Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Шарэйкі: усе задаволеныя, акрамя бюджэту


Ганна Шарэйка пасьля вызваленьня

Ганна Шарэйка пасьля вызваленьня

Цудоўнае вызваленьне проста ў судовай залі экс-дырэктара і экс-«сэнатара» Ганны Шарэйкі ставіць адразу некалькі пытаньняў як перад грамадзтвам, гэтак і перад дзяржавай.

1. Хто адкажа за тое, што чалавека на два гады «выключылі» з жыцьця?

Пачну з таго, што чалавек адбыў амаль два гады за кратамі. Не правёў гэты час на пляжы, лецішчы, на курсах падвышэньня кваліфікацыі, а быў выключаны з нармальнага прадукцыйнага жыцьця гвалтоўна. То бок цягам двух год грамадзтва не атрымала ад яго ніякага ўнёску, толькі траціла час, сілы, матэрыяльныя і маральныя рэсурсы. Гэта нікому ня важна? Добра, нікому.

А што для самой Ганны Шарэйкі? Яна патраціла два гады жыцьця, сьпелага актыўнага жыцьця — на што? Бруд, параша, тварам да сьцяны!

Вядома, цяпер кажа, што нават загартавалася, вось і ў распарадку дня для яе, аказваецца, нічога асабліва не мянялася. А 6-й раніцы падʼём, зарадка, сьняданак і... Але што пасьля «і»? Ну, сядзела, чытала справу, рабіла выпіскі, будавала лінію абароны на судзе. А ў перапынку выходзіла пад канвоем у турэмны дворык, за што «вельмі ўдзячная ветлівым ахоўнікам 1-га СІЗА».

І гэтым мусіць займацца адукаваны, дасьведчаны топ-мэнэджэр у краіне, якая знаходзіцца ў цэнтры Эўропы і нібыта лічыць сябе цывілізаванай і тэхнічна прасунутай? Замест таго, каб як дырэктар фабрыкі вырашаць складаныя вытворчыя пытаньні, замест таго, каб жыць асабістым жыцьцём — вось жа вясельле насьпела! — дык сядзела і чакала дазволу сьледзтва, каб пабрацца шлюбам! Як прыгонная ў якой Салтычыхі!

Прычым — увогуле не дачакалася, не дазволілі!

Дык і гэта — усё нармальна? «Ні на кога не крыўдую», «Адбылася памылка, і яе выправілі», «ня ведаю, ці буду змагацца за адмену прысуду». Значыць, для Ганны Шарэйкі два гады нічога ня вартыя і яна не зьбіраецца патрабаваць кампэнсацыі за перанесены жах, боль, прыніжэньне?

2. Супраць «Ганны» дзейнічаў «засланы казачок»

Добра, пагодзімся, што ёсьць праблема беларускага грамадзтва — відавочна, яно не разабралася пакуль з тым палітычным нявольніцтвам, якое панавала тут у 19-м і асабліва 20-м стагодзьдзях. Плюс ёсьць праблема пэўнага чалавека, які пераканаўся, што яму бесчалавечную сыстэму ніяк не зьмяніць — не па сілах.

«Я цяпер загартавалася» — сказана іншымі словамі пра канчатковую страту ілюзіяў. Але паглядзім: наколькі карысна дзяржаве тое, што адбылося з Ганнай Шарэйкай?

Дырэктары фабрык і па сумяшчальніцтве «сэнатары» ці «дэпутаты» сапраўды напалохаліся. А што ж для іх найперш небясьпечнага ў справе дырэктаркі птушкафабрыкі?

Шарэйка ў судзе казала, што была ананімка, што на фабрыку быў засланы «казачок», які рыў цэлы год і нарэшце нарыў на справу ня толькі супроць яе, а і супроць усяго кіраўніцтва. Гэта два намесьнікі, бухгальтар, асноўны бізнэс-партнэр, яшчэ некалькі адказных супрацоўнікаў. Зь іх хапіла аднаго, які прызнаў віну ды пагадзіўся даць паказаньні — і ўсіх адправілі пад суд.

Выходзіць, што працэс над Шарэйкай і яе калегамі прынцыпова нічым не адрозьніваецца ад працэсу над «Прампартыяй», сфабрыкаванага Лубянкай супроць адмыслоўцаў і гаспадарнікаў на пачатку 30-х гадоў. А калі б быў загад расстраляць, як тых, а ня вызваліць па амністыі — дык хіба беларускі суд ня вынес бы адпаведнага прысуду? Лёгка.

Такім чынам, на пытаньне, як ва ўмовах бяспраўя працаваць цяперашнім «чырвоным» дырэктарам, адказ можа быць адзін — спадзявацца толькі на цуд ды на літасьць галоўнага начальніка. Справа Шарэйкі паказвае, што гэта можа спрацаваць.

Дарэчы, амаль гэтаксама скончылася і справа гендырэктара «Барысаўдрэва» Мальцава. Яго таксама абвінавачвалі ў няправільна праведзеным тэндэры, у вялікіх стратах. Потым ад стратаў адмовіліся, але два гады пакінулі, бо трэба ж захаваць твар сьледзтву, пракуратуры, урэшце — Саўміну. І праз пару месяцаў вызвалілі.

Мальцаў, праўда, зрабіў выснову, што снарад усё ж можа зноў трапіць у адну варонку, і з краіны ўцёк. Працуе недзе ў Расеі ды чуць ня хоча пра вяртаньне на кіроўную пасаду тут.

Ганна Шарэйка пакуль не выключае, што на працу вернецца. Паабяцала ў панядзелак заехаць на фабрыку, сустрэцца з калектывам, які, па ўсім было бачна, яе шчыра падтрымлівае. Але і яна ставіць умову: «Калі мне будуць давяраць»...

Зразумела. Толькі давер як катэгорыя паводзін магчымы ў сапраўдным бізнэсе, а не ў яго імітацыі па-беларуску. Тут на першым месцы — загад некампэтэнтнага і ні за што не адказнага чыноўніка. Загадаюць — зноў пасадзяць, а потым, магчыма, вызваляць і адправяць кіраваць сьвінафэрмай. У такіх умовах эканоміка нармальна працаваць ня можа і будзе паступова дэградаваць. Гэта мы назіраем на розных прыкладах, якіх усё больш. Вось пра што прысуд Ганьне Шарэйцы.

3. Ці прызнае пракурор, што нанёс страты Віцебскай птушкафабрыцы?

І колькі словаў пра тых, хто забясьпечваў справу Шарэйкі. На армію сьледчых, пракурораў, судзьдзяў і штатных стукачоў беларускі бюджэт выдаткоўвае 17,7 трыльёна рублёў. Гэта больш як удвая перавышае траты на войска ці на адукацыю, амаль у 2,5 раза — на ахову здароўя.

Але што бачна на прыкладзе справы Шарэйкі, як раней — Мальцава? Два гады круцілася велізарная машына, у якой вінцікамі працуюць гэтыя сьледчыя, пракуроры, ахоўнікі, судзьдзі. За два гады атрымалі сотні мільёнаў заробку, спалілі на мільёны бэнзіну, патрацілі стосы паперы і канцылярскіх вырабаў. А вынік?

«Штырліцы»-опэры, атрымаўшы ананімку, сачылі за Шарэйкай і яе грамадзянскім мужам Норкусам — атрымалі, пэўна, зоркі на пагоны. Сьледчыя вялі шматтамовую справу ажно на 7 фігурантаў — ужо сталі, відаць, начальнікамі. «Ветлівыя» ахоўнікі пільнавалі ў СІЗА «сэнатарку», яе саўдзельнікаў — атрымалі камплімэнт ад падсьледнай, як выйшла на волю.

Пракурор Мяцельскі ўзяўся весьці справу ў судзе і рабіў гэта «бліскуча», у тым ліку згадваючы пра катэдж дырэктаркі, які ня меў да справы ніякага дачыненьня. Але навошта? Каб празь месяц слуханьняў адмовіцца ад абвінавачаньня ў велізарных стратах? Хоць нічога новага ў судзе ў параўнаньні са сьледзтвам не адбылося, а што страты прыдуманыя, было зразумела адразу пасьля абвяшчэньня абвінавачаньня.

Але і судзьдзя Давыдаў узяўся разглядаць справу, зь якой адразу тырчалі белыя ніткі. Чаму? Значыць, нешта і яму перашкаджала вярнуць справу ў пракуратуру яшчэ да суду як беспэрспэктыўную. А за ім бы пракуроры маглі вярнуць справу сьледчым як недапрацаваную. А там сьледчыя б узялі ў рукі падручнік па эканоміцы і прачыталі хоць раз пра тое, як фармуецца прыбытак, чым адрозьніваецца рынкавая эканоміка ад каманднай.

4. Падвядзем рахункі

Але гэта фантазіі, рэальнасьць жа такая. Стратаў ад Шарэйкі, як прызнаў суд, няма. Затое за час, пакуль яна сядзела на «Валадарцы», Віцебская бройлерная птушкафабрыка зь перадавой і прыбытковай ператварылася ў праблемную, тут затрымліваюць заробкі і скарацілі вытворчасьць. Можа, спадару пракурору ці сьледчым за гэта ўзяць на сябе адказнасьць і добраахвотна адлічваць з заробку за нанесеныя фабрыцы страты?

Яшчэ літоўскі бізнэсмэн Норкус апынуўся на мяжы банкруцтва... Але — гэта зусім ня наша тэма, ён жа не беларускі грамадзянін. Хай радуецца, што празь месяц гэты кашмар для яго скончыцца. Калі яшчэ не перадумаюць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG