Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Замест ложка ў шпітальнай палаце — лаўка ў агульным калідоры»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

2015-ты — гэта год прэзыдэнцкіх выбараў. Пакуль што ў Беларусі нішто не нагадвае пра будучую палітычную кампанію. Нават апазыцыя, ня надта спадзеючыся на ўласныя сілы і магчымасьці, заўважнай падрыхтоўкі не вядзе. А вось у пошце Свабоды гэтая тэма гучыць усё часьцей.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога ліста. Наш слухач Ігар Сімашковіч з пасёлку Ула Бешанковіцкага раёну піша:

«Не перастаю зьдзіўляцца супярэчлівым выказваньням кіраўніка нашай краіны. То ён кажа, што ўжо ўдосталь наеўся прэзыдэнцкага хлеба і нікому не жадае такой долі; то — адкрыта папярэджвае, што нікому аддаваць уладу не зьбіраецца. Неяк крывадушна атрымліваецца, непасьлядоўна.

Увогуле, усе бачаць, што ў выніку некампэтэнтнага кіраваньня краіна зайшла ў эканамічны тупік. Пазалазілі ў даўгі, якія невядома калі і невядома хто будзе вяртаць. Вёска — у заняпадзе. Ледзь ад’едзеш ад гораду — паўсюль кінутыя хаты, занядбаныя калгасныя фэрмы, разбураныя будынкі былых прадпрыемстваў, якія калісьці давалі людзям працу...

Адзінае, чым можа хваліцца ўлада, — тое, што ў нас няма вайны, што ўсё ціха і стабільна. Але ці патрэбна нам такая стабільнасьць убоства і заняпаду?

Нам патрэбна краіна, якая не нагадвае пагост. Неабходна, каб жыцьцё віравала — каб нараджаліся новыя ідэі, каб у палітыцы і грамадзкай дзейнасьці зьяўляліся новыя цікавыя асобы, каб адбываліся прагрэсіўныя зьмены. Але ці магчыма такое пры аўтарытарнай уладзе?»​.

Здараецца, спадар Ігар, што прагрэсіўныя рэформы праводзяць і аўтарытарныя валадары: гісторыя ведае нямала такіх прыкладаў, асабліва ў мінулыя стагодзьдзі. Праўда, цяперашняя беларуская сытуацыя — не з таго пераліку. Марна спадзявацца, што радыкальныя зьмены раптам распачне лідэр, які за дваццаць год свайго валадараньня толькі і рабіў, што стрымліваў любыя рэформы дзеля захаваньня рэжыму сваёй непадзельнай улады. Ды ён і сам не хавае таго, што ніякіх істотных зьменаў у ранейшую палітыку ўносіць не зьбіраецца.

Аўтарка наступнага ліста Тацяна Колышава зь Менску нядаўна вымушана была на ўласным досьведзе пабачыць рэаліі беларускай сыстэмы аховы здароўя. Некаторымі назіраньнямі яна дзеліцца ў сваім допісе. Слухачка піша:

«Калі ты ня плянавы і ня „платны“ хворы, а цябе прывезьлі ў шпіталь на „хуткай дапамозе“ і не адразу ў рэанімацыю — дык амаль напэўна давядзецца прайсьці так званае выпрабаваньне калідорамі. Чаму? Бо ў палатах няма месца. І што рабіць? Выбару ж няма — давядзецца пагаджацца і на калідор.

Але гэта яшчэ ня ўсё. На калідоры вам могуць прапанаваць ня ложак і нават не кушэтку, а звычайную паўтарамэтровую лаўку са сьпінкай для сядзеньня. Што, ногі не зьмяшчаюцца? А вось вам дадаткова крэсла — памесьціцеся. Такім так званымі „ложкамі“ быў запоўнены ўвесь шпітальны калідор, куды я трапіла: памясьцілася восем хворых.

І калі на трэці ці чацьверты дзень цябе нарэшце пераводзяць у пяці- ці шасьцімесную палату, то на астатнія недахопы ты ўжо ня надта зьвяртаеш увагу: думаеш найперш пра тое, каб як сьлед выспацца ды адпачыць ад калідорнага лекаваньня.

Падазраю, што такое ж становішча ва ўсіх нашых шпіталях — ня толькі ў тым, куды трапіла я.

...Замест таго каб абнаўляць ды абстаўляць бальніцы, Лукашэнка марнуе нашы грошы на нікому не патрэбныя лядовыя палацы. Для каго? Хіба для сябе любімага ды для забаў сваіх набліжаных? А можа, настаў час спыніцца? Няблага было б перабудаваць усе гэтыя палацы ў шпіталі».

Перарабіць лядовыя палацы ў шпіталі наўрад ці атрымаецца, спадарыня Тацяна: надта ўжо разнапрофільныя гэта аб’екты. Варта заўважыць, што «лядовае» будаўніцтва ў Беларусі за апошнія гады цалкам спынілася: застаецца недабудаваным новы палац нават на радзіме Лукашэнкі — у Шклове. У дзяржавы больш няма грошай на гэтыя забавы. Дый тыя палацы, якія ўжо пабудаваныя і дзейнічаюць, абыходзяцца бюджэту ў капеечку: у беларускіх умовах ніводзін зь іх прыбытку не прыносіць — адны страты.

І на заканчэньне — ліст-заўвага ад Івана Панкратава з Гомеля. Адгукаючыся на нашу просьбу, слухач так выказваецца пра перадачы Свабоды (цытую):

«У вас на Свабодзе добрыя аналітыкі ў эканамічных пытаньнях. Але вам трэба мець на ўвазе, што далёка ня ўсе людзі здольныя разьбірацца ў тонкасьцях эканамічнай навукі. Ім нашмат бліжэйшая свая хатняя гаспадарка. Збольшага людзі паняцьця ня маюць, што такое „дэфолт“, „інфляцыя“, „дэвальвацыя“. Для простых людзей неабходны, так бы мовіць, „лікбез“ — ліквідацыя непісьменнасьці ў гэтым пытаньні. Перадача хвілін на пяць магла б вырашыць гэтую праблему».

Дзякуй за цікавую прапанову, спадар Іван. Магчыма, ступень эканамічнай неадукаванасьці беларускага насельніцтва вы і перабольшваеце. Што такое інфляцыя і дэвальвацыя, у Беларусі, здаецца, добра ведае кожны: улада не дае пра гэта забываць. Зрэшты, тое, што і пра гэтыя, і пра іншыя эканамічныя зьявы і праблемы трэба гаварыць даходлівай для слухача мовай, — сумневу не падлягае.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG