Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні зацьвердзілі шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц


Вуліца Маркса ў Горадні. Гістарычныя назвы: Азёрская, Скі́дзельская, Брыгі́цкая, Куту́заўская, Купе́цкая
Вуліца Маркса ў Горадні. Гістарычныя назвы: Азёрская, Скі́дзельская, Брыгі́цкая, Куту́заўская, Купе́цкая

Шыльды з гістарычнымі назвамі па-беларуску маюць зьявіцца на 16 вуліцах старой Горадні. Такое рашэньне прыняла тапанімічная камісія Гарадзенскага гарвыканкаму.

Сьпіс гістарычных назваў вуліц складаў гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч. Паводле яго, увесь сьпіс складаўся з 43 вуліц, але камісія вырашыла на першым этапе ўсталяваць шыльды толькі на 16 вуліцах.

«Ніякіх заўваг на маю працу складаньня сьпісу назваў вуліц з боку сяброў камісіі не было, праўда, папрасілі ня ўносіць у сьпіс назвы пэрыяду Другой усясьветнай вайны, калі вуліцы атрымалі нямецкія найменьні. Іх на шыльдах ня будзе», — сказаў Андрэй Вашкевіч.

Далей над праектам па ўсталяваньні новых шыльдаў з назвамі вуліц будуць працаваць дызайнэры. Плянуецца, што новыя шыльды зьявяцца на 16 гарадзенскіх вуліцах на пачатку вясны.

З прапановай устанавіць назвы (гэта значыць дапісаць на шыльдзе найменьні вуліц, якія былі раней, а не зьмяняць цяперашнія) у Гарадзенскі гарвыканкам зьвярнулася рэдакцыя мясцовага сайту hrodna.life. Праз інтэрнэт, паводле рэдактара Аляксея Шоты, яны сабралі блізу тысячы подпісаў і накіравалі іх гарадзенскім уладам. Улады ініцыятыву падтрымалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG