Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня сельсавету пра чалавечыя парэшткі пад Віцебскам: «Нічога ня ведаю»


Парэшткі невядомых ахвяраў

Парэшткі невядомых ахвяраў

Віцебскія актывісты падалі заяву ў Сьледчы камітэт пра знойдзенае імі масавае пахаваньне ахвяраў сталінізму.

У лесе каля вёскі Хайсы Віцебскага раёну актывісты знайшлі чалавечыя парэшткі — косткі і чарапы з кулявымі адтулінамі. Спачатку страшныя знаходкі ім паказалі тутэйшыя жыхары, якія і раней знаходзілі косткі ў неглыбокіх ямінах на ўскрайку лесу.

А 28 красавіка віцебскім актывістам і самім давялося сутыкнуцца з жахлівым фактам: у адной зь ям пад яловымі галінкамі былі прыхаваныя косткі, складзеныя ў кучкі. Хто іх выкапаў — невядома, але яшчэ частка костак вытыркалася са жвіру, і ў суседніх ямінах таксама былі відаць чалавечыя парэшткі.

Ян Дзяржаўцаў кажа, што пра гэтую знаходку ўжо пададзена заява ў Сьледчы камітэт ад імя чатырох чалавек:

Ян Дзяржаўцаў

Ян Дзяржаўцаў

«28 красавіка ў ваколіцах вёскі Хайсы былі знойдзеныя парэшткі людзей — ня менш як 50 чалавек. Таксама былі знойдзеныя фрагмэнты адзеньня і абутку з маркіроўкай і датай вырабу, якія могуць быць доказамі таго, што фізычнае зьнішчэньне людзей адбылося не пазьней за 1936, 1937 гады».

Гэта ўжо другі зварот віцебскіх актывістаў у сьледчыя органы з тае самай нагоды. Упершыню заявы ў Сьледчы камітэт, пракуратуру і міліцыю Ян Дзяржаўцаў і ягоныя аднадумцы падалі ў лістападзе мінулага году — як толькі ўпершыню ўбачылі, што чалавечыя косткі фактычна раскіданыя па лесе. З абласнога Сьледчага камітэту паперы перадалі ў Віцебскі раённы аддзел, а там, як стала вядома заяўнікам, крымінальную справу па фактах забойства невядомых асобаў вырашылі не распачынаць. Узнавілі праверку толькі пасьля скаргаў абласному кіраўніцтву. Толькі тады чалавечыя парэшткі, сабраныя папярэдне ў лесе, сьледчыя перадалі на экспэртызу. Спачатку ў Віцебск, а потым у Менск.

Фрагмэнты абутку

Фрагмэнты абутку

Вынікі пакуль не вядомыя, але актывісты чакаюць адказу. Калі вэрсія пра тое, што тут адбываліся «сталінскія расстрэлы», пацьвердзіцца, сябры нядаўна створанай грамадзянскай ініцыятывы пад назваю «Хайсы» зьбіраюцца займацца ўжо сур’ёзным добраўпарадкаваньнем гэтай тэрыторыі. Іхны намер падтрымліваюць і мясцовыя жыхары. Праўда, відавочцаў тых падзей амаль не засталося — хіба толькі тыя, што чулі ад дзядоў ці бацькоў пра перадваенныя расстрэлы ў бліжэйшым лесе.

Маркіроўка — 1936 год

Маркіроўка — 1936 год

Дарэчы, колькі гадоў таму вяскоўцы зьвярталіся ў сельсавет, каб у лесе навялі парадак. Бо грыбнікі пэрыядычна натраплялі на чалавечыя парэшткі яшчэ з 1990-х гадоў. Але мясцовыя ўлады паабяцалі «разабрацца», і на гэтым справа спынілася.

Цяперашні старшыня Мазалаўскага сельсавету Леанід Дубіна сказаў Радыё Свабода, што нічога пра косткі ў лесе ня ведае, а вэрсію пра тое, што гэта могуць быць парэшткі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, лічыць «брудам, які закідаюць у інтэрнэт»:

«Нічога ня ведаю! Гэта калісьці там, зімой, не зімой, нешта там знайшлі... А тое, што нехта там нешта закідае ў інтэрнэт, нейкі бруд — гэта, выбачайце... Ёсьць удзельнікі вайны, якія кажуць, што тут стаяў фронт, ці ня фронт, у 1942-м, 1944-м ці ў якім там годзе. Можа, гэта. І ў Лужасьне канцлягер яшчэ быў. Карацей, тут зараз экспэрымэнты ідуць! Займаецца Сьледчы камітэт. Сьледчыя органы займаюцца. Усё! Больш я вам нічога не тлумачу!»

Што тут шукалі — невядома

Што тут шукалі — невядома

Спадар Дубіна не патлумачыў і таго, чаму ж не ўшанавана належным чынам памяць ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны, калі гэта іхныя парэшткі расьцяганыя па лесе. Хаця — у старшыні сельсавету ёсьць і больш экзатычныя вэрсіі паходжаньня парэшткаў, якія ён агучыў у размове зь Янам Дзяржаўцавым. Актывіст зьвяртаўся да Леаніда Дубіны па дазвол на добраўпарадкаваньне гэтага ўчастку лесу:

Ян Дзяржаўцаў

Ян Дзяржаўцаў

«Мы былі гатовыя ўсё зрабіць самі, каб нам толькі дазволілі. Але спадар Дубіна заўпарціўся: „Вы што, хочаце ў мяне тут нейкі мэмарыял зрабіць? Ня будзе гэтага!“ Казаў, што гэта, магчыма, фашысты праводзілі расстрэлы. А магчыма, гэта былі расстрэлы па сьмяротных прысудах ужо ў савецкі час пасьля вайны!»

Косткі ў зямлі

Косткі ў зямлі

Пакуль мясцовыя ўлады ўхіляюцца ад праблемы з чалавечымі парэшткамі, у лес пад вёску Хайсы пэрыядычна прыяжджаюць «чорныя капальнікі». Пра гэта сьведчаць зусім нядаўна раскапаныя шурфы ў лесе. Мясцовыя людзі кажуць, што марадэраў цікавяць нямецкія салдацкія мэдальёны, за якія можна атрымаць ад замежных сваякоў вялікія грошы, а таксама трафэйная зброя.

А вось чалавечыя косткі або фрагмэнты абутку, у тым ліку жаночага, не вайсковага, іх не цікавяць зусім. Імаверна, «чорныя капальнікі» проста адкідалі іх убок, не знайшоўшы ніякай іншай здабычы, а потым на парэшткі натрапілі віцебскія актывісты.

Дзейнасьць «чорных капальнікаў» у лесе пад Хайсамі — гэта яшчэ адзін аспэкт, якім варта было б зацікавіцца Сьледчаму камітэту.

XS
SM
MD
LG