Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Справа пахне новым рэфэрэндумам», — у Менску сабраліся дэпутаты Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня. ФОТА


У Менску прайшла сустрэча дэпутатаў Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня з нагоды 20-годзьдзя рэфэрэндуму аб зьмене Канстытуцыі, удзельнікі якой зьвярнулі ўвагу на небясьпеку правядзеньня новага рэфэрэндуму.

У Менску ў гатэлі «Манастырскі» за круглым сталом сабраўся 21 дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня. Два месцы ля стала пакінулі свабоднымі — там паставілі партрэты Генадзя Карпенкі і Віктара Ганчара.

Удзельнікі сустрэчы лічаць невыпадковым зьяўленьне прапановы Лібэральна-дэмакратычнай партыі вынесьці на рэфэрэндум пытаньні аб укараненьні зьмяшанай прапарцыйна-мажарытарнай сыстэмы выбараў у парлямэнт, падаўжэньні паўнамоцтваў Савету Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў да 5 гадоў, прэзыдэнта — да 7 гадоў.

«Справа пахне новым рэфэрэндумам, — лічыць Анатоль Лябедзька, — Пытаньне ў тым, як да гэтага ставіцца. Калі рэфэрэндум будзе, то, хутчэй за ўсё, будзе костачка для Эўразьвязу — напрыклад, увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне. Магчыма, штосьці будзе для палітычных партыяў — зьмяшаная выбарчая сыстэма, якая нібыта будзе разьвіваць шматпартыйнасьць. Але самым галоўным пытаньнем будзе Аляксандар Лукашэнка. Альбо гэта будзе норма пра абраньне прэзыдэнта парлямэнтам, альбо ўвядзеньне 7-гадовых тэрмінаў прэзыдэнцтва».

Такую пагрозу бачыць і Сяргей Калякін:

Сяргей Калякін

Сяргей Калякін

«Будзе, як на рэфэрэндуме 1996 году, прынята тое, што трэба Лукашэнку. Можа, нават зробяць, што прэзыдэнт будзе кіраваць пажыцьцёва — і такое магчыма».

Ацэньваючы падзеі 20-гадовай даўніны, удзельнікі сустрэчы сышліся на думцы, што рэфэрэндум 1996 году быў незаконным, а сутыкненьне паміж Вярхоўным Саветам і Лукашэнкам — непазьбежным.

Міхаіл Пастухоў

Міхаіл Пастухоў

«20 гадоў таму пад выглядам рэфэрэндуму Аляксандар Лукашэнка ажыцьцявіў захоп улады неканстытуцыйным шляхам. Вярхоўны Савет 13-га скліканьня быў апошнім легітымным парлямэнтам Беларусі. Варта прызнаць, што Канстытуцыйны Суд у тых умовах ня выканаў сваёй задачы. Няправільна казаць, што ніхто ня ўзьдзейнічаў на суд. Адразу ж пасьля перадачы подпісаў за імпічмэнт да Валерыя Ціхіні прыйшлі людзі з адміністрацыі, пасьля чаго ён стаў угаворваць суд не ўзбуджаць справу, а пасьля таго як справа ўсё-такі была распачатая, усе намаганьні старшыні суду былі накіраваныя на тое, каб гэтую справу спыніць», — прыгадаў былы судзьдзя Канстытуцыйнага Суду Міхаіл Пастухоў.

Прамаўляе Віктар Хоміч

Прамаўляе Віктар Хоміч

Дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Віктар Хоміч лічыць, што адной з галоўных прычын паразы Вярхоўнага Савету стаў «прававы нігілізм» дэпутатаў, якія кепска ведалі і разумелі дзяржаўныя законы.

«На сорам, некаторыя Канстытуцыю не чыталі. У нас былі слабыя юрысты, і мы не глядзелі на галоўны дакумэнт дзяржавы. Нам ня трэба было важдацца з Канстытуцыйным Судом. Закон даваў права Вярхоўнаму Савету зьмяняць Канстытуцыю. Нам трэба было проста прыбраць з працэдуры імпічмэнту Канстытуцыйны Суд і забыцца на яго, а вярнуць права імпічмэнту парлямэнту. Мы лёгка б прынялі рашэньне аб адхіленьні ад улады прэзыдэнта і забылі гэтую жахлівую гісторыю. Наш прававы нігілізм згуляў з намі злы жарт», — заявіў ён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG