Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам» – новы асьветны праект Свабоды, прысьвечаны беларускай мове, гісторыі, культуры. Пачынаем зь відавочнага і спрэчнага – з «Георгіеўскай стужкі».

«Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам» – новы асьветны праект Свабоды, прысьвечаны беларускай мове, гісторыі, культуры. Мовазнаўца Вінцук Вячорка распавядае пра рэчы, якія ва ўсіх на слыху, але сутнасьць якіх застаецца схаванай пад пластом мінуўшыны, забабонаў і прапаганды.

Мы даведаемся, што за праблема ўзьнікла з назвай нашай нацыі і краіны, чаму многія беларусы называюць сваіх дзяцей не па-беларуску, дзеля чаго патрэбная беларуская лацінка ды шмат іншага.

А пачне аўтар зь відавочнага і спрэчнага – з «Георгіеўскай стужкі».



Адкуль імя

Вабяць кагосьці
Чужыя стугі і крыжы…

Сяржук Сокалаў-Воюш

Імя Георгі паходзіць ад ст.-грэцкага Γεώργιος, якое ў сваю чаргу ўтворана ад слова γεωργός 'земляроб' (адзін з эпітэтаў Зэўса) і азначае прыблізна 'адданы [Зэўсу-] Земляробу'.
Сьвяты Юры і Цмок. Карціна Паолё Учэлё

Сьвяты Юры і Цмок. Карціна Паолё Учэлё



Гэтае імя масава перанялі іншыя народы – найперш хрысьціянскія праз культ адпаведнага сьвятога. Пры запазычваньні (непасрэдна з грэцкае або праз лацінскую) яно зазнавала істотныя зьмены адпаведна фанэтыцы мовы-рэцэптара: Джордж, Жорж, Хорхэ, Дзёрдзь. У некаторых мовах – у бальшыні славянскіх, у нямецкай і скандынаўскіх германскіх – пачатнае грэцкае γεω- (γιω-) перайшло ў ju-, je-, ji-, jo-, jü-. Адсюль польскі Ежы, чэскі (й)Іржы, ніжненямецкі Юрґен, літоўскі Юрґіс, данскі Ёрн (і бедны Ёрык) ды нашая форма гэтага імя Юры (Юр'я, Юрай, Юрка, Юрась; прозьвішчы Юргелевіч, Юргевіч паходзяць ад іншай формы, магчыма, балцкай). Форма Георгі, якая бытуе ў сучаснай Беларусі, – з расейскай традыцыі ўжываць так званыя кананічныя імёны грэцкага паходжаньня фанэтычна як мага бліжэй да мовы-крыніцы (але ў народнай расейскай практыцы гэтае імя таксама адаптавалася – Юрий, Егорий).
Юрка Віцьбіч

Юрка Віцьбіч

Ці адно і тое самае імя – Георгі і Юры? Этымалягічна і гістарычна – так. Выдатны наш празаік, эсэіст, знаўца гісторыі Юрка Віцьбіч меў хрышчонае і «пашпартнае» імя Георгі (Шчарбакоў), але «Юрка» для яго было не псэўданімам, а натуральным спосабам зьбеларушваньня імя. Кожны Георгі мае права зваць сябе Юры, Юрась. (Аднак з гледзішча пашпартных сталоў гэта розныя імёны, таму калі хочаце ўзаконіць рэбеларусізацыю імя, мусіце прайсьці працэдуру яго фармальнай зьмены.)

Сьвяты Γεώργιος нарадзіўся ў 280 годзе ў Палестыне ў сям'і грэка-хрысьціяніна, быў вайскоўцам, загінуў пакутнай сьмерцю ў 23-гадовым узросьце. Гэты сьвяты супольны для ўсяе прасторы хрысьціянства ў тым ліку як апякун ваяроў. У каталёнскіх рыцараў быў баявы спокліч «Sant Jordi! Firam! Firam!», у ангельскіх – «by George!». У Караткевічавай «Сівой легендзе» Ракутовіч перад бітваю крычыць падобна: «Сьвяты Юры! Русь!» Іншы варыянт баявога юраўскага споклічу паводле Караткевіча – «Юры! Юры! Край! Край!» («Хрыстос прызямліўся ў Гародні»). Ня ведаю, праўда, ці гэта зафіксавана ў крыніцах.

Моўная выснова з сказанага вось якая. Калі мы хочам падкрэсьліць небеларускасьць, прыўнесенасьць абмяркоўванай зьявы, то зьберагаем прыметнік «георгіеўскі». Калі ж гаворым пра свойскія беларускія рэчы – ужываем прыметнік «юраўскі».

Адкуль стужка


Сьвяты Юры (Георгі) фактычна ад пачатку ягонага культу мае свае пазнавальныя колеры.

Выяўляюць яго на белым кані, часта ў белых шатах ці срэбных дасьпехах, у чырвоным полі (на гербах). Прычым як у Эўропе, так і ў Расеі. Адпаведна на сьцягах і харугвах гэтыя колеры перадаюцца паводле вэксылялягічных правілаў: колер асноўнай эмблемы становіцца колерам палотнішча сьцягу, а колер геральдычнага шчыта – колерам дадатковага элемэнту. Так узьніклі сьцягі Ангельшчыны, Генуі, Грузіі – чырвоны сьвятаюраўскі крыж на белым полі.
Сьцяг Ангельшчыны

Сьцяг Ангельшчыны





Кароткая біяграфія грэцкага юнака была ўзбагачаная прыгожаю легендаю. Паводле «Залатой Легенды» Якуба Варагінскага, рыцар Юры вызваліў горад Сылену ў Лібіі ад цмока, забіўшы яго і тым уратаваўшы каралёву дачку Сабру ад прынясеньня ў ахвяру цмоку. (У хрысьціянскім дыскурсе – мэтафара перамогі хрысьціянства над паганствам.) Як тое выглядала, можна пабачыць на мностве сярэднявечных жывапісных твораў, у тым ліку на карціне «Сьвяты Юры і Цмок» Паолё Учэлё (Paolo Uccello, Флярэнцыя, 1430–35, захоўваецца ў Jacquemart-André Museum, Парыж). Герой на белым кані, на ім белая накідка з чырвоным крыжам.

Грузінскія сьцягі падчас урачыстай цырымоніі

Грузінскія сьцягі падчас урачыстай цырымоніі




Наша Пагоня – таксама сьвяты Юры. Першыя нашыя сьцягі з чырвонымі палосамі на белым зьявіліся не пазьней за 1514 год. Вялікае алейнае палатно «Бітва пад Воршай 1514 году» з фатаграфічнай дакладнасьцю ўзнаўляе дэталі тае перамогі. Кожны беларускі рыцар трымае дзіду, на канцы якое – доўгі белы сьцяжок ці вымпэль з паземнаю чырвонаю паласою пасярэдзіне й вэртыкальнаю – бліжэй да дрэўка. Крыж сьв. Юр'я – знак Пераможцы, мэтафара, іншасказ «Пагоні».

"Пагоня" на Вострай Браме ў Вільні

"Пагоня" на Вострай Браме ў Вільні


Вось жа тыя сьцяжкі – белыя, з чырвонаю паласою пасярэдзіне – і ёсьць Юраўскія стужкі, прысьвечаныя наўпрост сьв. Юр'ю. Таму калі хто хоча па-хрысьціянску, па-юраўску ўшанаваць пераможцаў над ворагамі – бел-чырвона-белы сьцяг (стужка) яму ў рукі.

Карціна "Бітва пад Воршай"

Карціна "Бітва пад Воршай"




Сьвяты Юры – адзін са сьвятых апекуноў Беларусі. Ён мае беларускае аблічча і шматвекавую вобразную гісторыю ў нашым народзе. У архаічнай беларускай народнай сьвядомасьці сьв. Юры набываў рысы бога Ярылы. Веснавыя абрадавыя песьні накшталт «Юр'я, адмкні зямлю, Юр'я, пусьці расу» сьведчаць, якую значную ролю адыгрывае жыватворны заступнік зямлі Юры ў беларускім народным календары ды сьветаглядзе. Постаць гераічнага і свойскага сьвятога Юр'я-Ярылы, які і ачольвае Пагоню за ворагам, і ўвесну адмыкае сваімі ключамі Зямлю-Маці, мае для нас фактычна нацыятворчы сымбалізм.

Адкуль колеры

Зорка і крыж расейскага ордэну Сьв. Георгія 1-й ступені

Зорка і крыж расейскага ордэну Сьв. Георгія 1-й ступені

«Георгиевская лента» была важкім складнікам сыстэмы ўзнагародаў Расейскай імпэрыі.

У 1769 годзе Кацярына ІІ ухваліла «Статут вайсковага ордэну Сьвятога Вялікамучаніка і Пераможцы Георгія». Стуга ордэну мела быць «шаўковая з трыма чорнымі і дзьвюма жоўтымі палоскамі».

Яна ўжывалася ў імпэрскую пару вельмі шырока менавіта як асобная паласа тканіны. Была стуга цераз плячо, да зброі, па борце плашча, стужка як самастойны знак узнагароды (з 1913 году; колер дзьвюх палосак на стузе апісваўся ўжо як аранжавы).

Колеры ва ўстаноўчых дакумэнтах не абгрунтоўваліся (зрэшты, не было і тлумачэньня, чаму патронам ордэну абраны менавіта сьв. Георгі). Пазьнейшыя інтэрпрэтатары (обэр-камэргер Р. Літа, 1833 год) прыпісвалі Кацярыне мэтафарычнае мысьленьне:

«Несьмяротная заканадаўца, якая гэты ордэн заснавала, меркавала, што стуга ягоная лучыць колер пораху і колер агню…» Як бачым, сьвяты Георгі-Юры тут ні да чога.
Герб Расейскай імпэрыі

Герб Расейскай імпэрыі

Усё прасьцей. Двухгаловы арол, пазычаны Масквою за Івана ІІІ ці то з Залатой Арды, ці то зь Бізантыі, ці то зь сярэднявечнай Сьвятой Рымскай імпэрыі, быў чорнага колеру на залатым (жоўтым) шчыце або на жоўтым палотнішчы прынамсі з 2-й паловы XVII ст.

У 1722 годзе герб «імпэратарскай мосьці» на замову Пятра І апісаў геральдыст Франчэска Санці: «Поле залатое, ці жоўтае, на якім выяўлены імпэратарскі арол пясочны, г. зн. чорны, двухгаловы…» Значна меншы маштабам герб вялікага княства Маскоўскага – срэбны (белы) сьв. Георгі на чырвоным шчыце – выяўлены на арловых грудзёх. Залатая дзяржаўная пячатка з чорным арлом засталася і пасьля сьмерці Пятра І. У 1742 годзе створаны новы дзяржаўны сьцяг імпэрыі – жоўтае палотнішча і чорны двухгаловы арол.

Такім чынам, галоўныя колеры гербу імпэрыі да моманту заснаваньня ордэну мелі ў Маскве працяглую традыцыю і былі юрыдычна зафікасаваныя. Пазьней, у 1850-я гады, геральдыст Б. Кёнэ фармалізаваў адпаведна аўстрыйскім і прускім стандартам г.зв. гербавыя колеры, якія перадаюць мэталы і эмалі дзяржаўнага гербу Расейскай імпэрыі на сьцягах, сьвяточных дэкарацыях, вайсковай форме і г.д. Герб – выява залатога шчыта з чорным двухгаловым арлом, срэбнымі каронамі, скіпэтрам і дзяржаўным яблыкам, адпаведна геральдычныя гербавыя колеры імпэрыі – чорны, залаты, срэбны. Менавіта такі трыкалёр – чорна-жоўта-белы – быў дзяржаўным сьцягам Расейскай імпэрыі ў 1858–1896 гадах. (Сярэдняя паласа ў дакумэнтах апісвалася і як аранжавая.) У ХХ ст. гісторыя гэтага сьцягу становіцца зусім адыёзнаю: напрыклад, яго выкарыстоўвала Расейская фашысцкая партыя.


Сьцяг Расейскай імпэрыі (1858--1896)

Па іроніі, трэці колер расейскага імпэрскага сьцягу – белы (срэбны), які мае акурат выява Сьв. Георгія (Юр'я) на арловых грудзёх, на «георгіеўскую стужку» не патрапіў. Чорны і залаты пераважалі і на мэталічных знаках узнагароды: «Зорка чатырыкутная залатая, пасярод якой у чорным абручы жоўтае ці залатое поле» (Статут ордэну 1769 г.).
Георгіеўскія крыжы чатырох ступеняў

Георгіеўскія крыжы чатырох ступеняў


Такім чынам, «георгіеўская стужка» мае імпэрскія колеры і не зьвязаная з ушанаваньнем сьв. Георгія-Юр'я Пераможцы. Таму больш карэктна было б называць чорна-жоўтую (чорна-аранжавую) стужку – стужкай расейскага ордэну Сьв. Георгія, а не «георгіеўскай».

Каму давалі і даюць


«Георгіеўскія» ўзнагароды былі баявыя, істотныя для адзначэньня і стымуляваньня ваярскага гераізму.

Наступныя пасьля Кацярыны ІІ расейскія імпэратары ў 1833, 1892 і 1913 гадох зацьвярджалі абноўленыя вэрсіі ордэнскага статуту, дадаўшы да ордэну і Георгіеўскага крыжа ўзнагародную баявую зброю са стугой і «Георгіеўскі» мэдаль.
Ангельская карыкатура на Суворава і Кацярыну ІІ. Варшаўская разьня 1795 г.

Ангельская карыкатура на Суворава і Кацярыну ІІ. Варшаўская разьня 1795 г.



«Георгіеўскія» ўзнагароды давалі ўдзельнікам усіх захопніцкіх каляніяльных войнаў Расеі – у Крыме, на Каўказе, у Цэнтральнай Азіі ды інш. У 1771 годзе ордэн Сьв. Георгія за пасьпяховыя апэрацыі супраць Рэчы Паспалітай – за першы падзел, калі пачаўся захоп Беларусі Расеяй – атрымаў А.Сувораў. Мноства расейскіх афіцэраў, напрыклад, камандзер Асобнага Літоўскага корпусу барон Грыгоры Розэн, афіцэр А.Кірэеў ды іншыя былі ўзнагароджаныя «Георгіем» розных ступеняў за здушэньне вызвольнага паўстаньня 1830–1831 гадоў у Беларусі, Літве і Польшчы.

У 1992 годзе «георгіеўскія» ўзнагароды з чорна-аранжавымі стужкамі адноўленыя як найвышэйшыя вайсковыя ўзнагароды Расеі, статуты ўхваленыя ў 2000 годзе, аднак першыя ўзнагароджаныя зьявіліся толькі ў 2008-м. 13 жніўня гэтага памятнага году (нагадаю: 08.08.08 – апэрацыя супраць Грузіі) Пуцін унёс істотныя зьмены ў статут ордэну: адгэтуль ім узнагароджваюць ня толькі «за абарону айчыны ад зьнешняга ворага», але і за «правядзеньне баявых і іншых апэрацыяў на тэрыторыі іншых дзяржаваў пры падтрыманьні ці ўзнаўленьні міжнароднага міру і бясьпекі».

І тут жа 263 вайскоўцы былі абдораныя Георгіеўскімі крыжамі, а ордэнам Сьв. Георгія – 8 генэралаў і афіцэраў. Усе – за «міратворчую апэрацыю па прымушэньні Грузіі да міру», г.зн. за агрэсіўную вайну супраць Грузіі.


Калодка ці стужка адпаведнага колеру на мундзіры сучаснага расейскага вайскоўца – хутчэй за ўсё, сьведчаньне ягонага чыннага ўдзелу ў той ці іншай каляніяльнай вайне Расеі.



Спалучэньне чорнага і аранжавага – на калодцы скандальнага сьвежазаснаванага расейскім Міністэрствам абароны мэдаля «За возвращение Крыма». Яшчэ адзін мэдаль – «За освобождение Крыма и Севастополя», заснаваны арганізацыяй «Севастополь-Крым-Россия» на чале зь вядомым імпэрыялістам К.Затуліным, – мае на калодцы тую самую «георгіеўскую» стужку.


І мы яшчэ пабачым расейскіх «георгіеўскіх кавалераў» сярод акупантаў Крыму і тэрарыстаў на ўсходзе Ўкраіны.


Мэдаль "За вызваленьне Крыму і Сэвастопаля"



Што сымбалізуе

З пачаткам вайны Сталін адчуў, што на камуністычных лёзунгах змагарнага духу ў войску не дасягнуць.

Савецкі ордэн Славы ІІІ ступені

Савецкі ордэн Славы ІІІ ступені



Каб аднавіць матывацыю расейскім патрыятызмам, былі часткова вернутыя дабальшавіцкія атрыбуты і сымбалі вайсковай арганізацыі: адзінаначальства, афіцэрскія званьні, пагоны. У чэрвені 1942 году ўхваленае палажэньне пра гвардзейскія знакі савецкага флёту, у тым ліку пра стужку «аранжавага колеру з нанесенымі на ёй трыма падоўжнымі чорнымі палосамі», выяву якой наносілі на сьцяг гвардзейскага злучэньня. Ордэн Славы (1943) і мэдаль «За перамогу над Германіяй» (1945) мелі калодкі з трыма чорнымі і дзьвюма аранжавымі палоскамі, а таксама з вузкім аранжавым шлякам паабапал. Асобна такія стужкі ў Савецкай арміі не ўжываліся.


Правобразамі гэтых стужак і калодак былі «георгіеўскія» знакі Расейскай імпэрыі, аднак у афіцыйных дакумэнтах і ў практыцы ўжываўся выключна тэрмін «гвардзейская стужка». За бальшавікоў дзяржаўных узнагародаў імя сьв. Георгія і любога іншага сьвятога не было і быць не магло.


Затое тыя, хто ваяваў на баку нацысцкай Нямеччыны, папоўніцы выкарыстоўвалі імпэрскую «георгіеўскую» сымболіку пад яе імем і насілі стужкі. Узнагароджваў Георгіеўскімі крыжамі з адпаведнаю стужкаю калябаранцкі «Русский корпус на Балканах». Казакі вартавых швадронаў пад камандай генэрала Вэрмахту Пятра Краснова насілі «георгіеўскі» чорна-аранжавы шаўрон у форме кута вастрыём угару. Г.зв. «Русская освободительная народная армия» (РОНА), яна ж 29-я грэнадэрская дывізія СС (Руская №1), якая дзейнічала разам з брыгадай Дырлевангера супраць партызанаў у Беларусі, з 1943 году мела адрозны знак – нарукаўны шчыт з чорным Георгіеўскім крыжам і жоўтымі літарамі «РОНА». Гэта, праўда, ня стужка, але выява адпаведнай узнагароды і яе колераў.



Няма «віны» той ці іншай сымболікі ў тым, што яе выкарыстаў нейкі бок у вайне; так, падчас Другой усясьветнай вайны нацыянальныя колеры некаторых эўрапейскіх народаў бывалі па абодва бакі фронту.


Мы проста фіксуем, што ані словазлучэньне «георгиевская ленточка», ані ўласна асобна ўзятая стужка адпаведных колераў наўпрост не зьвязаныя з Савецкай арміяй ці антыгітлераўскай кааліцыяй.

Георгіеўская стужка на кулямёце

Георгіеўская стужка на кулямёце



У 2005 годзе расейскае дзяржаўнае прапагандысцкае агенцтва «РИА Новости» (раней называлася АПН, цяпер «Россия сегодня») пачало «Народную акцыю «Георгиевская ленточка». Кампанія – складовая частка ідэалягічнага канцэпту затушоўваньня камуністычнага складніку расейскай дзяржаватворчай сьвядомасьці на карысьць імпэрскага. Такая «Георгиевская ленточка» служыць вобразам адноўленай расейскай імпэрскай ідэнтычнасьці на як мага шырэйшай постсавецкай прасторы.
Раздача "георгіеўскіх стужак" стала звычайнай зьявай у Расеі і Беларусі

Раздача "георгіеўскіх стужак" стала звычайнай зьявай у Расеі і Беларусі

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG