Туркмэнскі журналіст, супрацоўнік Радыё Свабода Худайберды Алашаў і яго маці атрымалі па тры гады зьняволеньня ўмоўна паводле абвінавачваньня ў захоўваньні жавальнага тытуню насвай.
Паводле інфармацыі туркмэнскай службы Радыё Свабода, журналіста і яго маці адпусьцілі з-пад варты ў залі суду 15 лютага. Цяпер яны знаходзяцца дома ў горадзе Куня-Ургенч, на поўначы Туркмэністану. За імі ўстаноўлены нагляд, ім забаронена карыстацца якімі-небудзь сродкамі сувязі.
Алашаў і яго маці былі арыштаваныя ў сьнежні мінулага году. За некалькі тыдняў да таго адбыўся напад на журналістку Салтан Ачылаву, якая таксама супрацоўнічала з Радыё Свабода. У 2015 годзе яшчэ адзін супрацоўнік Радыё Свабода Сапармамэд Непескуліеў быў асуджаны на 3 гады турмы паводле абвінавачваньня ў захоўваньні наркотыкаў.
Праваабаронцы, міжнародныя арганізацыі і Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода лічаць, што журналістаў перасьледуюць за іх прафэсійную дзейнасьць.
Нядаўна прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Томас Кент заклікаў неадкладна вызваліць Сапармамэда Непескуліева і Худайберды Алашава. Кент асудзіў ўлады Туркмэністану за перасьлед незалежных журналістаў.