Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньняшняя спроба лідэраў беларускай апазыцыі абраць кіраўніка ініцыятыўнай групы палітвязьня Міколы Статкевіча як магчымага адзінага кандыдата на прэзыдэнта ня мела плёну. Некаторыя ўдзельнікі дыскусіі заявілі: трэба праводзіць дзьве розныя кампаніі. Адну — за вылучэньне кандыдатам на прэзыдэнта некага іншага, каго Цэнтравыбаркам зарэгіструе; другую — за вызваленьне ўсіх палітвязьняў, у тым ліку і Міколы Статкевіча.

На пачатку паседжаньня прадстаўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Мечыслаў Грыб агучыў пазыцыю сваёй партыі: Цэнтравыбаркам паводле дзейнага заканадаўства не зарэгіструе кандыдатам ня толькі самога Міколу Статкевіча, які дагэтуль за кратамі, але і ягоную ініцыятыўную групу. А бяз гэтага зьбіраць подпісы за Статкевіча, не парушаючы заканадаўства, немагчыма:

Мечыслаў Грыб

Мечыслаў Грыб

«Мы лічым, што было б добра правесьці збор подпісаў грамадзян Беларусі за вызваленьне палітвязьняў, у тым ліку і Статкевіча, выкарыстоўваючы будучую прэзыдэнцкую кампанію. Каб ініцыятыўныя групы дэмакратычных кандыдатаў на прэзыдэнта (ці аднаго, ці іх будзе некалькі) адначасова зьбіралі і подпісы за вызваленьне палітвязьняў.

Але мы не падтрымліваем вылучэньне адзіным кандыдатам на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча. Гэта мы лічым зусім нерэальным і беспэрспэктыўным».

Падобнай думкі прытрымліваецца і рух «За свабоду», — кажа першы намесьнік старшыні гэтай арганізацыі Юрась Губарэвіч:

Юрась Губарэвіч

Юрась Губарэвіч

«Мы на сёньня разглядаем асобна кампанію па падтрымцы кандыдата на прэзыдэнта. І мы лічым, што такім кандыдатам павінна быць асоба, якая мае права ўдзельнічаць у выбарах. А значыць, і выкарыстаць усе інструмэнты прэзыдэнцкіх выбараў, каб данесьці сваю пазыцыю да выбарцаў. І гэтую кампанію трэба аддзяліць ад кампаніі салідарнасьці з палітвязьнямі і пэрсанальна зь Міколам Статкевічам. Другая кампанія можа мець абсалютна іншы набор дзеяньняў. І асноўная мэта яе будзе — спрыяць вызваленьню палітвязьняў, а не імітаваць удзел у выбарчым працэсе».

Вылучэньне Статкевіча ініцыявалі яго паплечнікі зь Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада). Сяргей Скрабец, які ўдзельнічаў у сёньняшніх перамовах, сказаў Свабодзе: партыя будзе аб’ядноўваць вакол сябе прыхільнікаў палітвязьня як адзінага кандыдата на прэзыдэнта. А гэтую ідэю, паводле ягоных словаў, падтрымліваюць грамадзянская кампанія «Гавары праўду», незарэгістраваная Партыя свабоды і прагрэсу, «Малады фронт» ды іншыя:

Сяргей Скрабец

Сяргей Скрабец

«Таму наша партыя будзе рыхтаваць пагадненьне. Тыя, хто яго падпіша, увойдуць у раду і будуць дапамагаць нам зьбіраць ініцыятыўную групу за вылучэньне Статкевіча як кандыдата на прэзыдэнта. Але які гэта будзе фармат, ці палітвязень будзе адзіны кандыдат ад усёй апазыцыі, ці толькі ад яе часткі, — тут цяжка пакуль сказаць дакладна».

Сяргей Скрабец спадзяецца, што хтосьці з тых, хто выступае супраць вылучэньня Статкевіча як адзінага кандыдата, перагледзіць свае падыходы. Таму чарговую сустрэчу апазыцыянэры прызначылі праз два тыдні.

Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 лістапада 2015 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG