Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дачка генэрала Андэрса ў Курапатах: Я тут, каб аддаць даніну памяці ахвярам сталінскіх рэпрэсій


У Менск зь неафіцыйным візытам прыехала Анна Марыя Андэрс, польская сэнатарка і ўпаўнаважаны прадстаўнік канцылярыі старшыні ўраду Польшчы па пытаньнях міжнароднага дыялёгу.

Знаўцам гісторыі вядома прозьвішча бацькі Андэрс — генэрала Польскай арміі Ўладзіслава Андэрса, які камандаваў 2-м Польскім корпусам, што вызваляў ад гітлераўцаў паўднёвую Італію і асабліва праславіўся гераічным штурмам гары і кляштару Монтэ-Касіна, дзе палягло шмат палякаў і беларусаў. А ў 1939 годзе генэрал Уладзіслаў Андэрс быў арыштаваны НКУС, сядзеў у сталінскіх лягерах і дажыў да 1941 году, калі ўрад Польшчы ў выгнаньні, які знаходзіўся ў Лёндане, дамовіўся з СССР аб фармаваньні з палонных палякаў арміі для баёў з фашыстамі. Гэтай арміяй даручылі камандаваць Уладзіславу Андэрсу. Праз Касьпійскае мора армія Андэрса была вывезеная з тэрыторыі СССР і далучылася да войскаў саюзьнікаў у Італіі.

9 красавіка Анна Марыя Андэрс наведала Курапаты, дзе ўдзельнічала ў маленьні і ўсклала кветкі да крыжоў памяці ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў. Спадарыня Андэрс адказала па пытаньні беларускіх і польскіх журналістаў.

— Незвычайна ўзрушаная, што знаходжуся ў такім месцы. Быццам адчуваю прысутнасьць тых людзей, якія тут ляжаць. Гэта мой першы візыт ў Беларусь, і маю вялікую надзею, што цяпер, калі маю пасаду міністра і сэнатара, змагу праз гэта зьблізіць Польшчу з вамі. Гэтак атрымалася, што я стала сэнатарам ад 59 акругі, якая была зьвязаная з маім бацькам і якая знаходзіцца блізка ад Беларусі. Таму вельмі спадзяюся на супрацоўніцтва. Увогуле, мой бацька сам быў у зьняволеньні, і я тут знаходжуся таксама дзеля таго, каб аддаць даніну памяці ўсім ахвярам сталінскіх рэпрэсій. Вельмі важна памятаць, што такое адбывалася. Ніколі не забуду мой першы візыт ў Расею пяць гадоў таму, на месцы рэпрэсій, і гэтае наведваньне Курапат, мяркую, таксама ніколі не забуду.

— Аб чым будзеце размаўляць зь беларускімі гісторыкамі, зь якімі зьбіраецеся сустрэцца?

— Найперш аб супрацоўніцтве. Маем вельмі шмат агульнай гісторыі, якую трэба данесьці да моладзі, ў тым ліку гісторыі людзей, якія тут загінулі. Гэта дапаможа навучаньню моладзі. Буду сустракацца з прадстаўнікамі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, з навукоўцамі, гісторыкамі Акадэміі навук Беларусі, з старшынёй дзяржаўнага камітэту па архівах і справаводзтву Уладзімерам Адамушкам, з прафэсарам, дэканам факультэту міжнародных адносін БДУ Віктарам Шадурскім, іншымі гісторыкамі.

— Ёсьць меркаваньне, што ў архівах КДБ Беларусі можа аказацца сьпіс польскіх афіцэраў і прадстаўнікоў адміністрацыі Польшчы, якіх маглі расстраляць на тэрыторыі Беларусі, магчыма, нават ў Курапатах, як гэта адбылося ў Катыні. Ці зьбіраецеся вы задаваць такое пытаньне ў Беларусі?

— Мушу патлумачыць, што знаходжуся тут не як палітычная асоба. Зараз мая мэта найперш ушанаваць памяць ахвяр тут і пад Смаленскам ў Катыні. Але, вядома, пры магчымасьці гэтым таксама буду займацца.

— А як вы лічыце, што перашкаджае адкрыць архівы КДБ, каб даведацца праўды?

— Цяжка адказаць на гэта пытаньне. Скажу пра сябе, што я займаюся палітыкай толькі 3 месяцы, на тое, што было да таго, я ня мела ніякага ўплыву. Але магу вам абяцаць ад усяго сэрца, што гэтая зямля для мяне вельмі дарагая і я буду вельмі моцна намагацца, каб стала вядома больш фактаў, якія пакуль невядомыя. Вельмі шмат што ў нашай гісторыі яшчэ трэба высьветліць.

Вы будзеце ў Катыні ў час гадавіны авіякатастрофы пад Смаленскам. З часу гэтай катастрофы мінула ўжо 6 год. Што вы думаеце пра тое, чаму Расея дагэтуль не вяртае рэшткі самалёту, у якім загінуў прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі?

— Мяркую, ніхто пакуль ня ведае, што там здарылася, рана нешта казаць. Зьбіраемся наведаць Катынь, бо гэтае месца таксама для нас вельмі дарагое. Мусіце зразумець, што мой бацька чакаў сустрэцца з тымі афіцэрамі, ён разьлічваў, што яны далучацца да ягонай арміі. І для яго адной з мэтаў жыцьця пасьля вайны было даведацца, што стала з тымі афіцэрамі. А цяпер аказалася, што побач з той трагедыяй зусім блізка адбылася яшчэ адна. І таму я буду там яшчэ і каб аддаць павагу тым, што там загінуў падчас авіякатастрофы. Асабіста ведала пана прэзыдэнта Леха Качыньскага, была знаёмая зь ягонай жонкай. Ведала апошняга прэзыдэнта міжваеннай Польшчы Рышарда Качароўскага, якога памятаю яго яшчэ з часоў Лёндану, калі была малая. Таксама там шмат загінула маіх уласных сяброў. А што да абломкаў самалёту, чаму не вяртаюць? Ня ведаю. І людзі, якія спрабуюць даведацца праўды пра гэтую трагедыю, магчыма яе даведаюцца, а магчыма ніколі не даведаюцца. Але трэба спрабаваць.

— Шмат беларусаў ваявалі ў арміі вашага бацькі, генэрала Андэрса, таксама тысячы беларусаў ваявалі ў шэрагах Войска польскага. Ці ёсьць у вас зьвесткі, колькі тых вэтэранаў у Беларусі яшчэ жывыя? Магчыма, ім патрэбна нейкая дапамога польскага ўраду?

— Мушу сказаць, што ня маю такога сьпісу. Уласна кажучы, мой кантакт зь Беларусьсю пачынаецца сёньня, але мяркую, што ён будзе працягвацца, хацела б быць тут часьцей, каб высьвятляць такія пытаньні. Шкада, што мы разам не працавалі. Веру ў тое, што дыпляматыя і супрацоўніцтва зробяць гэтак, што нам ўсім будзе лепш.

Паводле польскіх крыніц, 10 красавіка Ганна Марыя Андэрс зь Менску накіруецца ў Катынь і Смаленск, дзе адбудуцца ўрачыстыя мерапрыемствы, прысьвечаныя Катыньскаму расстрэлу і 6-й гадавіне Смаленскай авіякатастрофы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG