Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Стары Ольса»: Як амэрыканскі пастар прасіў зайграць у царкве «Highway to Hell»


Выступ гурту «Стары Ольса» на Фэстывалі рэнесанснай музыкі ў Мінэсоце, ЗША, 2016

Выступ гурту «Стары Ольса» на Фэстывалі рэнесанснай музыкі ў Мінэсоце, ЗША, 2016

Беларускі гурт сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса» завяршыў гастрольны тур па 20 амэрыканскіх штатах, у якіх музыкі цягам двух месяцаў адыгралі 45 канцэртаў.

Разам са сваёй традыцыйнай праграмай «Стары Ольса» граў кампазыцыі з новага зборніку рок-гітоў у сярэднявечнай апрацоўцы, на выданьне якога людзі з усяго сьвету сабралі амаль 30 тысяч даляраў. Сярод кампазыцыяў, кавэры на якія зрабілі беларускія музыкі, — вядомыя песьні гуртоў Metallica, Pink Floyd, Red Hot Chili Peppers, Beatles, Deep Purple.

Удзельнікі гурту, для якіх летне-восеньскі тур стаў першай паездкай у Злучаныя Штаты Амэрыкі, запрашаюць сваіх фанатаў 25 кастрычніка ў бар Beer&Wine, дзе падзеляцца сваімі ўражаньнямі ад паездкі і падораць новы дыск тым, хто ахвяраваў на яго выданьне.

На думку ўдзельніцы гурту Марыі Шарый, амэрыканскі тур прайшоў проста выдатна, і гэта вялікі посьпех.

Марыя Шарый падчас аднаго з канцэртаў у ЗША

Марыя Шарый падчас аднаго з канцэртаў у ЗША


— Мы праехалі 20 штатаў і далі ў іх канцэрты — як сольныя, так і ў межах фэстываляў сярэднявечнай музыкі. Мы задаволеныя, публіка была вельмі ўражаная ўнікальнасьцю нашай музыкі.

— У амэрыканцаў няма сваёй сярэднявечнай культуры. Можа, таму яны такія прагныя да такой музыкі?

— У іх увогуле эпохі Сярэднявечча і Рэнэсансу зьмешваюцца ў адно гістарычнае паняцьце. І яны дакладна не разумеюць, што гэта такое. А тут мы паказалі жывы рэальны прыклад. Для амэрыканцаў гэта сапраўды вельмі цікава. У асноўным мы гралі сваю асноўную праграму. Асабліва гэта тычылася выступаў на рэнэсансных фэстывалях. Але на сольных канцэртах мы дадавалі адзін-два кавэры з новага альбому, каб яго прарэклямаваць. Прэзэнтацыя альбому рок-кавэраў была ў Сан-Францыска.

Удзельнікі гурта “Стары Ольса” ў штаце Нябраска

Удзельнікі гурта “Стары Ольса” ў штаце Нябраска

— Гэта для вас першая паездка ў Штаты? Што найбольш спадабалася?

— Для гурту першая. Зрэшты, як і для большасьці ўдзельнікаў. Толькі наш кіраўнік Зьміцер Сасноўскі ўжо быў у Амэрыцы раней. Мы пабачылі, што штаты вельмі адрозьніваюцца адзін ад аднаго. Самым нашым любімым штатам аказалася Мінэсота, куды мы нават зьезьдзілі другі раз. Там падчас нашага канцэрту публіка проста стаяла на вушах.

Выступ «Старога Ольсы» на Фэстывалі рэнесанснай музыкі ў Мінэсоце

Выступ «Старога Ольсы» на Фэстывалі рэнесанснай музыкі ў Мінэсоце


— Вашы фанаты ў Амэрыцы ведаюць, што такое Беларусь?

— Пасьля кожнага канцэрту мы выходзілі да публікі і размаўлялі, у тым ліку пра Беларусь. Сказаць, што ўсе амэрыканцы нічога ня ведаюць пра нашу краіну, я не магу. Ведаюць. Магчыма, паўплывалі падзеі ў суседняй з намі Ўкраіне. Больш за тое, зьявіліся такія апантаныя аматары творчасьці «Старога Ольсы», што яны пасьля знаёмства з намі пачалі вывучаць інфармацыю пра Беларусь і сабраліся ехаць у нашу краіну. Некаторыя амэрыканскія сем’і, дзе мы жылі, вельмі дбайна рыхтаваліся да нашага прыезду — вывучылі некаторыя фразы па-беларуску і нават павесілі дома сьцяг, праўда, афіцыйны — яны ж ня ведаюць нюансаў нашай палітычнай сытуацыі.

— Беларус Юрась Зянковіч, які арганізаваў ваш выступ у Дэнвэры, штат Каларада, сказаў, што, на жаль, на канцэрт прыйшло вельмі шмат амэрыканцаў, а беларусы збольшага праігнаравалі. Што вы думаеце пра гэта?

— На канцэрт ідуць дзеля музыкі. Сапраўды, так атрымалася, што амэрыканская публіка прадэманстравала больш зацікаўленасьці. Чаму прыйшло мала беларусаў? Магчыма, таму, што наша музыка даволі спэцыфічная і ня ўсім падабаецца. Другая прычына — тое, што беларусы ў Амэрыцы вельмі разьяднаныя, у адрозьненьне ад, скажам, палякаў ці ўкраінцаў. Але бываюць і выключэньні: на канцэрце ў Сан-Францыска беларусы склалі 80% наведнікаў канцэрту. Яшчэ калі казаць пра канцэрт у Дэнвэры, то ўсё было проста цудоўна арганізавана: Юрась Зянковіч з жонкай падрыхтавалі цудоўныя старажытнабеларускія стравы і зрабілі выставу выбітных беларускіх дзеячоў. У выніку гэта быў ня проста канцэрт, а рознабаковая імпрэза, якая прадстаўляла Беларусь.

Выступ у штаце Мінэсота

Выступ у штаце Мінэсота

— На якіх пляцоўках праходзілі канцэрты?

— Калі мы ўдзельнічалі ў фэстывалях, то гэта адбывалася на вялізных open-air. Сольныя выступы праходзілі ў рок-клюбах і цэрквах, якія маюць паўнавартасныя канцэртныя пляцоўкі — з гукам і з апаратурай. Быў выпадак, калі ў лютэранскай царкве пастар папрасіў нас зайграць кампазыцыю «Highway to Hell» гурту AC/DC. З улікам таго, што назва перакладаецца як «шаша ў пекла», гэта магло падацца дзіўным, але ў Амэрыцы гэта нармальна, там усё ўспрымаюць прасьцей.

— Канцэрты былі бясплатныя?

— За ўваход нічога ня бралі, але была сыстэма ахвяраваньняў, у межах якой усе ахвотныя маглі заплаціць столькі, колькі лічылі патрэбным. Такі падыход вельмі распаўсюджаны ў ЗША, бо ён не абмяжоўвае аўдыторыю толькі тымі, хто можа дазволіць сабе купіць квіток.

— Дзе можна будзе паслухаць ваш новы дыск?

— Прэзэнтацыя з канцэртам адбудзецца 20 лістапада ў ДК «МАЗ». А пасьля пачынаем працаваць над новым альбомам застольных рыцарскіх сьпеваў.

XS
SM
MD
LG