Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Маскве зь беларускіх выканаўцаў так толкам ніхто і не атабарыўся», — Зьміцер Вайцюшкевіч зазірае ў душы беларуса


Зьміцер Вайцюшкевіч на канцэрце ў Магілёве 11 лістапада
Зьміцер Вайцюшкевіч на канцэрце ў Магілёве 11 лістапада

Вядомы беларускі музыка Зьміцер Вайцюшкевіч спадзяецца, што стаўленьне афіцыйных уладаў да беларускамоўных выканаўцаў зьменіцца і яны будуць безь перашкодаў гастраляваць на радзіме. Калі дзяржава і розныя ахоўныя структуры ў выглядзе АМАПу будуць спрыяць, а не кантраляваць і псаваць настрой, дык ім і надалей давядзецца ахоўваць Меладзэ ці ардэнаноснага Дробыша, — кажа музыкант.

Зьміцер Вайцюшкевіч апавёў Свабодзе пра сваю новую праграму, назваў найбольш прыкметныя падзеі ў беларускамоўным жыцьці і выказаўся пра разьвітальны канцэрт «Крамбамбулі».

Зьміцер Вайцюшкевіч цяпер гастралюе па Беларусі з новай сваёй праграмай «Наша песьня». Яе прэм’ера адбылася сёлета ў чэрвені ў Вільні. Зь ёю музыка наведаў шэраг беларускіх і замежных гарадоў. Днямі выступіў у Магілёве. На канцэрт у грамадзкі цэнтар «Кола» прыйшло больш за пяцьдзясят чалавек.

Пра сваю новую праграму Зьміцер кажа, што яна лірычна-патрыятычная. Гэта спроба, заўважае ён, праз музыку зноў прыгледзецца да дзьвюх (ці болей) душаў беларуса, які жыве між двума полюсамі — афіцыйным і неафіцыйным:

— Гэта такі дыск, дзе сабраныя ў адным месцы песьні «чэсных» і «нячэсных» кампазытараў: Лучанка і Вайцюшкевіча, Вольскага, Багдановіча і Някляева. Хоць Багдановіч мог бы быць далучаны да «нячэсных», але хто яго ведае... Гэта спроба праз музыку, празь песьню зірнуць на жыцьцё чалавека, які нараджаецца, нешта любіць. Потым ён, як кожны малады чалавек, пачынае быць нязгодны зь некім. Бунтуе з мамай ды татам, а потым з сыстэмай. Урэшце ён стамляецца, расчароўваецца ды пакідае радзіму. Пасьля праз свае перажываньні вяртаецца досыць кансэрватыўным ды памірае. А можа, моліцца...

— Зьмітру, ці былі падзеі ў беларускамоўным музычным жыцьці, якія прыцягнулі вашу ўвагу?

— Выдатны канцэрт Лявона Вольскага ў Вільні. На яго прыйшло дзьве з паловай тысячы чалавек, і ня толькі зь Беларусі. Я ведаю, што былі з Бэрліну, зь Беластоку. І, вядома ж, зь Вільні. Я наагул лічу, што такія канцэрты трэба праводзіць у Вільні проста так, бязь візаў. Каб беларусы прыяжджалі і каб літоўцы прывучаліся адкрываць для сябе беларускую песьню, сама мала — радавацца. Бачыцца ў гэтым сяброўскае, суседзкае.

Я толькі з «Бардаўскай восені». Быў там у журы. Там я адкрыў для сябе пару выканаўцаў. Адкрыў па-новаму для сябе талент ужо сфармаванага барда Яўгена Барышнікава. Да адкрыцьцяў году можна дадаць гурт «Наві». Ён таксама выступаў на «Бардаўскай восені».

Я выступаў на афіцыйнай сцэне Беларускай дзяржаўнай філярмоніі ў канцэрце памяці Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна. Як мінімум, не забаранілі, а як максымум — пахвалілі. І Лучанок быў у залі, і Ханок, і Мілінкевіч, і Някляеў. Тое, што я гэтак доўга сьпяваю ў «Нашай песьні», адбылося на гэтым канцэрце. Ніхто нікому не перашкаджаў слухаць песьню беларускую.

Магілёўскі канцэрт
Магілёўскі канцэрт

— Вы згадалі Лявона Вольскага. Яго заява, што ён апошні раз выступае з «Крамбамбуляй» — падзея. Ня часта беларускамоўныя выканаўцы сыходзяць з палітычных прычын, бо не даюць выступаць у Беларусі?

— Найперш — гэта ўсё дужа балюча. Напэўна, будзе нейкая трансфармацыя Лявона ці «Крамбамбулі» ў нейкі новы праекцік, новую ідэалёгію. Лявон ня проста добры музыка ці кампазытар. Ён яшчэ філёзаф. Час заўжды падказвае яму, як пазначаць сябе ў гэтай прасторы.

Можа, для творчасьці ціск — ня так ужо і кепска, але хацелася б, каб такія музыкі, як Лявон, і наагул усе музыкі, маглі адчуваць за сьпінаю падтрымку афіцыйных і неафіцыйных структураў, бізнэсу. Спрыяньне, а не ігнараваньне і забарону.

— Апошнім часам да нас зачасьцілі поп-зоркі з Расеі. У іх грошы, вялікія залі, на канцэрты да іх прыходзіць публіка. Ці ня крыўдна вам, вядомаму беларускамоўнаму музыку, выступаць на радзіме на кватэрніках, сядзібніках, а не ў вялікіх залях?

— З гледзішча суседзтва — дык няхай едуць. Я б хацеў, каб да нас прыяжджалі і госьці з той жа Польшчы, Украіны. Мы з латышоў нікога ня ведаем, акрамя Райманда Паўлса. Хацелася б, каб і мы некуды выяжджалі.

Але так выглядае, што ў Маскве зь беларускіх выканаўцаў, зь беларускай мовай, гэтак толкам ніхто і не атабарыўся. Вядома ж, хацелася б, каб працэсы былі раўнапраўныя ці раўналеглыя.

Але тут мы вяртаемся да папярэдняга пытаньня. Спрыяньня. Калі дзяржава, мясцовая ўлада і розныя структуры, тая ж ахова ў выглядзе АМАПу, будуць спрыяць, а не кантраляваць і псаваць настрой, дык яны і будуць надалей ахоўваць Меладзэ ці ардэнаноснага Дробыша.

Творчы даробак музы́кі Вайцюшкевіча
Творчы даробак музы́кі Вайцюшкевіча

— Няўжо няма бізнэс-структураў, бізнэсоўцаў, якія гатовыя падтрымліваць беларускамоўных выканаўцаў?

— Вядома ж, ёсьць. Прыклад гэтаму — я ці Лявон Вольскі. Зразумела, каб ня бізнэс, мы б вышуквалі нейкія спосабы дзеля выжываньня. Бізнэс, найперш, ён баіцца высоўвацца. Дапамога іншым разам выглядае дзіўна. «Вось табе ў кішэню, і ня трэба выстаўляць лягатыпаў, згадваць на канцэртах». Але падтрымка існуе.

У свой час адна фірма дапамагла «Палацу». Прычым тады гэта не былі ўжо такія вялікія грошы, прыкладна блізу дзесяці тысяч даляраў. За гэтыя грошы купілі інструмэнты. З гэтага жылі «Палац», «Юр’я», «Крыві», WZ-Orkiestra. І дагэтуль прынамсі тры ансамблі існуюць. Гэта тая разовая інвэстыцыя, якая дапамагла, напрыклад, і мне асабіста.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG