Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталі вядомыя новыя імёны ахвяраў і катаў Курапатаў


Грамадзкая ініцыятыва «Экспэрты ў абарону Курапатаў» пачала адкрываць новыя старонкі з гісторыі сталінскіх забойстваў. Дакладна вызначанае месца «брамы» дарогі сьмерці пры ўезьдзе ў лес, названыя новыя імёны ахвяраў і іх катаў.

Сябры ініцыятывы паведамілі пра гэта на круглым стале «Новыя знаходкі ды іхні ўплыў на канцэпцыю мэмарыялізацыі Курапатаў», які адначасова стаўся першым паседжаньнем аргкамітэту і журы конкурсу «Курапаты — народны мэмарыял». Удзел у абмеркаваньні ўзялі мастакі, архітэктары, дасьледчыкі гісторыі Курапатаў. На сустрэчу таксама запрасілі прадстаўнікоў Менрайвыканкаму, Міністэрства культуры і адміністрацыяў мясцовых органаў улады. Аднак чыноўнікі грамадзкую ініцыятыву праігнаравалі.

«Галоўная задача — давядзеньне да грамадзкасьці новых фактаў, выяўленых падчас дасьледаваньня тэрыторыі Курапатаў і навакольляў урочышча, з той мэтай, каб мастакі, скульптары і іншыя ўдзельнікі творчага конкурсу маглі ўлічыць іх пры падрыхтоўцы праектаў мэмарыялізацыі», — сказаў сябра ініцыятывы Марат Гаравы. У паведамленьні «Найноўшыя знойдзеныя факты ў гісторыі ўрочышча» Марат Гаравы, у прыватнасьці, сказаў:

«Мы прывыклі да таго, што ўваход з паўднёвага ўсходу ў Курапацкі лес ёсьць ад падземнага пераходу пад абʼязной дарогай з боку Менску. Але ў выніку дасьледаваньня даваенных мапаў мы цалкам адкрылі „дарогу сьмерці“, якая апошняй сваёй часткай уваходзіла ў Курапаты з процілеглага боку — ад шашы Заслаўе — Калодзішчы, з паўночна-заходняга боку ўрочышча. Даўжыня апошняй часткі дарогі сьмерці — 485 мэтраў, і тут месца брамы Курапацкага лесу, а для беларусаў брама — гэта месца адкрыцьця і месца пачатку».

Марат Гаравы паказвае «дарогу сьмерці» на тапаграфічных картах

Марат Гаравы паказвае «дарогу сьмерці» на тапаграфічных картах

Як паведаміў Марат Гаравы, у выніку больш пільнага дасьледаваньня вядомых фактаў з гісторыі Курапатаў, у выніку размоў з жыхаркай вёскі Цна — жывым сьведкам тых падзеяў — у Курапацкую гісторыю ўводзяцца новыя імёны.

«Гэта муж і жонка Жукоўскія зь вёскі Цна-Ёдкава, якія былі забітыя катам Рыгорам Бацяном. Гэта стала вядома празь мясцовых жыхароў, якім пра забойства хваліўся сам кат пасьля пʼянкі, якія заўсёды адбываліся пасьля расстрэлаў. Мы даведаліся больш пра гэтую сямʼю, хоць упершыню пра іх распавёў Зянон Пазьняк.

Таксама ён адкрыў яшчэ адно імя — гэта Цімафей Бацян, старшыня Цнянскага сельсавету, які паказаў сваю чалавечнасьць і грамадзянскую пазыцыю. Бо калі яму загадвалі падаваць сьпісы „ворагаў народа“ зь мясцовых людзей, ён адмовіўся, сказаўшы, што такіх няма. Гэты чалавек, па сутнасьці, — праведнік сьвету. Таму да шэрагу імёнаў ахвяраў і катаў Курапатаў, дзе вядомыя асобы двух гарадзенцаў габрэйскай нацыянальнасьці, дададзеныя імёны сямʼі Жукоўскіх, а таксама ката Рыгора Бацяна, які іх забіваў, і праведніка Цімоха Бацяна».

Вінцук Вячорка адкрывае круглы стол

Вінцук Вячорка адкрывае круглы стол

«Стратэгічная мэта конкурсу, а таксама новых дасьледаваньняў у гісторыі ўрочышча — вяртаньне Курапатаў у народную памяць і грамадзкую дыскусію», — кажа ўдзельнік паседжаньня, сябра ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» Вінцук Вячорка:

«Вельмі важная знаходка, якую зрабілі чальцы ініцыятывы Марат Гаравы і Аляксей Галіч — гэта амаль дакладна вызначаная траса апошняга ўчастку „дарогі сьмерці“ — той дарогі, па якой аўтамабілі НКВД завозілі ва ўрочышча няшчасных ахвяраў. Амаль дакладна вызначанае месца варотаў, празь якія заяжджалі аўтамабілі. І яны апыталі апошнюю сьведку, якая жыве ў вёсцы Цна. Яна расказала, як выглядала тое месца. Вакол урочышча стаяў драўляны плот, падобны да вясковага, але трох мэтраў вышыні. Таксама яна апісала тое, што бачыла, калі дзіцем залазіла пад гэты плот. Там была будка, дзе вісела форма НКВД і ляжаў пачак цыгарэтаў пад назвай „Эпоха“. У тыя часы яны вырабляліся ў Растове-на-Доне. Гэтыя і іншыя моманты і артэфакты дазваляюць амаль дакладна ўявіць, як выглядала жудасная карціна таго, што апошняе бачылі на гэтым сьвеце бязьвінныя ахвяры НКВД. І гэта, безумоўна, вельмі спатрэбіцца для мастацкага асэнсаваньня ў справе мэмарыялізацыі Курапатаў».

Гэта быў першы круглы стол з сэрыі экспэртных зборак у справе абмеркаваньня новых тапаграфічных знаходак ва ўрочышчы, юрыдычных ацэнак цяперашняга стану мэмарыялізацыі Курапатаў як каштоўнасьці, а таксама мастацка-творчага патэнцыялу вобразу Курапатаў.

Удзельнікі таксама ўшанавалі хвілінай маўчаньня памяць дасьледчыка гісторыі ўрочышча і яго абаронцы, нядаўна памерлага старшыні «Хрысьціянскай злучнасьці Курапаты» Вацлава Нямковіча.

XS
SM
MD
LG