Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спроба ваеннага перавароту ў Турэччыне. Галоўнае на гэты час


У ноч на 16 ліпеня група ваенных зрабіла спробу дзяржаўнага перавароту ў Турэччыне. На дадзены момант можна сьцьвярджаць, што путч, хутчэй за ўсё, праваліўся.

Увечары 15 ліпеня прадстаўнікі турэцкіх вайскоўцаў апублікавалі заяву, у якой гаворылася, што «ўлада ў краіне цалкам перахопленая». Заяўлялася, што ўлада знаходзіцца ў руках вайскоўцаў для таго, каб аднавіць канстытуцыйны парадак і вяршэнства закону ў краіне.

Групы вайскоўцаў, якія выступаюць супраць палітычнага рэжыму прэзыдэнта Рэджэпа Эрдагана, перакрылі два масты праз Басфорскую пратоку. Мяцежнікі таксама захапілі будынак Генштабу і тэлеканалы ТРT і CNN Turk, якія пазьней усё ж такі аднавілі вяшчаньне.

У самы разгар дзяржаўнага перавароту канал CNN Turk трансьляваў зварот Эрдагана да нацыі праз FaceTime. Эрдаган заклікаў сваіх прыхільнікаў выходзіць на вуліцы. У спробе перавароту турэцкі лідэр абвінаваціў свайго палітычнага апанэнта, мусульманскага прапаведніка Мухамэда Фэтхулаха Гюлена, які пражывае ў ЗША. Гюлен катэгарычна адмаўляе свой удзел у арганізацыі паўстаньня.

У Анкары і Стамбуле адбыліся сутыкненьні паміж паўстанцамі і ляяльнымі Эрдагану войскамі з удзелам авіяцыі і бранятэхнікі. Паведамлялася пра захоп будынкаў, зьбітыя самалёты і верталёты.

Паводле апошніх зьвестак, падчас сутыкненьняў загінулі 194 чалавекі: 41 паліцэйскі, 2 салдаты, 47 грамадзянскіх і 104 мяцежнікі.

Бліжэй да раніцы стала паступаць усё больш паведамленьняў, якія сьведчаць пра тое, што мяцеж трывае паразу. Мяцежнікі былі выбітыя з будынку Генштабу. Паводле дадзеных СМІ, было арыштавана каля 1500 удзельнікаў ваеннага перавароту. Тэлеканалы пусьцілі ў эфір кадры, як мяцежныя вайскоўцы з узьнятымі ўгару рукамі пакідаюць мост праз Басфор.

Раніцай прэзыдэнт Эрдаган выступіў перад сваімі прыхільнікамі ў Стамбуле, дзе заявіў, што мяцеж пацярпеў паразу і ўрадавыя сілы перамаглі. 29 палкоўнікаў і 5 генэралаў былі вызваленыя ад сваіх абавязкаў міністэрствам унутраных справаў.

Выканальнік абавязкаў кіраўніка Генэральнага штабу Турэччыны Уміт Дандар паведаміў, што завадатарамі спробы дзяржаўнага перавароту былі вайскоўцы з складу ваенна-паветраных сілаў Турэччыны, а таксама ваеннай паліцыі.

Усясьветная супольнасьць выступіла ў падтрымку Эрдагана. Менск таксама выказаў салідарнасьць з кіраўніцтвам Турэччыны, назваўшы дзеяньні мяцежнікаў «здрадніцкай атакай».

На цяперашні час інфармацыя пра пацярпелых у Турэччыне грамадзянаў Беларусі адсутнічае.

Свабода перадавала пра разьвіцьцё падзей у рэжыме онлайн

XS
SM
MD
LG