Міністар унутраных справаў Беларусі Ігар Шуневіч у этэры праграмы «Навіны 24 гадзіны» тэлеканалу СТВ увечары 21 студзеня патлумачыў, чаму ў 2017 годзе краіна плянуе прыняць меншы лік уцекачоў, чым раней.
«Скарачэньне адбылося па аб’ектыўных прычынах. Сёньня вострай неабходнасьці ў прыняцьці большай колькасьці ўцекачоў у нас няма. І ў нас няма сёньня і дастатковых умоваў для таго, каб прымаць большую колькасьць уцекачоў і тых, хто шукае абароны і прытулку ў нашай краіне», — заявіў кіраўнік МУС.
Ён упэўнены, што беларускі бок «вельмі гарманічна» падышоў да гэтага пытаньня і з практычнага, і з гуманітарнага гледзішча. «Мы знайшлі аптымальны варыянт, колькі людзей мы сёньня можам прыняць», — сказаў Шуневіч.
Пастановай МУС ад 30 сьнежня 2016 году сёлета для падразьдзяленьняў па грамадзянстве і міграцыі ўпраўленьняў унутраных справаў абласных выканаўчых камітэтаў ўстаноўленыя наступныя разьмеркавальныя квоты рэгістрацыі хадайніцтваў аб наданьні статусу ўцекача або дадатковай абароны ў Рэспубліцы Беларусь: Берасьцейская вобласьць — 135 чалавек; Віцебская вобласьць — 170 чалавек; Гомельская вобласьць — 170 чалавек; Гродзенская вобласьць — 95 чалавек; Менская вобласьць — 115 чалавек; Магілёўская вобласьць — 115 чалавек. Усяго — 800 уцекачоў. У 2016 і 2015 гадах гэтая лічба была на 400 больш.