Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бялкоўскі: Пуцін «вялікі і страшны», таму з гэтых дзьвюх бедаў Захад будзе выбіраць меншую — Лукашэнку


Станіслаў Бялкоўскі

Станіслаў Бялкоўскі

Расейскі палітоляг Станіслаў Бялкоўскі ў перадачы Віталя Цыганкова «Інтэрвію тыдня» тлумачыць, як доўга праіснуе Расея ў цяперашнім стане, ці магчымы ў Крамлі палацавы пераварот і хто каго больш пасьпяхова выкарыстоўвае — Лукашэнка ці Пуцін?

Цыганкоў: Мне здаецца, мы ўжо ў такой сытуацыі, калі інтэрвію можна пачаць пытаньнем — «На вашу думку, як доўга праіснуе Расея ў цяперашніх межах?». Ці бачыце вы варыянты зьмены яе тэрытарыяльнай цэласнасьці — калі казаць больш жорстка, развалу краіны?

Народ, як вядома, памыляцца ня можа — але ў дадзеным выпадку ён памыляецца

Бялкоўскі: Я ня ведаю, колькі часу гэта зойме. Пакуль асноўныя рэгіёны, якія зьяўляюцца кандыдатамі на выхад з Расеі, — гэта рэспублікі Паўночнага Каўказу: Чачня, Інгушэція і Дагестан. Акрамя таго, антытурэцкая кампанія, разгорнутая Крамлём, прывяла да пагаршэньня адносінаў паміж Масквой і цюрскімі рэгіёнамі Расеі. Бо яны на чале з Татарстанам адмовіліся разрываць адносіны з Турэччынай — насуперак пазыцыі Крамля.

Дэструктыўныя працэсы ідуць і высьпяваюць. Але як хутка яны будуць адбывацца і ў якія тэрміны ўсё скончыцца — я, вядома, сказаць не магу. Як і ніхто іншы.

Цыганкоў: Няўжо палітычныя эліты Расеі не разумеюць, што адбываецца і да чаго ўсё хіліцца? Ці проста вір падзеяў настолькі іх захліснуў, што яны ня ў сілах нічога зьмяніць?

Бялкоўскі: Міжнародная і ваенная палітыка вызначаецца асабіста Ўладзімерам Пуціным. І ягоная пазыцыя не супадае з пазыцыяй элітаў. Эліты моцна церпяць ад таго, што адбываецца апошнія два гады, пасьля анэксіі Крыму. Але зрабіць з Пуціным нічога ня могуць, бо ён абапіраецца на падтрымку народу і войскаў. Многія прадстаўнікі элітаў хацелі б выскачыць адтуль тым ці іншым спосабам — але ім не дазваляюць абавязаньні, якія набраліся за доўгія гады.

Цыганкоў: Сацыялёгія паказвае, што большасьць насельніцтва Расеі якраз пазытыўна ўспрымае тое, што адбываецца, падтрымлівае Пуціна і ягоную палітыку нейкімі фантастычнымі працэнтамі. Тым часам палітычная эліта ўпэўненая, што ўсё валіцца і ляціць у тартарары. Хто памыляецца?

Бялкоўскі: Народ, як вядома, памыляцца ня можа — але ў дадзеным выпадку ён памыляецца. Ён ахвяра і закладнік татальнай прапаганды, якая трансьлюецца фэдэральнымі тэлеканаламі.

Эліта памыляецца менш, але няма мэханізму канвэртацыі нездавальненьня ў якія-кольвек палітычныя перамены. Інстытут выбараў адсутнічае, а справіцца з татальнай прапагандай толькі інтэрнэт-рэсурсамі немагчыма.

«Пакуль жывуць фэдэральныя каналы зь іх прапагандай і пакуль існуе цяперашняя палітычная сыстэма — пазбавіцца ад Пуціна цяжкавата»

Цыганкоў: Як лягічна можа скончыцца геапалітыка Масквы апошніх гадоў і месяцаў?

Бялкоўскі: Зразумела, што ўсе гэтыя авантуры наносяць Расеі вялікую шкоду, у першую чаргу — эканоміцы. Але кансэрваваць гэтую сытуацыю Пуцін можа даволі доўга. Эканамісты лічаць, што фінансава можна трымацца яшчэ прыблізна паўтара года. Пасьля гэтага ён вымушаны будзе альбо ўключаць друкарскі станок, альбо пачынаць кампанію па канфіскацыі прыватных актываў, каб затыкаць дзіркі ў бюджэце.

Адзіным рэалістычным сцэнарам зьмены ўлады выглядае палацавы пераварот

Што да палітыка-псыхалягічных аспэктаў, то тут запас трываласьці большы. Пакуль жывуць фэдэральныя каналы зь іх прапагандай і пакуль існуе цяперашняя палітычная сыстэма — пазбавіцца ад Пуціна цяжкавата. Адзіным рэалістычным сцэнарам зьмены ўлады выглядае палацавы пераварот, які могуць ажыцьцявіць толькі людзі, блізкія да Пуціна. Натуральна, імавернасьць гэтага мы ацаніць ня можам — бо калі хто і зоймецца ўвасабленьнем такога сцэнару, то пра гэта мы даведаемся толькі пасьля.

Цыганкоў: А што — такія думкі (пра палацавы пераварот) ужо ўзьнікаюць у атачэньні кіраўніка Расеі?

Бялкоўскі: Так, яны ўзьнікаюць. Але зусім незразумела, як гэта магло б адбыцца. Я, як вы разумееце, ня маю інфармацыі пра тое, як гэта было б магчыма. Але сам Пуцін таксама пра гэта думае, бо няспыннае павелічэньне колькасьці ягонай аховы і зьмены кіраўніцтва службаў бясьпекі наводзяць на думкі, што на душы ў яго неспакойна.

Цыганкоў: Колькі існуе Лукашэнка, вакол яго ідуць спрэчкі — ці ён васал Масквы і справа толькі ў карацейшым ці даўжэйшым павадку, ці ён самастойны палітык, які выкарыстоўвае Маскву гадамі ў сваіх інтарэсах па схеме «газ у абмен на пацалункі». Дык хто каго больш выкарыстоўвае?

«Па меры пагаршэньня фінансавай сытуацыі ў самой Расеі яе каштоўнасьць для Лукашэнкі будзе зьніжацца»

Бялкоўскі: Я думаю, што, безумоўна, Лукашэнка выкарыстоўвае Маскву, а не наадварот. Крэмль ня можа пайсьці на адкрыты канфлікт з Лукашэнкам, бо гэта было б непапулярна і гэта цяжка было б патлумачыць народу. Акрамя таго, для Пуціна важна падтрыманьне фармату Эўразійскага эканамічнага саюзу.

Лукашэнка гадамі праводзіць лінію, каб таргавацца з Захадам і Расеяй адначасова. У гэтым сэнсе ён досыць эфэктыўны. Расея звычайна давала Лукашэнку тое, што ён прасіў — за рэдкім выключэньнем.

Цыганкоў: А ці можа Лукашэнка саскочыць з агульнага цягніка з Расеяй? Пабачыўшы, што Расея можа зацягнуць з сабой у нейкі небясьпечны вір, у нейкія глыбіні, куды яму не хацелася б трапляць

Бялкоўскі: Лукашэнка таксама ня можа цалкам адмовіцца ад асаблівых адносінаў з Расеяй. Бо кожны раз, калі ў яго будуць фінансавыя праблемы, ён вымушаны будзе зьвяртацца ў Маскву. Але па меры пагаршэньня фінансавай сытуацыі ў самой Расеі яе каштоўнасьць будзе зьніжацца, а каштоўнасьць адносінаў з Захадам — узрастаць. Але тады ён вымушаны будзе пайсьці на пэўную дэмакратызацыю свайго рэжыму. А я ня ўпэўнены, што ён да гэтага гатовы.

Цыганкоў: І як ён вырашыць гэтую дылему?

Бялкоўскі: Аляксандар Рыгоравіч займаецца гэтым ужо 20 гадоў. І, я думаю, яшчэ 20 гадоў зьбіраецца гэтым займацца. Ён вырашае праблемы па меры іх узьнікненьня. Вось скончацца грошы ў Расеі — тады ён будзе думаць, дзе ж іх узяць. І калі ўмовай паляпшэньня адносінаў з Захадам і фінансавай дапамогі з Захаду будзе пэўная дэмакратызацыя — то ён на яе і пойдзе. Але, натуральна, ня ў той ступені, каб гэта пагражала ягонай уладзе.

Лукашэнка ня столькі адбіваецца ад расейскай авіябазы, колькі спрабуе прадаць свае паслугі па яе арганізацыі

Цыганкоў: Ці ўдасца Лукашэнку адбіцца ад разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай авіябазы?

Бялкоўскі: Ён, уласна кажучы, ня столькі адбіваецца ад яе, колькі спрабуе прадаць свае паслугі па арганізацыі базы. Калі ён атрымае некалькі мільярдаў даляраў у выглядзе крэдытаў, якія заведама ня будуць вяртацца — то база можа і здарыцца. Ня будзе грошай — ня будзе і базы.

Цыганкоў: Хіба база не разбурыць тое паляпшэньне адносінаў паміж Менскам і Захадам, якое назіралася апошні год?

Бялкоўскі: Увогуле палітыка Пуціна апошнія два гады паляпшае пазыцыі Лукашэнкі ў размовах з Захадам. Паколькі, як заўважыў сам Лукашэнкаў размове з Пуціным вясной 2014 году — «вы, Уладзімер Уладзімеравіч, мяне перадыктатарылі. Цяпер ня я апошні дыктатар, а вы».

Ня тое каб Захад аддаваў перавагу Лукашэнку ў асабістым пляне. Проста Пуцін «вялікі і страшны», а Лукашэнка значна меншы і не такі страшны. Таму з гэтых дзьвюх бедаў Захад будзе выбіраць меншую — Лукашэнку.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG