Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што гаворыцца ў праекце рэзалюцыі Рыскага саміту пра Беларусь?


Беларусь у праекце выніковай дэклярацыі Рыскага саміту «Ўсходняга партнэрства», які пачынаецца сёньня, асобна ўзгадваецца чатыры разы.

У праекце Супольнай дэклярацыі за 10 старонак. Праца над ёю яшчэ працягваецца. Яна будзе ўхвалена па выніках сёньняшніх і заўтрашніх перамоваў.

У разьдзеле праекту Дэклярацыі, прысьвечаным падтрымцы мірнага ўрэгуляваньня канфлікту ў Данбасе на аснове тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, даецца станоўчая ацэнка ўнёску Беларусі ў садзейнічаньне перамовам у нармандзкім фармаце.

Палажэньне аб асуджэньні расейскай акупацыі Крыму, супраць якога раней выказаліся Армэнія і Беларусь, зафіксаванае наступным чынам:

«Эўразьвяз пацьвярджае свае пазыцыі, прынятыя ў сумеснай заяве на саміце „Ўкраіна — ЭЗ“ 27 красавіка, у тым ліку што да незаконнага далучэньня Крыму і Севастопаля. Удзельнікі саміту пацьвярджаюць свае пазыцыі ў адносінах да рэзалюцыі Генэральнай Асамблеі ААН 68/262 па тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны».

Беларусь прагаласавала супраць гэтай рэзалюцыі, якую падтрымала большасьць краін сьвету.

Удзельнікі саміту вітаюць прагрэс, дасягнуты на перамовах аб спрашчэньні візавага рэжыму зь Беларусьсю і рэадмісіі, а таксама ў падрыхтоўцы двухбаковых дамоваў аб партнэрстве па мабільнасьці і аб раньнім папярэджаньня ў галіне энэргетыкі.

Чакалася, што візавае пагадненьне будзе парафіраванае на гэтым саміце, але гэтага не атрымалася. У МЗС Латвіі днямі заявілі, што гэта можа здарыцца да 1 ліпеня.

Удзельнікі саміту таксама вітаюць крокі, зробленыя ў адносінах паміж Эўразьвязам і Беларусьсю, і чакаюць далейшага руху ў рамках праграмы Эўрапейскага дыялёгу аб мадэрнізацыі Беларусі і аднаўленьня двухбаковага дыялёгу па правах чалавека.

Удзельнікі саміту пазытыўна ацэньваюць далучэньне Беларусі да Агульнаэўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі і спадзяюцца на прагрэс у выкананьні рэформаў, якіх патрэбуе Балёнскі працэс.

Пазытыўна ацэненая таксама ініцыятыва Беларусі пры падтрымцы шэрагу краін Эўразьвязу правесьці міністэрскую сустрэчу на тэму лічбавай эканомікі (у наступным месяцы) і стварыць панэль па гарманізацыі лічбавых рынкаў.

Старонка праекту рэзалюцыі з згадкамі пра Беларусь

Старонка праекту рэзалюцыі з згадкамі пра Беларусь

XS
SM
MD
LG