Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч заклікае да грамадзянскага супраціву


Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч

Былы кандыдат у прэзыдэнты, палітычны вязень Мікалай Статкевіч праз сваю жонку Марыну Адамовіч зьвярнуўся да беларусаў і заклікаў іх падчас галасаваньня «зрабіць свой допіс у бюлетэні, які б выразна сьведчыў пра непрыманьне палітыкі правячага рэжыму».

«Хачу падзякаваць усім, хто ўвайшоў у склад ініцыятыўнай групы па маім вылучэньні.

Я разумею, што ў нашым напалоханым грамадзтве гэта — учынак, і дзякую ўсім, хто зьдзейсьніў гэты ўчынак. Такая падтрымка важная ня толькі для мяне, але і для ўсіх тых, хто знаходзіцца ў зьняволеньні з-за сваіх перакананьняў.

Будзем шчырымі, удзел апазыцыі ў апошніх прэзыдэнцкіх кампаніях меў сэнс найперш як магчымасьць арганізаваць масавы пратэст супраць шоў, у якое ўлады ператварылі выбары, і паспрабаваць вярнуць краіну да дэмакратыі.

Цяпер ніводны з альтэрнатыўных кандыдатаў такой задачы ня ставіць. Я ня бачу вялікага сэнсу ў такім удзеле. Акрамя таго, удзел часткі апазыцыі робіць малаэфэктыўным байкот выбараў. У такіх варунках я заклікаю тых, хто ня згодны з роляй статыстаў у чарговым спэктаклі, да грамадзянскага супраціву.

Я заклікаю тых, хто ўсё ж прыйдзе альбо будзе вымушаны прыйсьці на выбарчыя ўчасткі, зрабіць свой допіс у бюлетэні для галасаваньня, які б выразна сьведчыў аб непрыманьні палітыкі правячага рэжыму. Упэўнены, што калі гэты сыгнал будзе масавы, ён дойдзе да адрасата.

Будзьце вольнымі ў сваіх поглядах і паводзінах. Калі вольных людзей зробіцца дастаткова, мы здолеем здабыць волю і для краіны», — піша Мікалай Статкевіч.

ЦВК адмовіўся зарэгістраваць ініцыятыўную групу Мікалая Статкевіча, спаслаўшыся на тое, што кандыдатам у прэзыдэнты ня можа быць судзімы чалавек. Пазьней Вярхоўны суд адмовіўся разглядаць скаргу жонкі палітвязьня Марыны Адамовіч, якая хацела аспрэчыць гэтае рашэньне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG