Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Статкевіч: «Досьведу ў мяне, мабыць, на два жыцьці хопіць»


Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч

12 жніўня спаўняецца 60 гадоў палітыку Міколу Статкевічу. Пяць апошніх дзён народзінаў ён сустракаў за кратамі — чатыры разы ў крытай турме і адзін — у калёніі. Напярэдадні юбілею спадар Статкевіч падзяліўся са Свабодай, чаму ня любіць дні народзінаў, але сёлета вымушаны адзначаць; чаму ганарыцца тым, што спрычыніўся да стварэньня Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў і верыць, што ў Беларусі ёсьць сапраўдныя афіцэры, і чаму ён дагэтуль адчувае віну перад сваімі пасьпяховымі дочкамі, якія зрабілі добрую кар’еру ў Нямеччыне.

— Спадар Мікола, абяцаю напярэдадні Вашага юбілею не пытацца ў вас пра парлямэнцкія выбары, праблемы апазыцыі і партыйнае жыцьцё. Толькі пра прыемнае. Спачатку нясьціплае пытаньне: застала вас у краме. Закупаліся да дня народзінаў? Шмат гасьцей чакаеце?

— Я вельмі не люблю дзень народзінаў, не лічу гэта сьвятам ужо вельмі даўно. Калі стала нават юрыдычна на год болей, якая гэта радасьць? Але ж у мяне дзень народзінаў у вельмі зручны час — у жніўні, і заўсёды была магчымасьць проста зьяжджаць куды-небудзь, каб не сьвяткаваць.

Але сёлета ўсё ж такі круглая дата, і я са сваімі сябрамі, калегамі даўно не адзначаў дні народзінаў, ня толькі таму, што не люблю, але і па аб’ектыўных прычынах, бо сядзеў. Так што гэтым разам ужо дзецца няма куды. Натуральна, мы зьбяромся ў пятніцу з калегамі па «Народнай грамадзе», адзначым.

Безумоўна, улічваем такі момант, што могуць быць і нейкія прыгоды, бо цяпер, як я зразумеў, вельмі пільны нагляд за маральнымі ўстоямі прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў: калі хтосьці вып’е крыху піва, сярод ночы каля пад’езду могуць адлавіць — ужо два прэцэдэнты ёсьць. Будзем асьцярожныя, каб гэта прадухіліць.

Мікола Статкевіч падчас акцыі на Дзяды, 2015 год
Мікола Статкевіч падчас акцыі на Дзяды, 2015 год

— А што будзе на стале? Ці ёсьць у вас нейкая каронная страва?

— Мы з калегамі будзем сьвяткаваць, мабыць, ня дома. Але потым будуць сьвяткаваньні з блізкімі — брат з Украіны прыяжджае (хоць я яму 5 гадоў забараняў сюды прыяжджаць), потым мы разам паедзем да бацькі ў Баранавічы. А наконт каронных страваў — я на гэтым не замарочваюся.

— Пяць апошніх гадоў дзень народзінаў адзначалі за кратамі. Як віншавалі вас у турме? Былі падарункі? І ці падтрымліваеце стасункі з былымі сядзельцамі?

— Я ўжо казаў пра сваё стаўленьне да дня народзінаў — я спакойна стаўлюся да гэтага. У турме 4 разы была магчымасьць не адзначаць. Хаця ўзгадваю адзін кранальны момант у калёніі: там вакол людзі, і яны не далі мне забыцца на гэта сьвята. Акружылі мяне ланцугом, праз ахоўнікаў людзі зь іншага атраду перадалі шыкоўны торт, вельмі шмат падарункаў было. Але самы кранальны падарунак атрымаў ад аднаго чалавека, у якога не было сваякоў на свабодзе, яму не насілі перадачы, не было грошай. Дык вось ён у дзень народзінаў прынёс проста акрайчык добрага чорнага хлеба, як я люблю. Вось гэта быў самы кранальны і дарагі падарунак.

А што да стасункаў з былымі сядзельцамі... Я ня думаю, што гэта будзе добра для іх, але некаторыя кантакты засталіся.

— Вы як афіцэр даволі рана апынуліся на пэнсіі. І вось цяпер дасягнулі агульнапрынятага пэнсійнага ўзросту — 60 гадоў. Выглядаеце значна маладзей, у добрай фізычнай форме. Як удаецца так добра «захавацца»? На колькі сябе адчуваеце? Як ваш, скажам так, біялягічны ўзрост?

— Паводле пашпарту мне будзе 60 гадоў, і што тут мне, мужчыну, ужо какетнічаць? Наколькі адчуваю? Асноўныя фізычныя парамэтры гадоў 40 не мяняліся. Я ўсё жыцьцё займаюся фізкультурай, ёсьць пэўныя тэставыя практыкаваньні. Гэта і дапамагае. Як ні банальна, але штодзённыя заняткі фізкультурай калясальна ўплываюць і на псыхалягічны стан, і на фізычны стан чалавека. Я ня ведаю, чаму людзі гэта ня робяць штодня. Большасьць проста лянуецца, іх трэба прымушаць. Але нікуды не падзенеш досьвед гэтых пражытых гадоў. Тым больш, што ў мяне жыцьцё было дастаткова інтэнсіўнае, досьведу ў мяне, мабыць, на два жыцьці хопіць, калі ня болей. Я не пераймаюся, на колькі гадоў я выглядаю, на колькі адчуваю. Энэргія ёсьць, здароўе ёсьць, ёсьць сілы працаваць дзеля той мэты, якую я сабе стаўлю. А гэта мэта — жыць у нармальнай, незалежнай, заможнай Беларусі. Будзем і далей працаваць.

— Ужо пасьля адседкі Вы былі арганізатарам і ўдзельнікам шматлікіх крэатыўных акцыяў, вас пакаралі шалёнымі штрафамі, у вас былі праблемы на мяжы, вам помсьцілі неяк па-дробнаму: адключалі мабільны тэлефон, пазбавілі правоў кіроўцы. Праз судзімасьць ня можаце зараз балятавацца на парлямэнцкіх выбарах. Былі і «хімія», і працяглая адседка. Ня хочаце супакоіцца, «забіць» на ўсё і, да прыкладу, вандраваць?

— Ведаеце, я жыву. Я жыву нармальным, паўнавартасным жыцьцём. Калі ёсьць магчымасьць (калі не сяджу за кратамі ці на «хіміі») — вандрую. Тым больш, мяне часта запрашаюць за мяжу і бяруць на сябе выдаткі. Я шмат вандрую, маю замежныя сустрэчы з партнэрамі, сябрамі. Разумею, што гэта многім людзям, якія ня могуць падарожнічаць ці падарожнічаюць за свае грошы, не падабаецца. Я не зьбіраюся адмаўляцца ад падарожжаў, вандровак, бо гэты сьвет цудоўны, і я буду, мабыць, да канца дзён сваіх імкнуцца бачыць яго ва ўсёй разнастайнасьці.

Я проста адчуваю ў сабе адказнасьць за Беларусь, за яе будучыню. І куды я ад гэтай адказнасьці падзенуся? Супакойвацца — гэта слова ня тое. Супакойваюцца, калі ўжо няма сілаў, ці калі канец жыцьця будзе. А пакуль я буду працаваць дзеля Беларусі — гэта частка маёй натуры і інакш я свайго жыцьця не ўяўляю. А ламаць сябе, прымушаць сябе да бязьдзейнасьці — гэта нейкае вычварэнства, калі ёсьць сілы і жаданьне дзейнічаць.

Мікола Статкевіч з жонкай Марынай Адамовіч, архіўнае фота
Мікола Статкевіч з жонкай Марынай Адамовіч, архіўнае фота

— Спадар Мікола, абяцала не размаўляць з вамі ў юбілей пра палітыку. Але дазвольце толькі адно пытаньне — пра афіцэраў. Ваша палітычная кар’ера пачалася больш за 25 гадоў таму зь Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў. Ці ёсьць такая арганізацыя цяпер? І наагул, ці ёсьць у Беларусі сапраўдныя афіцэры?

— Я думаю, такія людзі ёсьць. Канечне, ня так шмат, як хацелася б. І калі здарыцца крытычная сытуацыя, магчыма, мы іх убачым.

Літаральна праз тыдзень споўніцца 25 гадоў, як падчас ГКЧП было абвешчана пра ўтварэньне Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў. Гэта сапраўды ўжо частка беларускай вайсковай гісторыі. І я спадзяюся, што для некаторых сёньняшніх афіцэраў, якія служаць, гэта будзе прыкладам. Бо мы ў той няпэўнай сытуацыі пайшлі на гэты крок, які мог бы каштаваць вельмі дорага, калі б ГКЧП перамог. Нас бы чакаў тады вельмі сумны лёс. Але мы хацелі пакінуць у нашай гісторыі менавіта такі прыклад. Я спадзяюся, што і цяпер знойдуцца ў нас беларускія афіцэры, для якіх наш прыклад будзе каштоўнасьцю і ўзорам.

— І адно асабістае пытаньне. Мне падаецца, вы шчасьлівы сын і шчасьлівы бацька. Бо ў вас у такім узросьце ёсьць свой бацька. Ведаю, што ў вас вельмі пасьпяховыя дочкі, якія зрабілі кар’еру за мяжой. Распавядзіце пра іх. Ганарыцеся сям’ёй?

— Безумоўна. Я вельмі шчасьлівы, што мой бацька разам з намі, што ён для свайго ўзросту ў выдатнай фізычнай і інтэлектуальнай форме.

Я вельмі рады, што ў маіх дачок ўсё нармальна, усё склалася — і кар’ера, і асабістае жыцьцё. Я, па сутнасьці, нанёс ім пэўную шкоду, яны ня здолелі нармальна на радзіме ўладкаваць сваё жыцьцё пасьля ўнівэрсытэтаў, знайсьці нармальную працу. Але яны ў чужой краіне — у Нямеччыне — атрымалі другую адукацыю, уладкавалі сваё жыцьцё. Шкада, што цяпер яны ня могуць наведаць Беларусь — я ім забараняю гэта. Бо я разумею, што спэцслужбы шукаюць нейкія слабыя месцы, за што можна ўчапіцца. У турме гэта было вельмі відавочна: увесь час цябе скануюць, дзе ў цябе балючае месца. Я не хачу, каб у якасьці гэтага балючага месца выкарысталі маіх дзяцей і ўнукаў. Але яны хочуць прыехаць у Беларусь, пабачыць сваю радзіму, сустрэцца зь сябрамі. Пакуль яны ня могуць гэта зрабіць. Але яны ў чужой краіне, яны вельмі пасьпяховыя, нават вышэй за сярэдні ўзровень для карэнных грамадзян гэтай краіны. А гэта вельмі нялёгка, ніхто ня любіць пасьпяховых чужынцаў.

Мікола Статкевіч з бацькам
Мікола Статкевіч з бацькам

— Але вы ж зь імі кантактуеце, сустракаецеся за мяжой?

— Безумоўна, сустракаемся. І зь іхнымі дзецьмі, і з мужамі. У мяне трое ўнукаў, і, спадзяюся, хутка будзе яшчэ чацьвёрты ўнук. У старэйшай Кацярыны — дачушка, дачка цяпер у дэкрэце, увосень ужо вернецца на працу. Кацярына — доктар інжынэрных навук, як там кажуць у Нямеччыне. Яна працуе ў галаўным офісе аўтаканцэрну Audi.

Малодшая дачка Ганна — магістар сацыялёгіі. У малодшай — двое сыноў, яна вельмі хоча дачушку, але трэці будзе таксама сын. Двое сыноў вельмі падобныя да яе мужа Гены. Як я жартую, «гены пальцам не размажаш», я называю іх паменшанымі ксэракопіямі бацькі. Там вельмі моцная генэтыка. Дачка кансультавалася з дактарамі — ці магчыма нарадзіць дзяўчынку. Яны пажартавалі: «Магчыма, калі памяняць мужа».

Зь сем’ямі дачок я сустракаўся ў трагічны дзень, адразу пасьля тэракту ў Бэльгіі. Я быў на запрашэньне Эўрапарлямэнту ў Брусэлі, калі там адбыўся тэракт. Малодшая дачка жыве недалёка ад бэльгійскай мяжы, туды ж пад’ехала старэйшая дачка зь дзіцем. Я зьбіраўся цягніком пад’ехаць да іх, але не хадзілі цягнікі. Зяць на машыне забраў мяне з Брусэля, і мы ўсе разам сустрэліся.

Акрамя таго, ёсьць такія рэчы, як Skype, Viber. Мой старэйшы ўнук, якому 7 гадоў, карыстаецца Skype і піша мне паведамленьні, фатаздымкі шле, паказвае, як ён рашае матэматычныя задачы, і ў відэарэжыме мы зь ім размаўляем. Шкада, канечне, што я не магу пабачыць іх тут. Дарэчы, у старэйшага ўнука — беларускі пашпарт, малодшым яшчэ не аформілі, але абавязкова зробяць таксама беларускія пашпарты.

Сапраўды, у мяне ёсьць пачуцьцё віны перад дзецьмі. Але я імі ганаруся, таму што разумею, як ім было не салодка ў чужой краіне, дзе вельмі раўніва ставяцца да посьпехаў тых, хто прыехаў. Так што бацькамі і дзецьмі сапраўды ганаруся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG