Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што было б з краінай, калі б ГКЧП перамог? Адказваюць Някляеў, Калякін і Глобус


19 жніўня 1991 году Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы (так званы ГКЧП) абвясьціў, што прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў ня здольны выконваць свае абавязкі па стане здароўя, і ўвёў у Маскву войскі. Прэзыдэнт РСФСР Барыс Ельцын заявіў пра неканстытуцыйнасьць ГКЧП. Па тэлевізары два дні паказвалі балет «Лебядзінае возера».

У Менску кіраўніцтва ЦК КПБ падтрымала путчыстаў. У той час рашэньні прымаў Вярхоўны Савет XII скліканьня. Фракцыя БНФ у Вярхоўным Савеце патрабавала ад старшыні парлямэнту Мікалая Дземянцея сабраць пазачарговую сэсію. 20 жніўня на плошчу да Дому ўраду выйшаў народ. 21 жніўня ўвечары прыйшло паведамленьне з Масквы, што путч праваліўся. У выніку гэтых падзеяў у Беларусі зьмянілася кіраўніцтва — да ўлады прыйшоў Станіслаў Шушкевіч.

Што было б, калі б у жніўні 1991 году ГКЧП перамог? Што было б зь Беларусьсю, у якой краіне мы б жылі? Які лёс чакаў бы Беларусь і як зьмянілася б жыцьцё самога нашага суразмоўцы? На гэтыя пытаньні Радыё Свабода адказваюць паэт і палітык Уладзімер Някляеў, старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін і мастак, літаратар Адам Глобус.

«Мяркую, што не было б Лукашэнкі, не было б лукашызму, і Беларусь даўно магла б быць у эўрапейскай супольнасьці»

Паэт Уладзімер Някляеў у той час быў галоўным рэдактарам папулярнага часопіса «Крыніца»:

«Эмацыйна гэта было страшна. Памятаю, як сустрэў у пераходзе паэта Сяргея Грахоўскага, вядомага лягерніка, чалавека, які адседзеў шмат гадоў у ГУЛАГу. Я спытаўся, што ж будзе. Ён адказаў, што будуць лягеры, і стаў раіць, у якія прасіцца, каб было ня так зімна і можна было выжыць.

Калі ж усё гэта скончылася і я стаў разважаць пра тое, што б магло быць, калі б путчысты перамаглі — нечакана для самога сябе падумаў, што па выніку гэтыя путчысты маглі б давесьці краіну да поўнага савецкага ідыятызму. Насамрэч маглі б паспрабаваць вярнуць тую мадэль, дзеля якой яны ўсё гэта рабілі, і тады магло б адбыцца зусім ня тое, што адбылося пазьней і паціху разьвівалася і дайшло, так бы мовіць, ад путчызму да пуцізму. Гэта якраз вынік той перамогі над путчам. Калі б не было той уяўнай дэмакратыі, якая запанавала пасьля перамогі над путчыстамі, калі б падзеі зайшлі ў глыбіню, калі б людзі ўбачылі, што гэтае страхоцьце можа насамрэч назад вярнуцца, думаю, яно магло б быць вырвана з коранем. Не засталося, можа, таго, з чаго пайшлі спачатку маленькія галінкі-атожылкі, а пасьля і буйныя.

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

Нягледзячы на тое, што адбылася пазытыўная гістарычная падзея — правал путчу, перамога путчыстаў магла быць паразай усяго савецкага і паразай чырвонага чалавека, пра якога цяпер так шмат гавораць.

Па-першае, путчысты маглі б закручваць гайкі так, як гэта рабілася ў сталінскія часы. Ня выключана, што маглі б быць ня толькі ГУЛАГі, ня толькі турмы, але і больш страшныя рэчы — маглі б быць расстрэлы. Але я проста перакананы, што гэта доўга б не працягнулася! І не было б тады гэтых крывавых іньекцыяў па межах крывавай расейскай імпэрыі — па Грузіі, па Прыднястроўі, цяпер ідзе па Ўкраіне. А ўсё б магло вырашыцца адным выбухам нязгоды грамадзян, якія добра ведалі, што такое сталінізм, што такое саветызм у ягоным горшым выяўленьні. І я перакананы, як казаў ужо, што ўсё гэта было б зьмецена і вырвана з коранем. Дзеля гэтага маглі б быць, вядома, прынесены і ахвяры. Як паказвае гістарычны досьвед, без ахвяраў нічога не бывае.

Невядома ўвогуле, як яно было б. Але я мяркую, што вынік мог бы быць зусім іншы. І тады я думаю не пра тое, што было б са мной, а пра тое, што было б зь Беларусьсю. І я мяркую, што ў такім разе не было б Лукашэнкі, не было б лукашызму, і Беларусь ужо даўно магла б быць у эўрапейскай супольнасьці. І сёньня не было б у нас праблемаў, каб захавацца нам як нацыі, як народу, праблемаў з тым, каб захавалася наша мова, наша культура. Але ўсё гэта з таго, як магло б стацца. А як яно сталася б цяпер, можна толькі гадаць».

«1991 — самы цікавы год у маім жыцьці. Ён стаў дзяржаваўтваральным»

Адам Глобус

Адам Глобус

Мастак, літаратар Адам Глобус у 1991 годзе кіраваў выдавецтвам — «Беларускай асацыяцыяй палітычнага раману». Ён перакананы, што ГКЧП ня мог перамагчы наагул:

«У ГКЧП не было варыянтаў перамагчы. Калі путчысты перамаглі, то максымум на 10 дзён.

Але калі б раптам ГКЧП і перамог — гэта такая варʼяцкая, цалкам антыгістарычная тэза. Людзьмі, якія рабілі путч, я ўпэўнены на ўсе 100%, кіраваў Гарбачоў. І на ім адказнасьць за гэтую афёру, за гэты сполах. Путч даў штуршок да радыкальных дзеяньняў. Мне наагул шкада, што мы тады не дадушылі кампартыю да таго, што трэба было іх усіх судзіць.

Калі б тады путч перамог, была б яшчэ больш крывавая рэвалюцыя. Больш жорстка мы б абышліся з кампартыяй — ня проста плявалі б у твар камуністам і выганялі іх з наседжаных месцаў, а судзілі б іх, пасадзілі і за кроў адпомсьцілі. Быў бы больш крывавы сцэнар. Я ня думаю, што ўсё скончылася б лагодна і на 25 гадоў мы б захрасьлі ў СССР — не, нічога б такога не было. Вельмі рашуча мы былі ўсе настроеныя — на барацьбу, на вайну, на змаганьне, на рэвалюцыю — на ўсё разам.

1991 год — дзяржаваўтваральны для Беларусі. І для нашай гісторыі ён самы цікавы, і самы цікавы ў маім жыцьці. Беларусы б «заламалі» путчыстаў усё адно. Нават у першы дзень, калі ўсе спалохаліся, адбылася такая мэтамарфоза, што ўсе замірыліся — нават тыя, хто сварыўся, хто быў ворагам, а тыя, хто меў больш мяккія погляды, замірыліся з тымі, хто быў радыкальна настроены. Усе разумелі, што трэба гэтую савецкую імпэрыю разваліць да канца. Путч ня мог перамагчы.

На наступны дзень пасьля абвяшчэньня ГКЧП усе прыйшлі на плошчу перад Домам ураду. У маю рэдакцыю (а наша Беларуская асацыяцыя палітычнага раману разьмяшчалася тады ў Доме літаратара) прыбеглі ідыёты і крычалі: «Ну што, зараз вас пачнуць садзіць, вам каюк!» Хацелася напіцца і нічога не рабіць, але калі ўсе ўбачылі, як рукі калоцяцца ў Янаева і якая нікчэмная ўся гэтая тусоўка путчыстаў зьявілася ў тэлевізары, усе зразумелі, што ГКЧП не надоўга. І Гарбачоў, які схаваўся, і путчысты — гэта ўсё нікчэмныя людзі.

Так што путч не перамог бы. Мы б іх завалілі ўсё адно. Толькі вялікай крывёй мы б гэта зрабілі. Путчысты самі адступілі, таму вяла ўсё прайшло. А магло б быць больш радыкальна.

Няхай фантасты распавядуць, папрыдумляюць, што было б... А я сам стаяў на плошчы ў жніўні 1991-га, ведаў людзей, што стаялі побач. Я ж тут, я ня ўцёк. Гэта ў тых, хто паўцякалі, можна спытацца пра іх фантазіі варʼяцкія. А я тут».

«Не было б разгону Вярхоўнага Савету 13 скліканьня. Лёс многіх людзей склаўся б па-іншаму»

Сяргей Калякін

Сяргей Калякін

Старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін у 1991 годзе быў першым сакратаром Савецкага райкаму партыі ў Менску. Прызнаецца, што цяжка ўявіць, што было б, калі б путчысты перамаглі:

«Гісторыя ня цярпіць умоўнага ладу. Канечне, краіна разьвівалася б неяк па-іншаму. Магчыма, мы жылі б яшчэ ў складзе адзінага Саюзу, можа, крыху іншага Саюзу, не такога, як СССР. Лёс многіх людзей склаўся б па-іншаму. Была б парлямэнцкая рэспубліка.

Але ўсё адно, перамог бы путч альбо не, перамены адбыліся б у жыцьці людзей, якія жылі на тэрыторыі Савецкага Саюзу. Безумоўна, адбылася б рэформа і палітычнай сыстэмы, і сацыяльна-эканамічнай сыстэмы. Магчыма, усё прайшло б менш балюча, чым гэта адбылося ў выніку путчу, які стаў каталізатарам далейшых падзей, якія прывялі 8 сьнежня 1991 году да ліквідацыі СССР.

Было б гэта лепш ці горш, цяжка сказаць. Але мы б не перажылі ўсіх гэтых трагедыяў, якія здарыліся з 1991 і, напэўна, па 1995 гады. Калі адбыўся развал Саюзу, самая галоўная бяда была ў тым, што разваліліся ўсе гаспадарчыя сувязі, тыя лідэры, якія кіравалі краінай, угробілі эканоміку, і мы практычна з нуля вымушаны былі выбудоўваць усе эканамічныя сувязі і зь дзяржавамі, якія ўтварыліся пасьля развалу Саюзу, і зь іншымі дзяржавамі сьвету. Пачалася гонка за стварэньне сваіх валютаў, спачатку спроба выкарыстоўваць савецкі рубель, у кожнай краіне па-свойму, потым гіпэрінфляцыя... Я думаю, усяго гэтага можна было б пазьбегнуць.

Што да сябе асабіста, я ня думаю, што маё жыцьцё зьмянілася б вельмі кардынальна, я б усё адно займаўся палітыкай. У якой якасьці я б быў і што б я цяпер рабіў, цяжка ўявіць. Вядома, быў бы крыху іншы лёс. Не было б разгону Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, не было б пэўных падзеяў, зьвязаных з гэтым, у тым ліку і ў асабістым пляне. Бо перад гэтым адбылася ліквідацыя спачатку саветаў у гарадах, я ў той час узначальваў Савецкі раённы Савет дэпутатаў Менску. Аляксандар Лукашэнка, прыйшоўшы да ўлады, скасаваў саветы ў гарадах, у выніку чаго была ліквідаваная пасада, якую я займаў. Вядома, усё ў жыцьці было б па-іншаму. Лепш было б ці горш — цяжка сказаць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG