Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Запрашаем у пекла 1944-1954 гадоў», — дасьледнік з Баранавічаў напісаў кнігу пра злачынствы савецкай улады


Аляксандар Татаранка
Аляксандар Татаранка

Жыхар Баранавічаў Аляксандар Татаранка рыхтуе да выданьня кнігу пра пасьляваенны пэрыяд гісторыі свайго рэгіёну. Пабываўшы ў многіх архівах, дасьледчык прыйшоў да высновы, што савецкая ўлада была акупацыйнай, а «маленькія Курапаты» існуюць каля многіх гарадоў.

Аляксандар Татаранка — не прафэсійны гісторык, ён падпалкоўнік у адстаўцы. Служыў у войску, потым у органах МУС. Аднак сапраўдным жыцьцёвым захапленьнем стала для яго вывучэньне ў архівах савецкага пэрыяду гісторыі Заходняй Беларусі, Баранавіцкай вобласьці, якая існавала ў пасьляваенны пэрыяд.

У 2006 годзе накладам 700 экзэмпляраў Аляксандар Татаранка выдаў кнігу «Недазволеная памяць» амаль на тысячу старонак, якая хутка разышлася.

Цяпер ён рыхтуе да выданьня другую кнігу — «Запрашаем у пекла». У ёй аўтар апісвае паваеннае дзесяцігодзьдзе 1944-1954 гг.. Аляксандар Татаранка кажа, што кніга выйдзе накладам усяго 200 экзэмпляраў, таму цяпер ён шукае дабрачынцаў, каб павялічыць наклад.

Журналісты Свабоды сустрэліся з Аляксандрам Татаранкам, пагутарылі пра ягоную працу, а таксама пра высновы, да якіх прыйшоў дасьледнік, працуючы ў архівах.

— Аляксандар, вы непрафэсійны гісторык. Адкуль у вас зьявілася жаданьне разьбірацца ў складаным пэрыядзе беларускай гісторыі?

Калі я папрацаваў палову году, то зразумеў, што гісторыі ні я, ніхто з нас увогуле ня ведае.

— У 38 гадоў я, кадравы афіцэр, пайшоў на пэнсію. Паўстала пытаньне, як жыць далей. Ісьці ў бізнэс — пад 40 гадоў ужо позна. Ісьці ў ахоўнікі, самі разумееце, у званьні падпалкоўніка неяк сорамна. Я вельмі люблю гісторыю і вырашыў зьвярнуцца да гэтай тэмы на ўзроўні аматарскім. На пэўным этапе я пазнаёміўся з нашым вядомым краязнаўцам Міхасём Бернатам, мы працавалі зь ім над кнігай «Памяць» Ляхавіцкага раёну. Тады мне і прапанавалі папрацаваць у архівах. Я пачынаў з тэмы «Калектывізацыя ў Ляхавіцкім раёне 1944-1953 гг.». І калі я папрацаваў палову году, то зразумеў, што гісторыі ні я, ніхто з нас увогуле ня ведае.

У выніку, калі другое выданьне кнігі «Памяць» Ляхавіцкага раёну з прынцыповай падачай гістарычнай інфармацыі так і не выйшла, я вырашыў падрыхтаваць сваю кнігу ў процівагу афіцыйным. І ў 2006 годзе такая кніга была выдадзена пад назвай «Недазволеная памяць».

Там апісваецца пэрыяд 1921-1951 гадоў, час трох акупацыяў — польскай, савецкай ды нямецкай.

— У якіх архівах вы працавалі?

— Я працаваў у архівах Берасьця, Горадні, Менску, Баранавічаў ды іншых. Ёсьць цікавыя моманты, якія знаходзяцца ў адкрытых архівах, таму аналіз дакумэнтаў, веданьне сытуацыі таго часу дазваляе ня грукаць у закрытыя архівы.

Савецкая акупацыя Беларусі

— У дачыненьні да савецкага пэрыяду беларускай гісторыі вы скарысталі тэрмін «акупацыя». Чаму вы прыходзіце да такой высновы?

— У мяне цяпер рыхтуецца да выданьня кніга «Запрашаем у пекла. 1944-1951 гг.». Там я правожу паралель з нацыстамі, якія вывезьлі з 1941-га па 1944 год на прымусовыя работы 33 тысячы 700 чалавек. Назад вярнуліся да 1948 году 820 чалавек. Што робяць «другія саветы»? З 1944-га па 1954 год, пакуль не была ліквідаваная Баранавіцкая вобласьць, паводле маіх падлікаў, якія патрабуюць удакладненьня ў бок павелічэньня, з вобласьці, якая налічвала 620-650 тысяч чалавек, было вывезена больш за 330 тысяч. У тым ліку больш як 25 тысяч юнакоў і дзяўчат ва ўзросьце 14-17 гадоў, якія ніколі на Радзіму не вярнуліся. Кожны другі жыхар вобласьці апынуўся ў Магадане, Карэліі, Казахстане і гэтак далей. Замест іх сюды былі завезеныя вайскоўцы савецкай арміі, органаў унутраных спраў, НКВД, КГБ і грамадзяне з усходніх абласьцей.

Гэта проста вам адзін прыклад таго, што гэта была самая сапраўдная акупацыя. Мала чым адрозьнівалася палітыка нацыстаў і бальшавікоў.

Першая кніга Аляксандра Татаранкі «Недазволеная памяць» выйшла ў 2006 годзе
Першая кніга Аляксандра Татаранкі «Недазволеная памяць» выйшла ў 2006 годзе

— Якой была пасьляваенная ўлада, ці маглі быць мясцовыя людзі кіраўнікамі?

— Паводле саміх партыйных савецкіх кіраўнікоў, у згаданы пэрыяд у органах улады мясцовых жыхароў былі адзінкі. Усе начальнікі былі з Усходу — людзі, якія прайшлі школу Сталіна, школу НКВД-НКГБ, зарэкамэндавалі сябе, былі павязаныя кроўю. Маючы ўжо адпаведны вопыт за плячыма, яны ўстанаўлівалі тут савецкую ўладу. Гэта былі ў асноўным расейцы, беларусы былі кіраўнікамі рэдка.

Як забівалі, гвалтавалі, рабавалі насельніцтва

— Назва вашай кнігі «Запрашаем у пекла» адлюстроўвае ня толькі вываз людзей, але і бясчынствы камуністычнай улады, якія тут рабіліся?

Упершыню ўводзяцца ў абарачэньне многія сакрэтныя дакумэнты. Напрыклад, справаздачы на імя першага сакратара абкама камуністычнай партыі пра злачынствы Баранавіцкага гарнізону.

— Так, у кнізе падрабязна апісваецца, што рабілася ў гэты пэрыяд у Баранавіцкай вобласьці. Упершыню ўводзяцца ў абарачэньне многія сакрэтныя дакумэнты. Напрыклад, справаздачы на імя першага сакратара абкама камуністычнай партыі пра злачынствы Баранавіцкага гарнізону. Што тварылі тут афіцэры, салдаты. Як забівалі, гвалтавалі, рабавалі насельніцтва. Што тварылі чыноўнікі, супрацоўнікі НКВД-НКГБ. У архівах мне трапіліся дакумэнты, больш за 500 прысудаў Мінскага абласнога трыбуналу, выязных сэсіяў гэтага трыбуналу. Гэта прысуды афіцэрам, вайскоўцам, якія ўчынілі бясчынствы, гвалт, рабаваньні, забойствы ў дачыненьні да мірнага насельніцтва.

У кнізе гэта ёсьць, якія тэрміны яны атрымалі. Але аналіз крымінальных спраў паказвае, што 3% афіцэраў былі асуджаныя да зьняволеньня. Прычына, зь якой астатнія засталіся на волі, — у прэамбуле многіх прысудаў проста ўказваецца, што падсудны ўзнагароджаны мэдалём, напрыклад за абарону Сталінграда. Гэта была падстава, што ён быў «наш чалавек», то бок юрыдычна органы ўлады замацавалі права забіваць беларусаў гэтай катэгорыі вайскоўцаў.

Журнал адзнак адной зь беларускіх школ часоў нямецкай акупацыі за 1942/1943 навучальны год. З архіву Аляксандра Татаранкі
Журнал адзнак адной зь беларускіх школ часоў нямецкай акупацыі за 1942/1943 навучальны год. З архіву Аляксандра Татаранкі

Свае Курапаты па ўсёй Беларусі

— Нядаўна пад Віцебскам, каля вёскі Хайсы, знайшлі месца расстрэлаў, якое ўжо атрымала ў СМІ назоў «Віцебскія Курапаты». У сваіх дасьледаваньнях ці знаходзіце вы сьведчаньні аб існаваньні падобных «рэгіянальных Курапатаў»?

— Адзін з разьдзелаў у маёй новай кнізе апавядае пра тое, што з 1944-га па 1951 год кожны аддзел НКВД, НКГБ, вайсковыя часьці ў кожным раёне атрымлівалі па 15, 150 і нават 300 гектараў зямлі пад так званыя «падсобныя гаспадаркі». Я вывучыў справаздачы па сельскай гаспадарцы, дзе ніводнае з гэтых падразьдзяленьняў не праходзіць. Яны не давалі справаздач пра збожжа або мяса... У той жа час большасьць гэтых надзелаў яны атрымлівалі ў лясах, далёка ад дарог. Мая думка — менавіта ў гэтых месцах і былі «маленькія Курапаты» ў кожным раёне. Гэтыя так званыя «падсобныя гаспадаркі» служылі проста прыкрыцьцём, легэндай. Насамрэч гэта былі канцлягеры, дзе проста адбывалася фізычнае зьнішчэньне людзей.

Прыйдзе час, калі ўсе гэтыя «маленькія Курапаты» будуць знойдзеныя. Уся статыстыка знаходзіцца ў архівах КДБ Беларусі і больш дэталёвыя дакумэнты — у архівах ФСБ Расеі.

Я думаю, прыйдзе час, калі ўсе гэтыя «маленькія Курапаты» будуць знойдзеныя. Уся статыстыка знаходзіцца ў архівах КДБ Беларусі і больш дэталёвыя дакумэнты — у архівах ФСБ Расеі. Я перакананы, што прыйдзе час, і мы будзем ведаць па імёнах, хто ўчыняў гэтыя злачынствы і колькі людзей было зьнішчана.

— Напрыклад, дзе могуць быць гэтыя «маленькія Курапаты»?

— Возьмем Наваградак. Цяпер там стаяць два помнікі палеглым воінам. Яшчэ працуючы над першай кнігай, сустракаючыся зь людзьмі, мне сказалі, што адзін з помнікаў у Наваградку не адпавядае рэчаіснасьці. Мясцовыя жыхары мне патлумачылі, што яго паставілі ў 60-я гады на ўказаньне партыйных органаў на месцы расстрэлаў мірных жыхароў пасьля Другой усясьветнай вайны. Я пачаў працаваць далей, шукаў літаратуру, успаміны... І знайшоў. У Ізраілі была выдадзеная кніга аднаго з тагачасных жыхароў Меншчыны, які расказвае пра тое, што калі ён выйшаў зь лесу пасьля вызваленьня савецкімі войскамі Менскай вобласьці, то яго арыштавалі і даставілі ў адзін з гэтых лягераў.

Асноўны аддзел знаходзіўся ў Наваградку (там, дзе цяпер будынак РАУС), а месца расстрэлаў — дзе стаіць гэты помнік. Там ня толькі мясцовых жыхароў расстрэльвалі. Я прывёў гэты прыклад, бо чалавека зь Менскай вобласьці гналі ў Наваградак, каб схаваць сьляды.

Падпалкоўнік у адстаўцы лічыць, што «маленькія Курапаты» ёсьць у кожным раёне
Падпалкоўнік у адстаўцы лічыць, што «маленькія Курапаты» ёсьць у кожным раёне

У кожным раёне знаходзіліся такія лягеры. Яны мелі прыкрыцьцё, быццам гэта вайсковыя нейкія каапэратывы. Лягер 318 знаходзіўся ў тагачасным Гарадзішчанскім раёне, каля вёскі Паланэчка, сёньня гэта Баранавіцкі раён. Насамрэч ніякага там «калгасу» не было, гэта быў канцлягер.

На маю думку, у кожным раёне знаходзілася некалькі такіх лягераў. Акрамя таго, карныя органы НКВД-НКГБ актыўна выкарыстоўвалі былыя лягеры нацыстаў — лягер Калдычэва, лягер Лясная. НКВД іх выкарыстоўвала да канца 40-х гадоў.

У кнізе я прывожу ўспаміны чалавека, які распавядаў, што яшчэ ў 1947 годзе чулі страляніну з кулямёта на тэрыторыі былога лягеру Калдычэва.

— Тэма, якой вы займаецеся, сёньня амаль не кранутая прафэсійнымі гісторыкамі. Чаму так, як вы мяркуеце?

Прафэсійны гісторык сёньня з гэтай тэмай працаваць ня можа, бо яму або не дадуць абараніцца, або звольняць.

— Калі ты працуеш у архіве, то запісваесься ў журнале наведваньняў. Я працаваў у Баранавіцкім архіве над апошняй кнігай больш за тры гады, то за гэты час толькі аднойчы прыехаў дасьледнік з Горадні, які працаваў у габрэйскай тэматыцы, і адзін студэнт унівэрсытэту з тэмай савецкага характару.

Калі браць афіцыйную гісторыю, то такіх прац ня будзе, пакуль у нас палітыка скіраваная ў адным рэчышчы — «лінія Сталіна». Прафэсійны гісторык сёньня з гэтай тэмай працаваць ня можа, бо яму або не дадуць абараніцца, або звольняць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG