Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лёзунг „Жыве Беларусь“ робіцца сацыяльным». Статкевіч зьбіраецца вывесьці на Дзень Волі дзясяткі тысяч чалавек


Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году Мікалай Статкевіч зьбіраецца абвясьціць збор сродкаў на правядзеньне вулічных акцыяў пратэсту і абяцае вывесьці на Дзень Волі дзясяткі тысяч чалавек.

«Мы чакалі, што 17 лютага зьбярэцца столькі людзей, я гэта прагназаваў. Цяпер мы з калегамі будзем працаваць на тое, каб 25 сакавіка ў цэнтры Менску сабраліся дзясяткі тысяч чалавек. Гэта рэальная лічба», — сказаў палітык у інтэрвію Свабодзе.

«Я падтрымліваю актыўнасьць у рэгіёнах, але ўсё вырашаецца ў сталіцы»

Мікола Статкевіч адзначае, што дэталёвы плян далейшых дзеяньняў Беларускі нацыянальны кангрэс (які арганізоўваў акцыю 17 лютага ў Менску) яшчэ будзе абмяркоўваць і зацьвярджаць. Палітык упэўнены, што зьмяншаць ціск на ўладу нельга — трэба арганізоўваць яшчэ больш масавыя акцыі пратэсту, і менавіта ў Менску.

«Ціск на ўладу павінен нарастаць. Я падтрымліваю актыўнасьць у рэгіёнах, але ўсё вырашаецца ў сталіцы. Каб аказаць моцны ціск на ўлады, каб прымусіць яе да выкананьня нашых патрабаваньняў, павінны быць магутныя нарастаючыя акцыі ў Менску. Цяпер мы павінны ўсю дзейнасьць у рэгіёнах скіраваць на правядзеньне адной масавай нацыянальнай акцыі, на якой сабраць дзясяткі тысяч людзей», — кажа ён.

Нельга пасьля акцыяў у цэнтры сыходзіць на Бангалёр

Такой акцыяй павінен стаць Дзень Волі, мяркуе Статкевіч. Палітык дадае, што да гэтага часу павінна ўсталявацца больш цёплае надворʼе, а гэта важна, «бо, магчыма, нам спатрэбяцца доўгатэрміновыя дзеяньні».

Пры гэтым Статкевіч не зьбіраецца падтрымліваць «Марш недармаедаў», які частка апазыцыі зьбіраецца правесьці ў Менску 15 сакавіка.

«Калі мы хочам не папіярыцца, а дасягнуць вынікаў, то мы павінны рабіць толькі тыя крокі, якія працуюць на ўзмацненьне ціску на ўлады. Слабыя крокі я нават абмяркоўваць не хачу. Нельга пасьля акцыяў у цэнтры сыходзіць на Бангалёр», — сказаў ён.

«Мы будзем абвяшчаць збор сродкаў»

Статкевіч сказаў, што зьбіраецца абвясьціць збор сродкаў на правядзеньне вулічных акцыяў пратэсту.

«Калі беларускі народ хоча вызваленьня і нармальнага жыцьця, то ён павінен у гэтым удзельнічаць — няхай рублём. Таму мы будзем абвяшчаць збор сродкаў. Грошы патрэбныя на апаратуру, тэхніку, улёткі. Рэгіёны павінны зьбіраць грошы, каб прывезьці людзей у Менск 25 сакавіка. Таксама трэба зьбіраць грошы ў фонды салідарнасьці, у падтрымку тых, хто будзе аштрафаваны. Ніхто не заплаціць нам за нашу свабоду — кіньце гэтыя байкі пра гранты», — кажа ён.

Статкевіч кажа, што акцыі супраць дэкрэту № 3 дэманструюць рост сацыяльнай незадаволенасьці беларусаў.

Калі патрыятычная апазыцыя ня здолее арганізаваць і ўзначаліць сацыяльны пратэст, яго выкарыстаюць антыбеларускія сілы

«Калі патрыятычная апазыцыя ня здолее арганізаваць і ўзначаліць сацыяльны пратэст, яго выкарыстаюць антыбеларускія сілы. Сацыяльны пратэст небясьпечны тым, што ім могуць скарыстацца зьнешнія сілы, што ён можа дэстабілізаваць сытуацыю настолькі, што зробіць магчымым расейскае ўмяшаньне. Таму тут трэба быць вельмі прадуманым, цьвёрдым і спакойным. Вельмі важная арганізацыя пратэсту. Мы павінны ўлічваць досьвед 2011 году, калі пратэст аказаўся без кіраўніцтва апазыцыі: частка сядзела, а частка проста наклала ў штаны. Пратэст тады разьмяняўся на вялікую колькасьць дробных акцыяў (маюцца на ўвазе маўклівыя акцыі пратэсту. — РС) і паціху згас», — кажа ён.

На думку Статкевіча, у Аляксандра Лукашэнкі ёсьць тры варыянты рэакцыі на той пратэстны рух, які цяпер разгарнуўся.

«Першы варыянт — нічога не рабіць, акрамя тактыкі дробных фолаў (то бок штрафаў). Але тады людзей будзе выходзіць усё болей і болей. Другі варыянт — брутальна задушыць пратэст. Тады пачынаць трэба будзе з галоўных — з арганізатараў. А калі пасадзіць галоўнага арганізатара, праз вызваленьне якога пачалася нармалізацыя стасункаў з Захадам, то на чым будзе грунтавацца тая нармалізацыя? Трэці варыянт — пачаць выконваць нашы патрабаваньня, якія складаюцца з трох пунктаў. Першы пункт можна выканаць імгненна — скасаваць дэкрэт. Другі пункт тычыцца таксама сацыяльных праблемаў — рост тарыфаў ЖКГ, падзеньне даходаў, падвышэньне пэнсійнага ўзросту. Трэці пункт — сумленныя і справядлівыя выбары», — кажа ён.

«Людзі самі вылучаюць палітычныя патрабаваньні»

Статкевіч ня згодны з думкай некаторых аналітыкаў, якія лічаць, што спроба апазыцыйных палітыкаў пашырыць парадак дня цяперашніх пратэстаў за кошт лёзунгаў барацьбы за справядлівыя выбары, беларускую мову і супраць «русского мира» адштурхне ад сябе людзей і пратэсты пойдуць на спад.

Лёзунг „Жыве Беларусь“ робіцца ўжо сацыяльным

«Цяпер людзі ў рэгіёнах, асабліва ў райцэнтрах і вёсках, апынуліся ў адчаі. Там сацыяльны пратэст прымае форму сацыяльнай нянавісьці супраць аднаго чалавека, якога яны лічаць вінаватым ва ўсім. Сёньня людзі самі вылучаюць палітычныя патрабаваньні: 17 лютага „Лукашэнка, сыходзь“ — быў найбольш гучны лёзунг. Паверце, калі нас успрымуць як сваіх абаронцаў, то людзі аўтаматычна ўспрымуць і ўсё астатняе. Для людзей галоўнае — жыць нармальна, зарабляць. А калі чалавек, які іх абараняе, мае такія асаблівасьці — ён беларускамоўны, ён Расеі пабойваецца, то, значыць, так і трэба. Таксама мяне зьдзіўляе крытыка лёзунгу „Жыве Беларусь“. А што, вы хочаце, каб яна памерла? Лёзунг „Жыве Беларусь“ робіцца ўжо сацыяльным. Гэты пратэст павінна ўзначаліць дэмакратычная апазыцыя, і яна яго ўзначаліць — гэта будзе гарантыяй таго, што пратэст ня будзе выкарыстаны супраць нашай дзяржаўнасьці», — кажа палітык.

Марш супраць дэкрэту пра «дармаедаў» у Менску 17 лютага
Марш супраць дэкрэту пра «дармаедаў» у Менску 17 лютага

17 лютага ў Менску адбыўся «Марш абураных беларусаў» супраць «дэкрэту аб дармаедах». Паводле назіральнікаў, у акцыі прымалі ўдзел 2,5–3 тысячы чалавек. Мікалай Статкевіч ацэньвае колькасьць пратэстоўцаў у 5–7 тысяч.

19 лютага акцыі пратэсту супраць дэкрэту № 3 прайшлі ў абласных цэнтрах. Найбольш шматлікія мітынгі адбыліся ў Гомелі (каля 2000 чалавек) і Магілёве (каля 500).

Акцыя 17 лютага была арганізаваная Беларускім нацыянальным кангрэсам, куды ўваходзяць 7 агульнанацыянальных арганізацыяў і 13 рэгіянальных кааліцыяў. Акцыі ў рэгіёнах арганізоўваліся мясцовымі апазыцыйнымі актывістамі, якія прадстаўлялі розныя партыі і рухі, або наагул адбываліся стыхійна.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG