Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіча на волю — альбо байкот выбарам


Мікола Статкевіч, архіўнае фота

Мікола Статкевіч, архіўнае фота

Паплечнікі палітвязьня Міколы Статкевіча зь Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) ствараюць ініцыятыўную групу па вылучэньні свайго лідэра кандыдатам на прэзыдэнта краіны. У групу ўвойдуць ня толькі сябры партыі, але і прадстаўнікі іншых партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў.

Пра гэта Свабодзе паведаміў кіраўнік спраў БСДП (Народная грамада) Сяргей Скрабец.

Ён сказаў, што завяршаюцца перамовы пра супольную працу з грамадзянскай кампаніяй «Гавары праўду», незарэгістраванымі партыямі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, Свабоды і прагрэсу, рухам «Разам», «Маладым фронтам» ды некаторымі іншымі арганізацыямі. Засталося толькі падпісаць пагадненьне, праект якога збольшага гатовы, адзначыў Сяргей Скрабец:

Сяргей Скрабец

Сяргей Скрабец

«Першае — ствараем ініцыятыўную групу па вылучэньні Статкевіча. Другое — збор подпісаў ідзе пад словамі: „Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, патрабуем вызваленьня палітычных вязьняў Статкевіча, Аліневіча, Дзядка, Васьковіча, Пракапенкі, Рубцова і далучаемся да ініцыятыўнай групы па вылучэньні Міколы Статкевіча кандыдатам на прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь“. Трэцяе — стварэньне ініцыятыўнай групы суправаджаецца шырокай грамадзкай кампаніяй „Свабоду Статкевічу і ўсім палітвязьням“. І самы галоўны, як мне падаецца, пункт: у выпадку адмовы ў рэгістрацыі Статкевіча — абвяшчаем байкот выбарам».

Збор подпісаў у падтрымку ініцыятыўнай групы Статкевіча першай ужо пачала Аб’яднаная грамадзянская партыя. Як ставяцца да гэтага ў БСДП (Народная грамада), пытаюся ў Сяргея Скрабца:

«Добра, няхай працуюць. Статкевіч жа пісаў з-за кратаў: калі будзе некалькі ініцыятыўных групаў, гэта таксама будзе добра. А пасьля, бліжэй да выбараў, можна будзе ўзгадніць агульную накіраванасьць. Таму ініцыятыву АГП мы можам толькі вітаць».

Сцэнар вылучэньня Міколы Статкевіча як сымбалічнага адзінага кандыдата мае свае плюсы і мінусы, лічыць палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

«Прыхільнікі гэтага варыянту падкрэсьліваюць, што паколькі сапраўдных выбараў няма, то вылучэньне Статкевіча прыцягнула б да праблемы палітвязьняў увагу шырокай грамады. Тыя, хто з гэтым палемізуе, кажуць, што гэта будзе імітацыя дзейнасьці, бо ўлады паставяць на фігуры Статкевіча тлусты крыж. І тады апазыцыя проста не скарыстае магчымасьці для камунікацыі з грамадзтвам.

Я скажу так: любы агульны сцэнар (ці то вылучэньне Статкевіча, ці то абраньне адзінага рэальнага, якога ўлады зарэгіструюць, кандыдата на Кангрэсе дэмакратычных сілаў) — гэта было б непараўнальна лепей за сёньняшні раздрай у апазыцыі. Любы кансалідаваны сцэнар паказаў бы, ва ўсякім разе, грамадзе, што апазыцыя здольная дамовіцца і сьціснуць пальцы ў кулак. Хай яна і не пераможа ў гэтай кампаніі, бо шанцы прывідныя з шэрагу прычынаў. Але яна мела б шанец падняць свой аўтарытэт у грамадзтве».

Прэзыдэнцкія выбары маюць адбыцца не пазьней за 20 лістапада 2015 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG