Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму расьце доля беларусаў за рысай беднасьці


Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Дзьмітры Гурневіч, Віталь Цыганкоў.

Карбалевіч: Звычайна эканамісты і СМІ зьвяртаюць увагу на сярэдні заробак па краіне. Дарэчы, ён падае, нягледзячы на аптымістычныя заявы кіраўнікоў ураду, што, нібыта, краіна выходзіць з рэцэсіі. Паводле афіцыйнай статыстыкі, сярэдні заробак падае другі месяц запар. Рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва, якія ўлічваюць інфляцыю, зьнізіліся за год на 7,2%.

Але сярэдні заробак — гэта як сярэдняя тэмпэратура па шпіталі. У верасьні больш чым у палове раёнаў Беларусі сярэдні заробак быў ніжэйшы за 300 даляраў. У трэцім квартале 2016 году доля грамадзян краіны з узроўнем сярэднедушавых наяўных рэсурсаў ніжэйшым за бюджэт пражытковага мінімуму склала 5,7%, тым часам як у першым квартале яна складала — 5,4%, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт. Ёсьць пытаньні наконт самога вызначэньня бюджэту пражытковага мінімуму, але ня будзем цяпер паглыбляцца ў гэтую праблему.

Але ёсьць факт: значная частка насельніцтва знаходзіцца на мяжы фізычнага выжываньня. Асабліва заўважнае зьбядненьне насельніцтва ў рэгіёнах. Там гандаль рэзка ўпаў. У райцэнтрах вопратку на рынках купляюць пад расьпіску, што грошы вернуць потым. Расьце колькасьць людзей, якія ня могуць аплаціць камунальныя паслугі.

І гэтая зьява новая для Беларусі. Гэта вяртаньне ў пачатак 1990-х гадоў, калі быў востры крызіс пасьля распаду СССР. Потым шмат гадоў быў рост дабрабыту. Зьявіўся спажывецкі бум, краіна ўступіла ў эпоху спажывецкай рэвалюцыі. Людзі актыўна будавалі новыя кватэры, куплялі ці будавалі лецішча, набывалі новыя аўтамабілі, езьдзілі ў адпачынак да цёплага мора. Да добрага прызвычайваюцца хутка.

Усё больш прыходзіць усьведамленьне, што крызіс у Беларусі — гэта надоўга, можа назаўжды.

І вось цяпер усё гэта разбураецца на вачах. Шмат людзей усё яшчэ ня могуць паверыць, што гэта надоўга. Шмат хто верыць запэўніваньням уладаў, што гэта часовыя цяжкасьці, выкліканыя вонкавымі чыньнікамі. Маўляў, хутка Лукашэнка знойдзе выйсьце, дамовіцца з Масквой, і зноў зажывем, як раней. Вось Лукашэнка нават паабяцаў наступным годам сярэдні заробак 500 даляраў Таму людзі праядаюць запасы, прадаюць даляры. Ужо некалькі месяцаў запар продаж валюты перавышае яе пакупку. Значная частка насельніцтва ня хоча зьніжаць свае патрэбы, да якіх прызвычаіліся за сытыя гады.

Але сацыялягічныя апытаньні, якія НІСЭПД праводзіў у першай палове году, паказваюць, што аптымізм адносна лепшай будучыні ахоплівае меншую частку насельніцтва. Усё больш прыходзіць усьведамленьне, што крызіс у Беларусі — гэта надоўга, можа назаўжды.

Гурневіч: Тыя лічбы заканамерныя, таму што калі ісьці за лёгікай Кабякова, які сказаў, што галоўныя ворагі беларускай эканомікі — гэта танная нафта і прывязанасьць да Расеі, то канешне гэта вынік той прывязанасьці. Магу прывесьці прыклад Вэнэсуэлы, блізкай Беларусі дзяржавы, дзе цяпер увогуле невядома што адбываецца, дзе 1 даляр каштуе 4.600 балівараў, хоць гэта чорны рынак. А звычайны банкавы курс — 8 балівараў. Гэта вынік прывязанасьці дзяржаўнай эканомікі да нафты. Вядома, што ў Вэнэсуэле яе найбольш у пераліку на аднаго жыхара ва ўсім сьвеце, і здавалася б, краіна павінна купацца ў золаце. Але даходы дзяржаўнага бюджэту — толькі з адной крыніцы, і, канешне, калі крызіс у сьвеце па гэтым паказьніку, то ўся эканоміка ляжыць.

У Беларусі гэта таксама заканамерна, таму што расейская нафта. Зьдзіўляе імклівасьць гэтага росту людзей за рысай беднасьці, таму што таксама вырасла колькасьць людзей, якія жывуць за яшчэ меншую суму грошай, амаль 3% жывуць менш чым за 150 дэнамінаваных рублёў, паведамляе Белстат. Гэта ўвогуле трагічная сытуацыя. Я так разумею, гаворка хутчэй вядзецца пра правінцыю, дзе сытуацыя адчуваецца найгорш. Менск і вялікія гарады такой кепскай сытуацыі не адчуваюць. Вынікам стане яшчэ большы зыход беларусаў у гарады зь вёсак альбо ў тую самую Расею ці ў Эўразьвяз, першая краіна якога — Польшча. 75 тысяч беларусаў за мінулы год атрымалі там статус пастаяннага жыхара. Гэта людзі, якія карыстаюцца польскім паходжаньнем, робяць Карту паляка і пазьней могуць без праблем ісьці на польскі рынак працы. Ведаю шмат людзей, якія працавалі ў Беларусі мэнэджэрамі, мелі па некалькі прац, вельмі добры ўзровень жыцьця — сёньня ў Польшчы яны працуюць таксістамі на Убэры альбо на будоўлі і задаволеныя жыцьцём, бо могуць нават адкласьці грошы, а ня проста праесьці, як яны рабілі тут.

Людзі ня вераць, што ўлада знойдзе выхад з крызісу.

Сытуацыя будзе пагаршацца, таму колькасьць людзей, якія жывуць за рысай беднасьці, будзе павялічвацца. Цяпер мы бачым, як Аляксандар Лукашэнка і ягоны ўрад шукаюць магчымасьць знайсьці новыя рынкі, новыя крэдыты з краінамі, якія яшчэ зусім нядаўна не былі ў мэйнстрыме. Кіраўнік польскага сэнату Станіслаў Карчэўскі ў Беларусі. Яшчэ некалькі гадоў таму наконт партыі «Права і справядлівасьць» Аляксандар Лукашэнка казаў, што яны маюць мапы, дзе Горадня знаходзіцца ў складзе Польшчы, то бок пра імпэрскія замашкі. Сёньня сытуацыя схіліла яго шукаць партнэраў паўсюль.

Я ня бачу, каб урад меў нейкі плян выхаду з сытуацыі, таму яшчэ некалькі наступных перадач мы зноў прысьвецім гэтаму пытаньню. Людзі ня вераць, што ўлада знойдзе выхад з крызісу, дый сам урад кожны дзень сваімі заявамі правакуе адчуваньне пастаяннага крызісу.

Цыганкоў: Мы маем клясычную сытуацыю крызісу, калі бедныя бяднеюць, багатыя багацеюць. Хоць нават агульны сярэдні заробак беларусаў паменшыўся за кастрычнік да 722 рублёў, але тыя, хто зарабляў шмат, а гэта тыя, хто працуе з інфармацыйнымі тэхналёгіямі і абслугоўваньнем, у банках і транспарце, заробак павялічылі. То бок у 8 з 10 заробкавых лідэраў па галінах дзейнасьці сярэдні заробак вырас у параўнаньні зь верасьнем. Тыя, хто ажыцьцяўляе экспарт паслугаў замежным спажыўцам.

Мы маем клясычную сытуацыю крызісу, калі бедныя бяднеюць, багатыя багацеюць.

А ўпаў у бюджэтнікаў. Гэта таксама традыцыйна беларускія аўтсайдэры. Гэта тыя, хто займаецца доглядам у спэцыялізаваных установах і прадстаўленьнем сацыяльных паслуг — тым, што ў іншых краінах адно з самых шанаваных. Гэта догляд за старымі, інвалідамі, дзецьмі. У нас гэтая катэгорыя зарабляе менш за ўсіх. На другім месцы зьнізу — работнікі культуры, на трэцім творчыя работнікі. Потым работнікі сфэры адукацыі.

Гэта кажа пра тое, што крызіс у Беларусі праяўляецца ў клясычным выглядзе.

За апошнія месяцы, паўтара года ў Беларусі зьніжаецца каэфіцыент Джыні — паказьнік ступені расслаеньня грамадзтва. Тое, чым улады ганарыліся, сацыяльная дзяржава. Гэтая розьніца паміж багатымі і беднымі была ў Беларусі параўнальная са скандынаўскімі краінамі, якія зьяўляюцца ўзорам сацыяльнай дзяржавы ці нават сацыялізму. Перш за ўсё за кошт разыходжаньня заробкаў.

Карбалевіч: Усё ж такі багатыя ня вельмі багацеюць — бізнэс цяпер у цяжкім стане, рэзка ўпалі даходы. Таму яны таксама плачуць, а вось гэтая розьніца, мусіць, павялічваецца за кошт таго, што бедныя бяднеюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG