разумова адсталых. Шукаючы суразмоўцы, я міжволі зазірнуў у клясу, дзе ішоў урок матэматыкі для малодшых школьнікаў. Ніякіх дзіўных асаблівасьцяў у паводзінах дзяцей не заўважыў.

Псыхоляг Вольга Марціновіч паказала мне інтэрнатаўскі музэй, які выкліча захапленьне ў чалавека любога ўзросту. У звычайнай хаце сабраныя старыя рэчы. Ад калаўрота да радыёлы. Але галоўная фішка музэя — вялікія, амаль у рост чалавека, лялькі, якія ў гэтым доме жывуць.

Сядзяць за сталамі, нешта робяць. І гэта ўсё зроблена рукамі дзяцей. Але ня так усё гладка і соладка. Слова пані Вользе.

— Што такое разумовая адсталасьць? Гэта татальнае ці лякальнае паражэньне кары галаўнога мозгу. Дзіця не засвойвае праграму сярэдняй школы не таму, што яно такое кепскае, а таму, што яму гэта ня дадзена. Тут праграма лягчэйшая. Мы не даём глыбокіх ведаў па фізыцы, біялёгіі, матэматыцы. Усё на самым даступным узроўні. Наша задача — атрымаць на выхадзе чалавека, які можа чытаць, пісаць, лічыць.

— Гэта пра мяне. Я пасьля школы ўмею пісаць і чытаць. І за ўсё жыцьцё мне, акрамя беларускага алфавіту, нічога не спатрэбілася.

— Я ўсё ж лічу, што чалавек павінен імкнуцца да большага. Да найбольшага, што яму дадзена.

Якія асацыяцыі ў вас выклікае такая фраза: «Правінцыйная настаўніца ў школе для разумова адсталых дзяцей»? Калі хочацца паспачуваць, дык дарэмна. Я гутару з чалавекам шчасьлівым, жыцьцярадасным і, гэта бачна адразу, такім, які атрымлівае задавальненьне ад сваёй працы.

— У нас ёсьць навучаньне па праграме дапаможнай школы, гэта першае аддзяленьне. Гэта больш пасьпяховыя дзеці. Мы іх арыентуем на атрыманьне прафэсіі. А ёсьць дзеці з другога аддзяленьня. Яны прафэсію асвоіць ня змогуць. Яны маюць вельмі сур’ёзныя парушэньні ў паводзінах, яны маюць парушэньні ў псыхіцы. У нас ёсьць сумны выпадак, калі наш вучань забіў сваю бабулю. Якая яго карміла і паіла. Шызафрэнія. Штосьці перамкнула. Пакуль ён быў у школе, яму дапамагалі. А як толькі ён апынуўся ў неспрыяльным асяродзьдзі, вось такое здарылася.

— Гэта адзінкавы выпадак?

— Я ў школе працую ўжо 23 гады. На маёй памяці досыць шмат выпускаў было. І вось такіх дзяцей, якія апынаюцца ў турме, ня так многа. Я не магу сказаць у працэнтных суадносінах. Бо мы не заўжды ведаем пра лёс нашых дзяцей дастаткова. Многія шукаюць кантакту. Знаходзяць нас праз сацыяльныя сеткі. Мы тады стараемся падтрымліваць зь імі адносіны. А многія — наадварот. Сыходзяць і ня хочуць успамінаць пра сваё мінулае. Многія прыяжджаюць да нас з удзячнасьцю. Тыя самыя адпетыя, якія крычалі: «Божа! Як нам гэта ўсё нам дорага! Як мы вас ненавідзім! Нам бы мамы-таты нашы!» Яны прыяжджаюць і кажуць: «Дзякуй вам і шкада, што вы нас мала ў строгасьці трымалі». Некаторыя выпіваюць, а адзін вось вісіць у Дрыбіне на Дошцы гонару. Так прыемна. Ажаніўся, сына гадуе.

Па прыгажосьці ляндшафту і па колькасьці помнікаў архітэктуры Расна дасьць фору любому ўсходняму райцэнтру. На беразе жывапіснага возера яшчэ захаваліся руіны старога млына.

А на пагорку стаіць мураваная сядзіба памешчыка Спыткова.

У 1918 годзе бальшавікі тут зрабілі школу. Якая гадоў дваццаць таму пераехала ў новы будынак. А што зрабіць са старой сядзібай, улады не прыдумалі. Былая дырэктарка школы Вера Карабанава жыве каля самага помніка архітэктуры. Які памятае яшчэ з даваенных часоў.

— Першы раз я была ў той школе ў 41-м годзе. І ляпніна была ўзорыстая, і золатам была пафарбавана. Камін быў. Былі росьпісы на сьценах. Клясы ўсе былі прахадныя. А ў касьцёле быў клюб. Ён быў неразбураны. І арган быў, і арганіст быў. І арганныя канцэрты даваў, пакуль не памёр перад вайной. А панскі дом... Як пабудавалі новую школу, тут усё разьбілі. Ніхто не хацеў глядзець. Людзі нашы ўсё раскурочылі. Мне брыдка глядзець, я не магу туды хадзіць. Няўжо нельга было неяк закансэрваваць?

Расна
Расна

Незвычайную гісторыю ўзгадала Вера Міронаўна. Пра тое, што пісалася ў мясцовай акупацыйнай газэце пасьля Сталінградзкай бітвы.

— Я помню гэта вельмі добра. Я вельмі любіла чытаць. Немцы прывозілі газэты на расейскай і беларускай мовах. І мы іх чыталі. І я на ўсё жыцьцё запомніла: калі адбыўся разгром пад Сталінградам, радаваліся ўсе ціхенечка. А ў газэце пісалі, што «пройдуць стагодзьдзі, і кожны немец са сьвятарным жахам будзе ўспамінаць слова «Сталінград». І яшчэ яны напісалі перад адступленьнем: «Мы сыдзем, а вы сто гадоў яшчэ ваяваць будзеце». Гэта пісалася ў 43-м.

— А пра што гэта было?

— Першае, пра што мы падумалі, — гэта міны. Хлопцы з нашай вуліцы падарваліся на тых мінах. Аднаго разарвала на кавалкі. Бацькаў стрыечны брат на Данбасе быў. З Данбаса траіх дзяцей прывёз. І хлопчыкі былі добрыя, нікуды ня лезьлі.

Старая Вера думае, што немцы мелі на ўвазе тую гару мін, што яны пакінулі пры адступленьні. Але суседзтва словаў «вайна» і «Данбас» нараджае зусім іншыя здагадкі. Няўжо гітлераўцы ўжо тады, пры адступленьні, назіраючы нянавісьць і хлусьню, прадбачылі, чым гэта скончыцца празь дзесяцігодзьдзі?...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG