Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТВ паказала накрыты стол на беразе мора, што я нібыта ўцёк, — Статкевіч


Мікалай Статкевіч на пікеце 10 верасьня

Мікалай Статкевіч на пікеце 10 верасьня

Мікалай Статкевіч ня пойдзе 22 верасьня ў суд, бо не атрымаў позвы.

Пра гэта ён сказаў карэспандэнту Свабоды.

— Калі я сёньня ехаў з аэрапорту з жонкай з нашага вясельнага падарожжа, я атрымаў на тэлефон вельмі дзіўнае СМС. Вельмі дзіўнага зьместу, але вельмі вялікага аб’ёму. Позва нібыта з суду Цэнтральнага раёну для разгляду справы па пратаколе, які быў складзены 10 верасьня за перадвыбарчы пікет каля ГУМа ў Менску. Я лічу гэтую СМС справай хакераў, бо не ўказана тэлефонаў, па якіх я мог бы нешта высьветліць. Я на яе не зьвярнуў увагі. Але праз гадзіну на мабільны патэлефанаваў мужчына, які фактычна пераказаў зьмест гэтага СМС і запатрабаваў, каб у 10 гадзін раніцы я зьявіўся ў тым судзе. Я ня ведаю, што гэта за чалавек, магчыма, пранкер? Можа, які розыгрыш? Ён не прадставіў ніякіх доказаў, што тэлефануе менавіта з суду. Я сказаў, каб ён даслаў мне позву за некалькі дзён, а ня менш, чым за суткі. Тады я буду рэагаваць, а цяпер у мяне і адвакат заняты. А тады можам і за наступную сустрэчу выбаршчыкаў пратакол разгледзець, якая будзе 23 верасьня ў 18 гадзін на плошчы Свабоды.

Такія дзеяньні ўладаў Статкевіч лічыць спробай напалохаць выбаршчыкаў.

Таму я заклікаю людзей: ня бойцеся. Я не баюся, і вы ня бойцеся

— Не мяне, бо мяне палохаць безнадзейна. Але выбаршчыкаў. У нас жа як — некалькі чалавек заплацілі штрафы, а некалькі мільёнаў напалохаліся. Таму я заклікаю людзей: ня бойцеся. Я не баюся, і вы ня бойцеся. Сустрэнемся і пагаворым, што гэты чалавек нарабіў за 21 год ва ўладзе. І будзем вырашаць, што нам рабіць далей і як ставіцца да гэтых выбараў. А на гэтыя запрашэньні хакераў ці пранкераў я нават не зьбіраюся зважаць.

— То бок сустрэча выбаршчыкаў пройдзе ў любым выпадку?

— Безумоўна. Я там ужо і пытаньні задаваў Лукашэнку ў фэйсбуку. Нават падчас нашага сумеснага з жонкай адпачынку, першага за пяць гадоў, я ў дзень па пытаньні задаваў у фэйсбуку. Але зараз усе пяць пытаньняў стаяць разам на маім сайце statkevich.org. Калі Лукашэнка не адкажа на гэтыя пытаньні, гэта будзе азначаць, што на ўсе пытаньні адказ станоўчы.

— Вы вярнуліся зь вясельнага падарожжа?

— Мы былі на крайняй поўначы Грэцыі. Па сутнасьці ўпершыню за пяць гадоў атрымалі магчымасьць разам пабыць без усіх гэтых яўных наглядаў, машын і людзей, проста пакупацца ў моры. Гэты было насамрэч прыемна і ўпершыню пасьля вызваленьня я атрымаў магчымасьць нарэшце адпачыць. Гэтага не прамінуў дзяржаўны тэлеканал СТВ, які ў нядзельным аглядзе паведаміў, што Статкевіч плянуе новы пікет «чамусьці на грэцкім курорце»... Нават паказалі нейкі накрыты стол на беразе мора. Маўляў, я баюся вяртацца ў краіну, што я нібыта ўцёк. Ну, я вярнуўся. Улада насамрэч устрывожана, што ўзровень страху ў грамадзтве пачаў зьніжацца пасьля таго пікету. Яны баяцца, што людзі асьмялеюць і пачнуць выходзіць на сустрэчы выбаршчыкаў, і яны будуць масавымі. Уладам не хацелася б, каб беларусы масава паказвалі сваё стаўленьне да гэтых псэўдавыбараў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG