Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч заклікаў рэгіянальных актывістаў паўплываць на сваіх лідэраў у сталіцы


Мікалай Статкевіч у Горадні
Мікалай Статкевіч у Горадні

Былы кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч сустракаўся ў Горадні з актывістамі розных партыяў і рухаў, агітаваў іх за ўдзел у Беларускім нацыянальным кангрэсе і прасіў паўзьдзейнічаць на сваіх лідэраў у Менску, каб абʼяднаць усе дэмакратычныя сілы.

Паводле Статкевіча, абʼехаўшы ўжо некаторыя рэгіёны, ён заўважыў, што гатоўнасьць да супрацы прысутнічае толькі ў малых і раённых гарадах. А ўжо нават на абласным узроўні адчуваецца ўплыў партыйных кіраўнікоў зь Менску, і іхнія прадстаўнікі на месцах дзейнічаюць у сваіх вузкіх інтарэсах.

— Найцяжэй дамовіцца ў Менску з партыйнымі кіраўнікамі. Кангрэс — гэта ня толькі праява абʼяднаньня апазыцыі, гэта яшчэ і рычаг. Бо калі людзі пачынаюць на месцах праяўляць да яго цікавасьць, то і іх кіраўнікі ў Менску пачынаюць варушыцца. А нам жа патрэбная агульная стратэгія на парлямэнцкія выбары. Але пакуль немагчыма нават сфармаваць агульны сьпіс, хоць яшчэ ніхто нават не абмяркоўваў, на якіх умовах у іх удзельнічаць.

Статкевіч сказаў Свабодзе, што наперадзе вельмі шмат пытаньняў, якія апазыцыя павінна абмеркаваць сумесна, і таму на візыты ў рэгіёны ён ускладае вялікую надзею.

— Я зьвяртаюся да актывістаў усіх партыяў і рухаў па падтрымку для Кангрэса. Я запрашаю іх да ўдзелу ў Кангрэсе, заклікаю аказаць уплыў на лідэраў сваіх партыяў і рухаў, каб тыя далучыліся да агульнага абʼяднаньня. Ня наша мэта раскалоць партыі і перамагчы гэтых лідэраў — нам трэба ўсім абʼяднацца.

Паводле Статкевіча, плянуецца, што па выніках Кангрэсу будзе ўтвораная Рада, у якой будуць прадстаўнікі ўсіх партыяў і рухаў.

— Але нам трэба пасьпець гэта зрабіць да паловы восені. Думаю, якраз у гэты час можа пачацца рызыка драматычных падзеяў, і нам гэты час трэба сустрэць адным кулаком.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG