Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International асудзіла пакараньне сьмерцю Сяргея Іванова


22-гадовы беларус Сяргей Іваноў быў пакараны сьмерцю ў ноч на 18 красавіка. Ён стаў першым чалавекам, пакараным сьмерцю зь лістапада 2014 году.

Сям’я Сяргея Іванова даведалася пра гэта толькі ў траўні, пасьля таго як прысуд быў прыведзены ў выкананьне. Сваякі не атрымалі ніякага папярэджаньня, ім не далі права на апошнюю сустрэчу з Івановым. У адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам яго цела ня будзе вернута ім для пахаваньня, і месца пахаваньня ня будзе раскрывацца. Асабістыя рэчы Іванова не былі вернутыя сям’і. Цяпер сям’я павінна атрымаць ад беларускіх уладаў пасьведчаньне аб яго сьмерці.

У сакавіку 2015 году Сяргей Іваноў быў прызнаны вінаватым у забойстве 19-гадовай жанчыны ў 2013 годзе і прысуджаны да сьмерці. Камітэт ААН па правах чалавека прасіў аб адтэрміноўцы выкананьня на час разгляду гэтай справы. Такія запыты абавязковыя для дзяржаў — удзельніц першага Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Беларусь далучылася да гэтага пратаколу ў 1992 годзе. Нягледзячы на гэта, і ў парушэньне абавязаньняў Беларусі ў галіне правоў чалавека, сьмяротны прысуд Сяргею Іванову быў выкананы.

Amnesty International заклікае беларускія ўлады неадкладна спыніць усе сьмяротныя пакараньні і ўсталяваць мараторый з мэтай адмены сьмяротнага пакараньня.

Прынамсі тры чалавекі застаюцца ў камэры сьмяротнікаў у Беларусі. Гэта Іван Кулеш, Генадзь Якавіцкі і Сяргей Хмялеўскі. Amnesty International заклікае беларускія ўлады спыніць ужо заплянаваныя сьмяротныя пакараньні і неадкладна адмяніць вынесеныя сьмяротныя прысуды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG