Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стэфановіч — Лукашэнку: Што вы адчуваеце, калі асабіста адпраўляеце чалавека на сьмерць?


Валянцін Стэфановіч, архіўнае фота

Валянцін Стэфановіч, архіўнае фота

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч зьвярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з адкрытым лістом, у якім заклікаў адмовіцца ад выкананьня сьмяротных прысудаў у Беларусі.

«Вядома, вы можаце спытаць, а ці бачыў я маці ахвяраў гэтых забойцаў і ці бачыў я матэрыялы справы, ад якіх стыне кроў у жылах? Скажу шчыра — не, ня бачыў. Але я бачыў мацярок расстраляных, якія ў напаўварʼяцкім стане шныраць па навакольных менскіх могілках у пошуках безыменных магілак сваіх сыноў. Яны ніколі ня знойдуць іх. Я бачыў гэтую карціну шмат разоў, яна паўтараецца кожны раз. І гэта яшчэ раз пераконвае мяне: сьмяротнае пакараньне — тое ж самае забойства, ягоная прырода не зьмяняецца ад таго, што яно зьдзейсьненае ад імя дзяржавы і на падставе прысуду суду», — піша праваабаронца.

Стэфановіч зазначае, што сьмяротнае пакараньне абсалютна не ўплывае на ўзровень злачыннасьці ў краіне. Да таго ж супраць сьмяротнага пакараньня выступаюць дзьве найбуйнейшыя хрысьціянскія канфэсіі Беларусі. Што ж тычыцца аргумэнту, што большасьць насельніцтва Беларусі не падтрымлівае яго адмену, то Стэфановіч піша, што большасьць насельніцтва шмат якія ідэі ўладаў не падтрымлівае.

«Мне вось чыста па-чалавечы заўсёды было цікава: чаму для вас так важна захаваньне такога віду пакараньня? Што вы адчуваеце, калі адмаўляеце чалавеку ў памілаваньні, калі асабіста адпраўляеце чалавека на сьмерць? Вы ж, Аляксандар Рыгоравіч, таксама чалавек. Ня Бог і нават не Сатана, а проста чалавек. Чалавек, які надзелены ўладай і правам дараваць жыцьцё ці не дараваць. Напэўна, гэта цяжкі выбар? Я б ніколі не хацеў рабіць такі выбар і, спадзяюся, ніколі ня буду», — піша ён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG